Адэпты «русского мира» накінуліся на святога Губерта — нябеснага заступніка Гародні і галоўны сімвал яе еўрапейскасці. Нагодай стала фота кіраўніка Гродзенскай вобласці Уладзіміра Караніка з сырам «Губерт», упрыгожанага вядомай выявай аленя з крыжом паміж рагоў. Маўляў, цяпер і сыр у гарадзенцаў названы ў гонар чужаземнага біскупа. Ды яшчэ і напярэдадні 17 верасня, што ўжо зусім чысты здзек, на думку прарасійскіх актывістаў.
Хто такі святы Губерт, адкуль у Гродна герб з аленем і чаму «рускамірцаў» аж трасе ад гэтых сімвалаў, расказвае «Салідарнасць».
Фота: gazetaby.com
Заступнік паляўнічых
Святым Губерт стаў не адразу. Нарадзіўся ў прамежак часу паміж 656-658 гг у мясцовасці Брабант, якую сёння дзеляць між сабой Бельгія і Нідэрланды.
Яго бацька Бертран быў герцагам Аквітаніі. Губерт быў старэйшым сынам у сям’і, таму найперш прэтэндаваў на спадчыну бацькі. Але ягоны лёс склаўся іначай. Паводле легенды, пасля заўчаснай смерці жонкі Губерт сыйшоў у лясы, дзе шукаў душэўны спакой у паляванні.
Там і здарылася з ім гісторыя, якая змяніла ягонае жыццё. У Вялікую Пятніцу, калі паляваць забаронена, ён напаткаў у лесе аленя. Паміж рагоў ляснога прыгажуна паляўнічы пабачыў распяцце Хрыста. У той момант ён пачуў голас, які заклікаў яго звярнуцца да Бога — іначай неўзабаве яго будзе чакаць пекла.
Губерт злез з каня і ўкленчыў перад незвычайным аленем. Гэтая сцэна адлюстраваная на многіх гравюрах і карцінах Сярэднявечча.
Гравюра Албрэхта Дзюрэра. Фота: gazetaby.com
Пасля той дзівоснай сустрэчы ў лесе Губерт адрокся ад свецкіх тытулаў, перадаў спадчыну малодшаму брату і выправіўся ў Маастрыхт да біскупа Ламберта.
Там ён прыняў святарства, а пасля смерці Ламберта стаў біскупам Маастрыхта.
Напрыканцы жыцця Губерт стаў першым біскупам Льежа. Тут, у мясцовым храме святога Пятра, захоўваліся яго мошчы, затым іх перанеслі ў бенедыктынскае абацтва ў Амдайн. Гэты дзень, 3 лістапада, лічыцца памінальным днём Святога Губерта.
Дарэчы, асобнае прывітанне невукам-рускаміраўцам: наш герой з’яўляецца агульнахрысціянскім святым, якога шануюць не толькі каталікі, але і праваслаўныя. Так, напрыклад, ён лічыцца мясцовашанаваным святым Брусэльска-Бельгійскай епархіі РПЦ.
Герб, дараваны Бонай Сфорца
Гародня адной з першых сярод гарадоў ВКЛ атрымала Магдэбургскае права. Перашапачаткова права на самакіраванне дараваў гораду вялікі князь літоўскі і кароль польскі Ягайла ў 1391 годзе, а канчаткова магдэбурскае права было зацверджана ў 1496-м прывілеем князя Аляксандра.
Гэты статус даваў права гораду на ўласны герб. Ён, паводле гісторыкаў, быў падараваны Гародні ў 1540 годзе прывілеем каралевы польскай і вялікай княгіні літоўскай Боны Сфорца.
Сімвал свабодалюбнасці гарадзенцаў
Алень на гербе горада азначае адзін з асноўных заняткаў тагачасных месцічаў — паляванне. Горад атачалі пушчы, асноўным трафеем паляўнічых быў алень.
Існуе здагадка пра тое, што гарадзенцы задоўга да прывілея Боны Сфорца абралі сабе герб з выявай аленя Св. Губерта, які быў патронам паляўнічых. Аматары легендаў могуць азнаёміцца з версіяй пра магчымае падарожжа святога ў гарадзенскія лясы, якія летапісцы маглі памылкова назваць Ардэнскімі.
Выява агароджы на гербе нясе ў сабе некалькі сімвалаў. Гэта і перашкода на шляху звера, побач з якой ладзілі засады і лоўчыя ямы. Алень, які пераскокваў праз такую агароджу, рабіўся недасягальным для чалавека.
Ня выключана, што такім чынам гарадзенцы хацелі падкрэсліць свой вольналюбівы характар. Акрамя таго, агароджа з’яўляецца і зашыфраванай старажытнай назвай горада — Горадзен.
Пад Расійскай імперыяй: зубр замест аленя
Пасля далучэння горада да Расійскай імперыі ў 1795-м у выніку апошняга падзелу Рэчы Паспалітай стары герб быў скасаваны. Праз сем гадоў быў зацверджаны герб Гродзенскай губерні: на верхняй частцы шчыта змяшчалася выява вершніка з васьміканцовым крыжам на шчыце («Пагоня»), а ў ніжняй — выява зубра на чырвоным фоне.
У такім выглядзе губернскі герб праіснаваў да 6 красавіка 1845-га, калі вершнік з герба быў прыбраны. У 1878-м была змененая выява зубра, да герба дадалі імператарскую карону, стужкі і дубовае лісце.
Алень на колькі гадоў вярнуўся на герб горада ў ХХ ст., калі Гародня апынулся ў выніку Рыжскага міру ў складзе Польшчы.
«Па жаданні гараджанаў...»
«Па жаданні гараджан на гербавым шчыце застаўся алень св. Губерта — апекуна паляўнічых. Такім чынам, была захаваная шматвяковая традыцыя. Новы герб выкананы на аснове захаваных апісанняў старога і яго відарысаў на сярэднявечных пячатках.
Фота: gazetaby.com
Герб мае форму выразнога раннегеральдычнага шчыта, падзеленага на чырвонае і зялёнае поле — паводле колераў дзяржаўнага сцяга БССР. На фоне шчыта намаляваны залаты алень, які пераскоквае праз агароджу. Шчыт абрамлены залатой паласой».
Гэта апісанне герба ў мясцовай газеце, зацверджанага ў ліпені 1988 года выканкамам Гродзенскага гарсавета народных дэпутатаў.
Праз два гады, 1 кастрычніка 1990-га, быў зацверджаны сучасны герб горада. Ячшэ праз сем гадоў у горада з’явіўся ўласны сцяг.
Фота: grodna.life
А ў нашыя дні, у верасні 2020-га на вуліцы Савецкай з’явілася дэкаратыўная скульптура ў гонар нябеснага заступніка Гародні —святога Губерта. Аўтар — гарадзенскі скульптар Уладзімір Панцялееў.
«У рэшце рэшт дабро перамагае»
Гародня стагоддзямі была вольным еўрапейскім горадам. Доказам таму і наяўнасць Магдэбургскага права, і нябесны заступнік, якога здаўна шанавалі ў Еўропе.
Расійская імперыя з першых дзён панавання адабрала ў гарадзенцаў не толькі даўні герб і прывілеі. Новая ўлада дзесяцігоддзямі вынішчала гістарычную памяць пра цесную сувязь з Еўропай.
Тое самае намагаецца зрабіць і сённяшні ўладны рэжым, пры якім прарасійскія актывісты разгарнуліся ў поўную моц. І пачалося гэта не сёння.
Фота: gazetaby.com
Год таму былы кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч прыгадаў пра спробу ўсталяваць на шпілі Новага замка ў Гародні замест савецкай зоркі флюгер з выявай св. Губерта і аленя з крыжам.
Ідэя належала гарадзенскім гісторыкам, краязнаўцам, журналістам, мастакам і грамадскім лідарам. Яе падтрымаў гарвыканкам, які прапанаваў падрыхтаваць праект вядомаму гарадзенскаму мастаку-кавалю Юрасю Мацко.
Святы Губерт пакуль не змог перамагчы чырвоную зорку. Фота: gazetaby.com
Задума была амаль рэалізаваная, але ў справу ўмяшаліся абласныя начальнікі, прызначаныя з Мінска. Вось як гэты драматычны момант апісвае Аляксандр Мілінкевіч:
— Усё было гатова, і тэлескапічную стралу пачалі высоўваць на самую вяршыню шпіля, але раптам на падварок на добрай хуткасці выехалі аблвыканкамаўскія чорныя «Волгі». Высокія абласныя начальнікі, вельмі разлаваныя на малодшых па рангу, на павышаных танах забаранілі самаўпраўства: «Бо Новы замак — гэта абласная маёмасць!».
Святы Губерт ужо не мог перамагчы чырвоную зорку. Маладая дэмакратыя — у той час рэальна абранае кіраўніцтва горада — тады саступіла абласным прызначэнцам з вертыкалі першага прэзідэнта.
Але прыгожы Губерт Юрася Мацко ўсё роўна вернецца ў Гародню, бо ў рэшце рэшт дабро перамагае.
Чытайце яшчэ: «Не разбіць, не спыніць, не стрымаць!» Пяць фактаў пра «Пагоню» — герб нашых продкаў