Недалёка ад горада Іўе на Гродзеншчыне, на самым беразе ракі Гаўя знаходзіцца вёска, вядомая яшчэ з XVI стагоддзя. За сваю гісторыю мясцовасць змяніла не аднаго гаспадара і не адну назву, зараз — Жамыслаўль.
Маёнтак з рознымі назвамі
Вёска ўзгадваецца яшчэ ў XVI стагоддзі, яна была часткаю валоданняў Яна Зяновіча — Вялікага падстолія літоўскага, кашталяна віцебскага і смаленскага. Згодна даследаванням польскага навукоўца Казімера Нехвядовіча, першапачаткова маёнтак меў назву Кандрацішкі, а мясцовасць звалася Пятроўшчынай. Напрыканцы XVI стагоддзя нашчадкі Яна Зяновіча прадалі валоданні ашмянскаму падкаморніку Стэфану Роска.
У 1684 годзе ўладанні перайшлі да Марціна Жэмлы — падкаморніка ашмянскага. Маёмасць, згодна 14-аму тому Геаграфічнага слоўніка Каралеўства Польскага, ацэньвалася ў 30 000 злотых. Ад тых часоў мясцовасць стала называцца Жэмласлаў, ад прозвішча гаспадара. Мясцовыя жыхары і цяпер часам так называюць сваю вёску. Мясцовасць шмат разоў перапрадавалі, пакуль уладальнікам не стаў Якуб Умястоўскі, які і пачаў перабудоўваць маёнтак.
Тут мусіла паўстаць копія палаца з Варшавы
Працягнуў справу Якуба ягоны сын Казімір. Пры ім былі пабудаваныя па абодвух баках аднапавярховага драўлянага дома ў стылі барока два двухпавярховыя флігелі з цэглы ў стылі класіцызму. Актыўна прапаноўвала ідэі па перабудове маёнта жонка Казіміра Юзэва. Існуюць меркаванні, што менавіта па яе ініцыятыве быў запрошаны вядомы архітэктар польска-італьянскага паходжання Леанарда Марконі з тым, каб зрабіць з маёнтка копію Лазенкаўскага палаца ў Варшаве. У выніку фасады палаца выканалі ў стылі класіцызму, на другім паверсе з’явіліся балконы і шпацырная пляцоўка з поручнямі.
Пасля смерці Казіміра і Юзэфы завяршаў будаўніцтва іх сын Уладзіслаў. Унутранае ўпрыгожванне палаца было скапіравана ім таксама з варшаўскіх Лазенак. Французскім садоўнікам Джэймсам вакол палаца быў закладзены вялізны парк з ліпавымі і каштанавымі алеямі. Тыльная частка палаца выходзіла да штучнага возера, дзе гаспадары, Уладзіслаў з жонкаю Янінаю, і іх госці каталіся на лодках, таму паркавы комплекс назвалі «Венецыяй». Мясцовасць вылучалася не толькі пышным палацам, але і багатай гаспадаркай. У ваколіцах былі капліца, паравая гарэльня, два водныя млыны, валюш, тартак, фабрыка дахоўкі, цагельня.
Быў палац, а стала гімназія
У часы І Сусветнай вайны мясцовасць была акупаваная кайзераўскімі войскамі, пышная сядзіба стала месцам адпачынку для салдат Кайзера, але ў хуткім часе, у ваенныя ліхалецці савецка-польскай вайны, сядзібу разрабавалі. Палац быў спустошаны. Гаспадарыла на пачатку 1920-х гадоў у маёнтку жонка Уладзіслава Яніна. Ёй не ўдалося аднавіць палац з інтэр’ерам, дзяцей у яе з мужам не было, таму Умястоўская вырашыла перадаць маёнтак Віленскаму універсітэту імя Стэфана Баторыя. На базе палаца мусіла паўстаць вышэйшая сельскагаспадарчая навучальная ўстанова з інтэрнатам для студэнтаў, мужчынская і жаночая гімназіі. Сама Яніна пераехала ў Рым і больш не вярталася ў Жэмласлаў.
Прадавалі палац тры разы
У верасні 1939 года Заходняя Беларусь стала часткаю БССР. За савецкім часам Жэмласлаў і стаў Жамыслаўлем. Пазней у палацы знаходзілася кіраўніцтва саўгаса, частка была аддадзеная пад бібліятэку і клуб. У 1990-х гадах тут была кіназала, пошта, нават ветстанцыя.
У маі 2012 года здарыўся пажар, які нанёс моцны ўрон сядзібе, цалкам згарэў дах. За апошнія некалькі год маёнтак тройчы прадавалі. У 2008 годзе здзелка прайшла з парушэннямі і пазней была адменена. У лістападзе 2015 года купіў маёнтак Умястоўскіх іарданскі бізнэсовец, ён хацеў зрабіць там парк-гатэль, праўда, дазнаўшыся пра ўмовы і кошт аднаўлення, больш у Беларусь не вяртаўся. У 2017 годзе палацавы комплекс перапрадалі мінскай фірме «Градзіцель», якая актыўна займаецца аднаўленнем палаца і іншых пабудоваў.
Алесь Масевіч, Budzma.org