«Работа над Кодэксам аб культуры пачалася прыблізна ў 2011 годзе, калі была сфарміраваная больш дакладна ідэя аб неабходнасці стварэння адзінага нарматыўнага дакумента. У 2013 годзе была складзена канцэпцыя, закончаны так званы папярэдні перыяд работы. Пасля пачалася непасрэдная праца над кодэксам як юрыдычным дакументам. Сапраўды, над ім шчыравалі сотні людзей, а калі ўспомніць актыўнасць грамадскасці, то можна сказаць, што незлічоная колькасць, — пракаментаваў прыняцце Кодэкса міністр культуры Беларусі.
— Кодэкс аб культуры, па-першае, працягвае добрую традыцыю Статутаў ВКЛ: ён зроблены на беларускай мове. Па-другое, працягвае традыцыі кодэкснага мыслення, якое так характэрна для беларускай правазнаўчай практыкі — у нас існавала некалькі кодэксаў да таго, як з’явіўся Кодэкс аб культуры. Па-трэцяе, гэта не нейкае механічнае аб’яднанне дакументаў, якія існавалі раней: а 4 указы Прэзідэнта, 7 законаў у галіне культуры, 20 пастаноў Савета міністраў, 25 Міністэрства культуры, яшчэ шмат так званых падзаконных нарматыўных актаў. Усе яны прыведзены ў сістэму: адзін да аднаго прыстасаваны, скасаваныя паўторы, дададзена тое, што забяспечыла сувязь паміж рознымі пунктамі. Гэты дакумент адрэдагаваны ў адпаведнасці з часам. Напрыклад, такое паняцце як «культура» раней падавалася складаным, хоць можа быць добрым для навукоўцаў. Цяпер яно стала вельмі простым і дакладным: культура — гэта культурная дзейнасць і сукупнасць вынікаў гэтай дзейнасці.
Як я падлічыў, у нас адбыліся недзе 64 грунтоўныя змены, якія ўнесены як рэдагаванне ўсіх дакументаў у галіне культуры. Раней гэта былі стосы папер. Што тычыцца рукапісу Кодэкса аб культуры, то ён будзе займаць 400 ці 500 старонак — вельмі важкая, ёмістая праца. Але ў надрукаваным выглядзе зойме адпаведны фармат, будзе просты ў карыстанні. Наступны крок — зрабіць так, каб у лічбавым фармаце былі перакрыжаваныя спасылкі на падзаконныя акты, датычныя тэмы. Гэта будзе Біблія культуры».