Напярэдадні Сусветнага дня паэзіі ў мінскіх бібліятэках – Дзіцячай бібліятэцы №4 і Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы – адбыліся сустрэчы старшакласнікаў розных школ з маладымі літаратарамі Віталём Рыжковым і Уладзем Лянкевічам.
Хлопцы знаёмілі наведнікаў са сваёй творчасцю, распавядалі пра жыццё, ахвотна адказвалі на пытанні ды тлумачылі, што такое кампанія “Будзьма беларусамі!” і з чым яе ядуць.
Першым выпала выступаць Уладзю Лянкевічу, які прэзентаваў сваю дэбютную кнігу вершаў “70% вады”, якая выйшла ў самым канцы 2013 года і была ўганараваная прэміяй “Дэбют” імя Максіма Багдановіча. Акрамя чытання, Уладзь як вакаліст і гітарыст гурта TonqiXod выканаў некалькі песень.
На жаль, кнігі Віталя Рыжкова “Дзверы, замкнёныя на ключы” ўжо не купіць, і нават сам паэт чытаў свае творы з планшэта. Апроч класічных нумароў Віталя, прысутным пашчасціла пачуць некалькі зусім ранніх вершаў, якія аўтар пісаў ва ўзросце сённяшніх слухачоў. Ці не найбольш школьнікаў закранулі Віталёвы пераклады тэкстаў амерыканскага паэта-слэмера Тэйлара Мэйлі, перадусім такі сабе іранічны маналог настаўніка, які рыхтуе вучняў да цэнтралізаванага тэставання.
Сустрэчы прайшлі ў атмасферы ўзаемнай цікавасці, і выдатна, што дзве амаль не перасякальныя прамыя ўсё ж датыкнуліся адна адной і, здаецца, узаемна спадабаліся.
ул. інф.