Не памылюся, калі скажу, што асноўная ўвага пакупнікоў, ды і гледачоў, скіроўвалася да гандлёвых аб’ектаў спажывецкага таварыства, мясакам
біната, хлебазавода на плошчы ля РДК. Тут не толькі папаўнялі прадуктовыя запасы, але і ласаваліся гарачымі блінамі з розным начыннем, шашлыком, пончыкамі, іншай смакатой, ўдзельнічалі ў бяспройгрышнай латарэі.
Мноствам забаў змаглі скарыстацца дзеці. Іх запрашалі горкі, аўтамашынкі, цір. І ўсё гэта пад “масленічную” праграму ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці раённага Дома культуры, рэжысёрам якой выступіў Аляксей Гайдзель. Дарэчы, сам ён выконваў ролю Ямелі, а пасля песняў, сцэнак і танцаў даў гучную каманду спаліць пудзіла Зімы. Сапраўды, настаў час Вясны.
Заключным акордам свята стаў чарговы этап раённага агляду мастацкай самадзейнасці.
Пакупнікоў цікавілі гандлёвыя рады, што размясціліся па Камуністычнай. Не сказаць, што яны былі значна багацейшымі за звычайны рынак, аднак пакупнікоў прывабілі трактары з дрывамі і машыны са збожжам. Мяшок пшаніцы з ААТ “Туркова” можна было набыць за 82 тысячы рублёў, а 40 кг насеннага ячменю з ААТ “Пад’ельцы” — за 100 чысяч. Спачатку нібы попыту і не было, пакупнікі казалі, што ранавата насеннем займацца, аднак транспарт з гаспадарак потым хутка пусцеў.
