На 97-м годзе жыцця памёр акадэмік Радзім Гарэцкі

Ён быў маральным аўтарытэтам і жыццёвым арыенцірам для вельмі многіх людзей. Адзін з тых пра каго гавораць: «Ён стварае Беларусь».

Harecki-radzim.jpg
Радзім Гарэцкі. Архіўнае фота

Радзім Гарэцкі займаўся навуковай дзейнасцю, быў акадэмікам НАН Беларусі, узначальваў МГА «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» з 1993 па 2001 г., лаўрэат безлічы дзяржаўных і замежных прэмій, аўтар прарыўных манаграфій і шэрагу найважных доследаў усепланетнага значэння.

«Ня стала Радзіма Гарэцкага... Калі казаць пра найсьветлага чалавека, зь якім пашчасьціла сустрэцца ў жыцьці і нават, нягледзячы на розьніцу ва ўзросьце, пасябраваць, дык гэта пра Яго... Бывай, дарагі мой Радзім Гаўрылавіч», — напісаў на сваёй старонцы ў Facebook Уладзімер Някляеў.

Навуковых прац, манаграфій, тэктанічных мапаў, вынаходніцтваў і да таго падобнага Радзім Гаўрылавіч стварыў агулам больш за паўтысячы, і карысці яны прынеслі нямала.

З іх дапамогай стала вядома, да прыкладу, пра газаносныя раёны Прыаралля, пра Базайскае радовішча нафты ў Казахстане. Пры непасрэдным удзеле Радзіма Гарэцкага чалавецтва атрымала тэктанічныя мапы Еўропы і Еўразіі, а Беларусь — нацыянальную школу тэктонікаў як вынік шматгадовай працы Інстытута геалагічных навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і дзейнасці кафедры геалогіі на геафаку БДУ, якія ён узначальваў.

Скуль такія глыбокія веды пра далёкія краі? Так атрымалася.

Радзім Гарэцкі нарадзіўся 7 снежня 1928 года ў Мінску. Ён — сын аднаго з заснавальнікаў Акадэміі навук Беларусі Гаўрылы Гарэцкага і пляменнік расстралянага бальшавікамі класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага. Ягонаму бацьку, акадэміку Гаўрылу Гарэцкаму, двойчы выносілі расстрэльны прысуд і двойчы замянялі яго лагерамі, дзе, да шчасця, прыдаваўся яго інжынерна-геалагічны талент, што дазваляла працаваць па спецыяльнасці. Але Радзіму, яго малодшаму сыну, жыць давялося ў высылцы.

Гарэцкія 
Гаўрыла Гарэцкі з братам Парфірам і сынам Радзімам. Магілёў. 3 траўня
 1974 года. Фота: www.movananova.by

Апісаць у адным абзацы ўвесь пакручасты жыццёвы шлях сям’і Гарэцкіх у наступныя пасля арышту 40 гадоў папросту немагчыма. Нават сам Радзім Гаўрылавіч прысвяціў рэканструкцыі жыццёвага шляху свайго бацькі (а заадно і яго брата Максіма Гарэцкага) не адну таўсценную дакументальна-эпісталярную кнігу: гэта і «Браты Гарэцкія»; і створаная на падставе архіваў КДБ, куды ў ліхія 90-я людзей пачалі былі пускаць, «Ахвярую сваім «Я»», і «Акадэмік Гаўрыла Гарэцкі і Ўкраіна»...

«Апантаны Бацькаўшчынай» Радзім Гарэцкі вярнуўся ў Беларусь у 1971 годзе (ягоныя бацькі — на пару гадоў раней), за плячыма маючы досвед жыцця ў месцах з нянаскімі назвамі, накшталт «Тулома» ці «Мядзвежагорск», атрыманую ў Маскоўскім нафтавым інстытуце вышэйшую адукацыю, досвед навуковай працы ў Геалагічным інстытуце Акадэміі навук СССР і доктарскае званне. Узначаліў аддзел, а пазней і Інстытут геахіміі і геафізікі АН БССР, а ў незалежнай Беларусі пабыў віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук і нават прэзідэнтам — менавіта так называлася пасада кіраўніка міжнароднага грамадскага аб'яднання «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» (ліквідавана рашэннем суда ў 2021 г.), якое Радзім Гаўрылавіч узначальваў з 1993 па 2001 гг.  

Бураўкін, Дранько-Майсюк, Гарэцкі
Генадзь Бураўкін, Леанід Дранько-Майсюк і Радзім Гарэцкі, 2011 г. Фота: zbsb.org

Грамадская дзейнасць Радзіма Гарэцкага гэтым не абмяжоўвалася. Ён быў сябрам рады і Таварыства беларускай мовы (ліквідавана рашэннем суда ў 2021 г.), і Таварыства беларускай інтэлігенцыі, і Беларускага фонду культуры, старшыньстваваў у Фондзе братоў Гарэцкіх.

Рэдацыя Budzma.org выказвае шчырыя спачуванні родным і блізкім Радзіма Гаўрылавіча. Смуткуем разам з вамі.