Віцебск – адметны беларускі горад, дзе святы – гэта не проста кароткачасовыя масавыя “ўцёкі” ад руціны, а, бадай, аснова іміджу горада. Ці адпавядае змест буйных гарадскіх святаў чаканням гараджан? Напярэдадні Дня моладзі і свята горада вы асабіста маеце магчымасць далучыцца да фармавання праграмы святаў!
Гатовыя спрычыніцца да найбуйнейшых культурніцкіх падзей у Віцебску, даць ім свой крэатыў і натхненне? Самы час паактыўнічаць! Бо аддзел ідэалогіі, культуры і па справах моладзі гарадскога выканаўчага камітэта Віцебска абвяшчае адкрыты прыём заявак на фармаванне праграм святаў! Свае ідэі наконт таго, як можна зрабіць больш адметнымі, цікавымі і запамінальнымі гарадскія святы, агульнымі высілкамі палепшыць культурную прастору горада, можна прадставіць і абмеркаваць 10 чэрвеня на “Кірмашы праектаў” – пляцоўцы, дзе гуртуюцца культурніцкія дзеячы і актывісты. Найлепшыя прапановы ўвойдуць у праграмы святаў на адміністрацыйным узроўні!
“Кірмаш праектаў” – публічная прэзентацыя культурніцкіх ідэй, якую праводзіць грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” у многіх гарадах Беларусі. Тут можна ўдасканаліць сваю задуму, атрымаць парады ад публікі і экспертаў, знайсці аднадумцаў ды партнёраў! Фармат мерапрыемства – так званая “маланкавая размова”, што фактычна выглядае як аповед пра сваю задуму з прэзентацыяй, зробленай у PowerPoint, Keynote, Prezi.com ці іншых сэрвісах, цягам 5 хвілін.
Каб стаць удзельнікам “Кірмашу праектаў”, неабходна да 5 чэрвеня ўключна даслаць прэзентацыю сваёй задумы на электронную скрыню [email protected] па рэкамендаваным плане:
– назва прэзентацыі;
– сутнасць прэзентацыі (што менавіта вы хочаце прадставіць: праект, стратэгію, кампанію, канцэпцыю і г.д.);
– мэты і задачы (чаму і каму гэты праект неабходны?);
– фармат праекта, яго ўнікальнасць і (ці) неабходнасць;
– калі і дзе ідэя мусіць рэалізавацца?
– якія рэсурсы вы ўжо маеце і якія – шукаеце (каманда, дзеянні, партнёры, бюджэт).
Калі вы з тых, каму заўсёды хочацца новых і цікавых рашэнняў для свайго горада, яго культуры, каб не пераседжваць гарадскія святы на прыродзе, а насамрэч атрымаць задавальненне і зрабіць карыснае для горада, карыстайцеся момантам! Прапануйце сваю задуму, і нашая культура стане бліжэйшай да нашых жа патрэб!