Героікай савецкіх часоў была класавая барацьба. Праслаўляліся паўстанні прыгнечаных супраць прыгнятальнікаў-эксплуататараў. Спартак, Уот Тайлер, Іван Балотнікаў, Сценька Разін, Емяльян Пугачоў, Васіль Вашчыла... Сюды яшчэ прыплялі Кастуся Каліноўскага, адно што прамахнуліся з адным аспектам ягонага змагання — антырасейскім. Сялянскіх паўстанняў хапала паўсюль — і ў Еўропе, і ў Масковіі. Але розніца паміж імі была вельмі істотная. У чым сутнасць і прычыны гэтай розніцы, піша Канстанцін Семяновіч.
У чым прычына сялянскіх паўстанняў
Сялянскія паўстанні на ўсім працягу Сярэднявечча і Новага часу былі неад’емнай часткай феадальнага ўстрою ажно да яго ліквідацыі ў ХІХ ст. Іх прычына ўсюды была тая самая — узмацненне эканамічнага ціску. Бо сяляне — абсалютная большасць насельніцтва ва ўсіх краінах даіндустрыяльнай Еўропы — у прынцыпе не адмаўляліся карміць усіх астатніх. Шчыра верылі ва ўстаноўлены Богам парадак: рыцары бароняць, святары ратуюць душу, сяляне — кормяць. Праблема была выключна ў тым, колькі свайго даробку сяляне гатовыя былі аддаваць за абарону цела і душы.
Тры сярэднявечныя саслоўі. Сярэднявечная мініяцюра
У дабрабытныя гады, калі спрыяла надвор’е, добра радзіла зямля, збіраўся багаты ўраджай, пра памер платы ці феадальнай рэнты дамаўляліся яшчэ больш-менш спакойна. Аднак тэндэнцыя з боку абаронцаў-арыстакратаў да яе павелічэння выступала пастаянна, а сяляне таму як маглі супраціўляліся.
Горш станавілася ў крызісныя часы, калі ў выніку непагадзі, войнаў, эпідэміяў плён змяншаўся, а феадалам-уласнікам зямлі не хацелася абніжаць свой узровень спажывання, і натуральным выйсцем было яго падтрыманне за кошт сялянства.
Французская карыкатура 18 ст.
Вось тады справа нярэдка даходзіла да гвалтоўнага супраціву сялянства як акту адчаю.
Параўнанне сялянскага супраціву ў Еўропе і Масковіі
Формы ў розных месцах маглі істотна розніцца, у залежнасці ад краіны і парадкаў, у ёй заведзеных.
Найбольш цікавае параўнанне Масковіі з Еўропай. Акрамя агульнай прычыны і найбольш натуральнага ды паўсюднага спосабу змагання з прыгнётам — уцёкаў ад пана (у Еўропе беглі ў гарады, а ў Масковіі — за ўсходнія і паўднёвыя рубяжы дзяржавы), сялянскія выступы і паўстанні ў Еўропе (у тым ліку ў Беларусі) і ў Масковіі істотна розніліся. Найперш размахам.
Невялікіх, лакальных бунтаў усюды было безліч, але Еўропа не ведала такіх буйных паўстанняў, як па людскім, так і тэрытарыяльным маштабе, што не аднойчы здараліся ў Масковіі: Балотнікава, Разіна ды Пугачова.
Хіба адзіным еўрапейскім выключэннем стала г. зв. Сялянская вайна (Bauernkrieg) у Германіі ў 1524-1526 гадах. Але нечуваны для Еўропы размах яна набыла з-за актыўнага ўдзелу ў ёй, акрамя сялянства, яшчэ гараджан і бяднейшага рыцарства.
Увогуле ў еўрапейскіх сялянскіх паўстаннях пры бліжэйшым іх вывучэнні здзіўляюць дзве рэчы: лакальнасць (менавіта невялікі тэрытарыльны ахоп) і тое, што ўздымалі іх заможныя сяляне. Мелі што губляць, змагаліся за сваё, кроўнае.
Знакамітыя паўстанні, вядомыя па падручніках Жакерыя 1358 г. у Францыі, Уолта Тайлера 1381 г. у Англіі, ахапілі ў асноўным ваколіцы Парыжа і Лондана. У Беларусі і таго менш: Крычаўскае паўстанне 1743-1744 гадоў не выйшла за межы староства, а ягоны кіраўнік Васіль Вашчыла быў заможным чалавекам, вясковым войтам.
А вось яшчэ чыста беларуская рыса: праслаўленыя савецкімі гісторыкамі крычаўскія змагары-паўстанцы, у самы разгар, так бы мовіць, «класавай барацьбы» працягвалі спраўна плаціць падаткі.
Забойства Уота Тайлера на сустрэчы з каралём. 1381 г. Ілюстрацыя з сярэднявечнай хронікі
Ніякага параўнання з расійскімі выбухамі: разіншчынай ці пугачоўшчынай, калі палыхалі тысячы квадратных кіламетраў, здабываліся гарады, а колькасць паўстанцаў сягала сотні тысяч.
Суд Пугачова. Мастак Васіль Пяроў (1875 г.)
Прычыны буйных сялянскіх выступаў у Расіі
Зразумела, даследчыкі задумваліся над прычынамі такіх буйных сялянскіх выступаў у Расіі і ўбачылі іх не ў нацыянальным характары расейцаў, схільных да бунту «бессмысленного и беспощадного».
Як паказалі адмысловыя даследаванні, падаткі і паборы з сялянскай гаспадаркі ў Маскоўскай дзяржаве ўжо ў XVI cт. былі большыя за даходы — дзяржава папросту руйнавала сялянства.
Між іншым, тым тлумачыцца каланізацыйная актыўнасць расійцаў у прычарнаморскім стэпе. Паводле вядомага гісторыка і палітыка Паўла Мілюкова, жыхары Масковіі ўцякалі за мяжу дзяржавы ў голы стэп, бо небяспека татарскіх і нагайскіх наездаў ім здавалася меншым злом у параўнанні з фіскальным ціскам уласнага ўрада. А пры нагодзе ў адпаведныя моманты расійскія сяляне хапаліся за зброю, паўстанне разгаралася як пажар, і патрапілым пад яго дваранам ды царскім служкам сапраўды «неба здавалася з аўчынку».
Канстанцін Семяновіч, Budzma.org