У 1861 годзе ў Беластоку выйшаў антырасійскі твор, які ў 2023 годзе ў Мінску прызналі «экстрэмісцкім». Захаваўся будынак, дзе яго друкавалі

Дзеячы антырасійскай канспірацыі ў 1861 годзе надрукавалі «Гутарку старога дзеда» — вершаваны твор на беларускай мове, у якім быў заклік да паўстання супраць Расійскай Імперыі. Будынак, дзе гэты твор друкавалі, і сёння можна пабачыць у цэнтры Беластока. А ў сучаснай Беларусі за яго распаўсюд можна атрымаць 15 сутак на Акрэсціна, бо ў 2023 годзе твор прызналі «экстрэмісцкім», піша MOST.

Budynak byloj pliabanii, u jakim u 1861 hodzie dziejničala tajemnaja drukarnia Будынак былой плябаніі, у якім у 1861 годзе дзейнічала таемная друкарня. Фота: MOST

«Гутарка старога дзеда» — гэта ананімны вершаваны агітацыйны твор. Ён быў напісаны і распаўсюджаны ў пачатку 1860-х гадоў, калі на землях былой Рэчы Паспалітай грамадскасць пратэставала супраць улады Расійскай Імперыі і рыхтавалася да паўстання, якое выбухнула ў студзені 1863 года. «Гутарка...» простымі словамі і на беларускай мове расказвае пра цяжкае жыццё пад расійскай уладай і пра змаганне польскага грамадства за незалежнасць. Гэта тая ж рыторыка, што ў «Мужыцкай праўдзе» Кастуся Каліноўскага, толькі пададзеная вершам.

Таемна прывёз у Беласток друкарскія прылады

«Гутарку» надрукаваў інжынер-чыгуначнік Браніслаў Шварцэ. Ён нарадзіўся ў 1834 годзе ў Францыі — ягоны бацька быў паўстанцам у 1830 годзе і быў вымушаны эміграваць з Расійскай Імперыі. У 1855 годзе Браніслаў скончыў інжынерную школу ў Парыжы. У 1856 годзе імператар Аляксандр ІІ, на другім годзе свайго кіравання, абвесціў амністыю для былых паўстанцаў — і Браніслаў Шварцэ прыехаў у Варшаву. У 1860 годзе ўладкаваўся на будаўніцтва Пецярбурга-Варшаўскай чыгункі, займаўся будаўніцтвам магістралі ў Беластоку, а пазней працаваў на суседняй станцыі Лапы.

Неўзабаве Браніслаў Шварцэ заклаў у Беластоку падпольную арганізацыю ды заняўся агітацыяй дзеля будучага паўстання. Ён належаў да плыні так званых «чырвоных» — дзеячаў, якія лічылі, што трэба далучаць да барацьбы за незалежнасць шырокія масы сялянаў. Сялянства на Беласточчыне ў той час было пераважна беларускамоўнае. Таму ў пачатку 1861 года Шварцэ таемна прывёз у Беласток друкарскія прылады, і разам са сваім паплечнікам Адольфам Белакозам выдаў вершаваны твор па-беларуску лацінскімі літарамі. У творы быў заклік далучацца да паўстання.

Rukapisnaja kopija «Hutarki staroha dzieda»
Рукапісная копія «Гутаркі старога дзеда». Ягелонская Бібліятэка, BJ Rkp. 9288 III

На вясну, як Бог дасць — гранець

Пранцуз, Паляк з жаўнерамі,

І як Польшча ўся ўстанець —

Ідзём і Мы з Палякамі.

Калі станем з Палякамі,

Будзем роўнымі з панамі,

Усім шчасце Бог нам дасць,

І прападзе Маскоўска ўласць!

«Гутарка...» разыйшлася

З вядомых прычынаў аўтар «Гутаркі» не падпісаў сваё імя. Таму ўжо доўгі час вядуцца спрэчкі наконт таго, хто яе напісаў. У матэрыялах расійскіх спецслужбаў перыяду паўстання ёсць данос, у якім аўтарам твора названы паэт і драматург Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Даследчыкі Яўхім Карскі, Адам Мальдзіс і Вячаслаў Рагойша называлі аўтарам твора беларуска-польскага паэта Вінцэнта Каратынскага. Прафесар Мікола Хаўстовіч лічыць, што аўтарам мог быць нехта з маладых паэтаў, блізкіх да кола Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Вінцэнта Каратынскага і Уладзіслава Сыракомлі.

А вось будынак, дзе «Гутарка...» была надрукаваная — вядомы. Падпольная друкарня дзейнічала ў будынку плябані — доме каталіцкага пробашча — у Беластоку. Гэты двухпавярховы будынак, які збудавалі ў канцы XVIII стагоддзя Браніцкія, захаваўся да сённяшняга часу. Ён знаходзіцца зусім побач з Рынкам Касцюшкі, у пачатку Касцельнай вуліцы побач з архікатэдральным касцёлам. Цяпер у ім месціцца курыя Беластоцкай архідыяцэзіі.

Pliabanija ŭ Bielastoku
Плябанія ў Беластоку, міжваенны перыяд. З калекцыі Bagnówka

«Гутарка...» шырока разыйшлася па землях былой Рэчы Паспалітай. Дзе не дайшлі ўлёткі, якія надрукаваў Браніслаў Шварцэ, твор перапісвалі ад рукі або пераказвалі вусна. Царская паліцыя фіксвала распаўсюд «Гутаркі» ў ваколіцах Полацка і Мазыра. Пісьменнік Мікалоюс Акялайціс пераклаў «Гутарку...» на літоўскую мову і падрыхтаваў яе выданне накладам 10 тысяч асобнікаў у Прусіі. Твор перадрукавалі газеты за межамі Расійскай Імперыі — напрыклад, «Dziennik Literacki», які выходзіў у Львове, які быў у складзе Аўстра-Венгрыі, Царскія ўлады жорстка каралі за распаўсюджанне «Гутаркі» — напрыклад, у Троцкім павеце селяніна Буткевіча выслалі за гэта на катаргу.

«Hutarka staroha dzieda»
Пачатак «Гутаркі старога дзеда», надрукаванай у львоўскай газеце «Dziennik Literacki», № 89, 8 лістапада 1861 года

Браніслаў Шварцэ займаўся канспірацыйнай працай увесь 1861 год і палову 1862 — але расійскія ўлады пачалі яго шукаць. Тады ён стаў хавацца ў Варшаве, аднак там яго выкрылі і арыштавалі 23 снежня 1862 года — за месяц да пачатку паўстання. Спачатку яму прысудзілі кару смерці, потым замянілі яе на пажыццёвае зняволенне, перавезлі ў Шлісельбургскую турму каля Пецярбурга, потым ён трапіў на ссылку ў вёску Тунка за Іркуцкам, дзе ў 1889 годзе пазнаёміўся з 21-гадовым палітычным ссыльным з Віленшчыны Юзафам Пілсудскім, пазнейшым кіраўніком незалежнай Польшчы.

У 1891 годзе Браніслава Шварцэ вызвалілі — ён выехаў з Расійскай Імперыі і жыў у Львове, дзе памёр у 1904 годзе.

Branislaŭ Švarce
Браніслаў Шварцэ, каля 1860 года. Фота: Wikimedia

Як «Гутарка» стала «экстрэмісцкай»

Рэпрэсіі ж за «Гутарку старога дзеда» не скончыліся разам з разгромам паўстання 1863 года. Твор гэты, напісаны на патрэбы палітычнай сітуацыі, на доўгі час быў забыты, пра яго згадвалі толькі літаратуразнаўцы і студэнты філалогіі. Яго час ад часу перадрукоўвалі ў зборніках беларускай літаратуры ХІХ стагоддзя. У БССР цэнзура не забараняла «Гутарку...», бо паўстанцаў 1863 года і аднаго з іх правадыроў Кастуся Каліноўскага шанавалі як барацьбітоў з царскім рэжымам.

Але ў 2023 годзе на «Гутарку...» звярнуў увагу рэжым лукашэнкаўскі. У жніўні 2023 года па заяве гарадской пракуратуры Мінска суд прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» два ананімныя вершаваныя творы 1860-х — «Гутарку старога дзеда» і «Плывуць вятры», у якім апісаны расстрэл царскімі ўладамі патрыятычнай дэманстрацыі 8 красавіка 1861 года ў Варшаве.

Згодна з беларускім «Законам аб супрацьдзеянні экстрэмізму», экстрэмісцкімі матэрыяламі могуць быць прызнаныя сімволіка і атрыбутыка, інфармацыйная прадукцыя, прызначаная для ўцягвання ў экстрэмісцкую дзейнасць і яе прапаганды. Застаецца загадкай, навошта беларуская пракуратура ў 2023 годзе занялася барацьбой супраць уцягвання сялянаў у паўстанне 1863 года.

Аднак гэтае абсурднае рашэнне можа дорага каштаваць беларусам — за распаўсюджанне ці захоўванне «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у Беларусі можна атрымаць штраф у памеры да 20 базавых велічыняў або адміністрацыйны арышт тэрмінам да пятнаццаці сутак у спецыяльна створаным для палітычных арыштантаў рэжыме ўтрымання, які праваабаронцы ацэньваюць як катаванне.

Siabry kluba histaryčnaj rekanstrukcyi Invictus 1863
Сябры клуба гістарычнай рэканструкцыі Invictus 1863 на магіле Адольфа Белакоза, які ўдзельнічаў у друку «Гутаркі старога дзеда», на Фарных могілках у Беластоку, студзень 2025 года. Фота: Беларускі хаб  «Новая зямля» / Facebook