Раім пазнаёміцца з праектам «Суседзі натхняюць!», які распавядае аб праграмах трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча – Беларусь – Украіна» і «Латвія – Літва – Беларусь».
Асноўная іхняя мэта – адказ на выклікі, з якімі краіны-ўдзельніцы праграмаў сутыкаюцца ў сваіх рэгіёнах. Пра паспяховыя праекты здымаюцца невялічкія відэагісторыі, якія дазваляюць бліжэй пазнаёміцца з героямі. Нам падаліся найбольш цікавымі тыя ролікі, якія прысвечаны захаванню супольнай культурна-гістарычнай спадчыны.
«Захаванне і адаптацыя спадчыны князёў Радзівілаў для турызму ў Кедайняі і Нясвіжы»
У касцёле Божага Цела (Фарным касцёле) у Нясвіжы, першым барочным храме ва Усходняй Еўропе, захавалася унікальная пахавальня князёў Радзівілаў. Турыстам у гэтую крыпту дагэтуль трапіць цяжка. Пасля навуковых даследаванняў прынята рашэнне перанесці некаторыя ўнікальныя прадметы з крыпты ў пастаянную экспазіцыю Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”, у замак Радзівілаў, які знаходзіцца ў 500 метрах ад храма. Спецыяльнае выставачнае абсталяванне, закупленае ў рамках праекта, будзе ўстаноўлена пасля рамонту ў замкавай капліцы. Праект рэалізуецца беларускім бокам у цесным кантакце з Кедайняйскім краявым музеем (у літоўскім горадзе Кедайняй размешчаны найбуйнейшы пратэстанцкі храм з крыпты Радзівілаў). Супрацоўніцтва беларускіх і літоўскіх навукоўцаў дапаможа турыстам адкрыць для сябе гісторыю Літвы і Беларусі на маршрутах, злучаных агульнай для іх гісторыяй роду Радзівілаў.
«Актуалізацыя і аднаўленне еўрапейскага культурнага ландшафту на літоўска-беларускай мяжы»
Міхал Клеафас Агінскі, чыё імя вядома ва ўсім свеце, доўгі час жыў і тварыў у сядзібе Залессе (сёння – Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці). Нягледзячы на выклікі часу, сядзіба захавалася і сёння з’яўляецца помнікам сядзібна-паркавай архітэктуры XIX стагоддзя. Парк у свой час быў створаны пры дапамозе вядомых віленскіх батанікаў – Станіслава Юндзіла і Юзэфа Струмілы. Аднаўленне і развіццё паркавага комплексу – адна з найважнейшых задач супрацоўнікаў Музея-сядзібы М. К. Агінскага ў Залессі. У рамках праекта беларускія спецыялісты збіраюцца пераняць досвед сваіх літоўскіх калег (партнёрам выступіла Адміністрацыя Троцкага гістарычнага нацыянальнага парку). Іх, у прыватнасці, цікавяць метады кіравання паркамі горада Ужутракіс, дзе на тэрыторыі маёнтка, які некалі належаў графу Тышкевічу, размясціўся ландшафтна-архітэктурны запаведнік. І ў Беларусі, і ў Літве будуць створаны валанцёрскія цэнтры, якія аб’яднаюць маладых людзей, якія цікавяцца гістарычнай спадчынай.
«Шляхам Тызенгаўза» — стварэнне турыстычнага маршруту з мэтай прасоўвання культурна-гістарычнай спадчыны двух гарадоў: Сакулка і Гродна»
Польскі горад Сакулка размешчаны за 40 кіламетраў ад беларускага Гродна. Іх звязвае многае, у тым ліку асоба Антонія Тызенгаўза – з 1765 года ён кіраваў эканомікай рэгіёна, у які тады ўваходзілі абодва гарады. Праект прадугледжвае стварэнне ўнікальнага трансгранічнага турыстычнага прадукту – веласіпеднага маршруту «Шлях Тызенгаўза» паміж Гродна і Сакулкай працягласцю каля 59 км (26 км – па тэрыторыі Польшчы, 33 км – па Беларусі). Па новым маршруце будуць арганізаваныя чатыры веласіпедныя ралі.
Запланавана рэканструкцыя гістарычных будынкаў – яны будуць несці культурную і турыстычную функцыю. У Саколка адкрыецца турыстычны інфармацыйны цэнтр, а Гродзенскі турыстычны інфармацыйны цэнтр пасля мадэрнізацыі пашырыць спектр паслуг.