Як дзяўчына 800 гадоў таму рыхтавалася да вяселля? Што ёй рабіць са скроневымі кольцамі: заплесці ў касу, падвесіць да наміткі альбо прабіць вушы? Адкуль да нас вазілі ўпрыгожанні і як рабілі падробкі пад іх? Пра ўсё гэта – у чарговай гісторыі з жыцця Неціміра і Мілаславы ў Менску ХІІ стагоддзя.
Міласлава, нягледзячы на свае 15 гадоў, рыхтавалася да вяселля здаўна, задоўга да памятнай купальскай ночы і скарбу, што для яе “знайшоў” Нецімір. Само па сабе вяселле ў тыя часы – рэдкая з’ява, праз якую чалавек праходзіў, за рэдкім выключэннем, толькі аднойчы ў жыцці, не ў прыклад нам сённяшнім. Адпаведна, і падрыхтоўка да яго – рэч важная, на мяжы з сакральнасцю.
Штодзённая жаночая вопратка таго часу – гэта звычайная ільняная сукня. Абутак… а навошта абутак на кожны дзень, калі на дварэ цёпла? Міласлава хадзіла басанож. Тут жа, на вяселле, усё мае быць па-іншаму. Калі вопратка – то вышываная. Калі чаравікі – то з прыкрасамі (дзякаваць Богу, яе бацька гарбар), калі ўпрыгожанні – дык такія, каб перад самім князем не было сорамна, як той вырашыць завітаць на вяселле ды блаславіць маладых…
Абутак з вышыўкай з раскопак Менску
***
Што такое жаночыя ўпрыгожанні ў ХІІ стагоддзі? Простая культура заўжды капіюе элітарную, таму і расповед пачнём згары ўніз, ад найлепшых прыкрасаў да трывіяльных. Элітарны комплекс прыкрасаў ХІІ–ХІІІ стагоддзяў капіюе візантыйскія аналагі. У выпадку князя – убор самога імператара: гэта барма, дыядэмы, падвескі па баках (усё гэта мы бачым на візантыйскіх манетах і пячатках). Жанчыны з найвышэйшага саслоўя маглі насіць дыядэмы са срэбнымі пласцінкамі, упрыгожаныя каляровымі эмалямі.
Яшчэ адна тагачасная цікавостка – гэта колты, полыя ўпрыгажэнні, што падвешваліся з бакоў да галаўнога ўбору і каштавалі неймаверных грошай. На колтах, зробленых з золата ці срэбра, сустракаюцца выявы фантастычных жывёлаў альбо пакручастыя арнаменты. Унутры колт полы. Навошта? Імаверна, туды маглі змяшчацца пахучыя мазі, і атрымлівалася прыкраса з парфумай, два ў адным!
Колты з Вішчынскага скарбу сярэдзіны ХІІІ стагоддзя (Рагачоўскі раён Гомельскай вобласці)
Пра ўсю гэтую прыгажосць мы ведаем дзякуючы шматлікім скарбам сярэдзіны ХІІІ стагоддзя, схаваным падчас мангольскага нашэсця ў розных старажытнарускіх гарадах. Добры беларускі прыклад – гэта акурат скарб з Вішчына ў Рагачоўскім раёне, дзе стаяла гарадзішча на беразе Дняпра. Імаверна, гаспадары не паспелі ці не змаглі забраць свае каштоўнасці падчас страшэннай навалы, якая прайшлася па Падняпроўі.
***
Гараджане і вяскоўцы капіявалі княжацкі ўбор, як князі капіявалі ўбор візантыйскай эліты. Напрыклад, тыя ж колты маглі вырабляцца ўжо са свінцова-алавяністых сплаваў, полая структура магла захоўвацца, але туды ўжо нічога накшталт парфумаў не закладалі – дарагавата. У гараджанак аб’ектыўна былі большыя магчымасці, чым у вясковых дзяўчат, таму і ўбор больш разнастайны.
Рэканструкцыя пахавальнага ўбору крывічанкі пачатку ХІ стагоддзя са скроневымі колцамі,
уплеценымі ў косы з курганнага могільніка Пагошча (браслаўскі раён Віцебскай вобласці).
Рэканструкцыя М.А. Плавінскага і В.М. Тарасевіч, малюнак В.М. Тарасевіч
Ад сярэдзіны ХІІ стагоддзя, у часы ўжо Неціміравых дачок ды ўнучак, папулярнасць набываюць шкляныя ўпрыгожанні, што прывозіліся з Блізкага Усходу і Візантыі праз Кіеў. Археолагі фіксуюць, напрыклад, зробленыя са шкла бранзалеты і пярсцёнкі. Ці маглі іх рабіць у нас? Ёсць тэорыі, што маглі, але большасць навукоўцаў сёння схіляецца да думкі, што ў Беларусі ў найлепшым разе пераварвалі для сваіх упрыгажэнняў шкло, прывезенае з Усходу. Варыць уласнае яшчэ не ўмелі.
Асобная тэма – пацеркі. Найперш шкляныя, але трапляюцца і бурштынавыя (з Прыбалтыкі), і вырабленыя з горнага крышталю, і з сердаліку, і з фаянсу, і нават з шыферу (з таго самага, што і праселкі з Оўруча). Залатыя ці срэбраныя пацеркі на той час – гэта вельмі прэстыжна! Таму вядомыя толькі адзінкавыя іх знаходкі ў Беларусі. Шкляныя пацеркі маглі адначасна служыць і дробнымі грашыма для разлікаў, таму іх часам знаходзяць у скарбах.
Колт сярэдзіны ХІІІ стагоддзя з гарадзішча Свіслач (Асіповіцкі раён Магілёўскай вобласці)
Цікавым прыкладам біжутэрыі могуць служыць срэбна-шкляныя альбо золата-шкляныя пацеркі. Гэта была імітацыя пад каштоўныя ўпрыгожанні. Майстар браў шкляную трубачку, абкручваў яе срэбнай ці залатой фольгай, зверху накладаў яшчэ адну трубачку, большага дыяметру, награваў і запайваў – атрымлівалася пацерка. Знешне магло падацца, што прадмет сапраўды зроблены з золата, але таго золата ў ім было вобмаль – кавалачак фольгі. Такі варыянт мог быць даступны сярэдняй жыхарцы Менска.
Бісер, драбнюткія шкляныя пацеркі (дыяметр 3-5 мм) – гэта своеасаблівыя стразы таго часу. Іх было шмат, каштавалі яны нядорага. Іх маглі прапускаць праз нітку, маглі нашываць на вопратку ці галаўны ўбор… Археолагі знаходзяць іх у вялізнай колькасці: у пахаванні можа быць і 500, і 600 і 1000 адзінак! Цікава, што ў гарадах часам трапляюцца масавыя знаходкі бісеру… без каналаў для ніткі. Як так? Найхутчэй гэта брак, які з прывезенай партыі выбіралі ўжо на месцы, каб выкінуць альбо аддаць гуляцца дзецям.
Шкляныя бранзалеты з раскопак Менску і іншых беларускіх гарадоў
***
На галаве тагачасная красуня магла мець намітку, якая дажыла разам з вясковым строем ажно да ХХ стагоддзя, альбо вязаную шапачку па форме галавы ці хустку. Калі шапачкі зрэдку знаходзяць археолагі, то скуль мы ведаем пра наміткі? З размяшчэння металічных прыкрасаў у пахаванні, якія падказваюць форму галаўнога ўбору. Шапачкі, дарэчы, – гэта фармат “унісэкс”, які насілі і хлопцы, і дзяўчаты: шаблон быў просты, а далей можна было пагуляцца з вышыўкай, бісерам ці скроневымі кольцамі.
Дарэчы, пра скроневыя кольцы. Чаму скроневыя? Бо насіліся пры скронях, прапускаліся праз стужку, прымацоўваліся да галаўнога ўбору, упляталіся ў косы. Археолагі яшчэ ў ХІХ стагоддзі сышліся на тым, што скроневыя кольцы – гэта племянны маркер: свае тыпы ў крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў ды іншых славянскіх груповак. Але і тут не ўсё так проста: адно племя магло мець адразу некалькі розных тыпаў. Рабілі гэтыя кольцы з бронзы ці срэбра (зазвычай нізкапробнага). Як і большасць іншых прыкрасаў, скроневыя кольцы, імаверна, не насіліся штодня: гэта нязручна і рызыкоўна, а раптам згубіш каштоўнасць?
Фаянсавыя і золаташкляныя пацеркі з Гараўлянскага скарбу сярэдзіны ХІ стагоддзя
(Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці)
***
А што з пірсінгам, прабітымі вушамі ды іншымі “інтэрвенцыямі” ў цела тагачасных дзяўчатаў? Ёсць выпадкі, калі скроневыя кольцы знаходзяць і ў вушах – проста ў кавалку захаванай часам скуры… Што да хлопцаў, то завушніцы – гэта варажская альбо качэўніцкая мода. Хрэстаматыйнае сведчанне гэтага – апісанне кіеўскага князя Святаслава Ільвом Дыяканам падчас Балгарскага паходу ў 971 годзе: з чубам ды кальцом у вуху.
Але ў крывіцкіх і дрыгавіцкіх курганах мужчынскія завушніцы не трапляюцца. Відаць, сам спосаб нашэння кальца ў вуху мог знікнуць на нашых землях разам з вікінгамі: разам са сваімі нашчадкамі яны проста асіміляваліся, расчапіліся на атамы ў мясцовым генетычным і культурным моры. Сваіх жанчын з Поўначы яны прывозілі зрэдку, зазвычай бралі мясцовых, таму і слядоў на будучыню па сабе не пакінулі. Варта дадаць, што і для скандынаваў Візантыя са сваёй высокай культурай была прыкладам, таму эстэтычны вектар для пераймання быў скіраваны на Поўдзень.
Скрутак срэбных крывіцкіх скроневых колцаў з Гараўлянскага скарба сярэдзіны ХІ стагоддзе
(Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці)
Паўночна-заходні кірунак у комплексе ўпрыгожанняў на той час – гэта балцкія прыкрасы, вырабленыя на берагах “Варажскага мора”. Гэта могуць быць фібулы, а могуць быць бранзалеты са змяінымі галовамі на канцах. Тэма цмокаў і вужакаў у нашай народнай культуры хай і праіснавала яшчэ доўгі час пасля хрысціянізацыі, але нават у ХІІ стагоддзі ў Полацкай зямлі ўжо адлівалі хрысціянскія крыжыкі-энкалпіёны, тым часам як у балтаў яшчэ цвёрда захоўвалася “змяіная мода”.
***
…Калі да вяселля ўсё было гатовае, а бацькі пра нешта паўшэптам дамаўляліся за дзвярыма, Міласлава, ужо ўбраная належным чынам, не знаходзіла сабе месца ў маленькім пакойчыку хаты. На яе галаве – расшытая каляровым бісерам шапачка, на шыі – безліч пацерак, што назбірала маці, на кожным запясці – па бранзалеце са змяінымі галовамі, тканы пас зашпілены лірападобнай спражкай, на нагах – упершыню ў жыцці – сапраўдныя скураныя чаравікі, расшытыя жоўтай і чырвонай ніткамі.
Што ж не дае спакою маладой? Час ужо ісці ў царкву… У яе далонях, поўных трымцення і няўпэўненасці, ззяюць у праменях жнівеньскага сонца, якое пракралася ў пакойчык праз маленькае акенца, тыя самыя срэбраныя завушніцы – падарунак Неціміра ў купальскую ноч. Чаму ж яны ў далонях, а не на ёй? Срэбра – вельмі каштоўны метал, такім завушніцам пазайздросцілі б і суседзі, і сёстры, і нават рудабароды поп з закуранай драўлянай цэркаўкі.
Усё проста: бацькі Мілаславы прывандравалі ў княскую сталіцу з Лагожаска (сённяшні Лагойск) яшчэ ў часы Усяслава, бацькі Глеба. Калі Менск знаходзіцца на памежжы крывічоў ды дрыгавічоў, то Лагожаск – адназначна крывіцкая зямля. Адтуль бацькі ўзялі з сабой няхітры скарб, што змясціўся на адным возе, і… традыцыйныя скроневыя кольцы іхнага племені – медную драцінку з завязанымі канцамі, толькі і ўсяго. Паводле звычаю маладая мелася ісці да вянца менавіта з матчынымі прыкрасамі, якую б прыгажосць ні падарыў ёй мужчына. Але як так? Калі яна яшчэ надзене срэбраныя завушніцы? І ці надзене калі наогул?
Рэканструкцыя пахавальнага ўбору дзяўчынкі-крывічанкі сярэдзіны ХІ стагоддзя
з курганнага могільніка Наўры (Мядзельскі раён Мінскай вобласці).
На галаву дзяўчынкі была апранутая шапачка, расшытая бісерам.
Рэканструкцыя М.А. Плавінскага і М.І. Сцяпанавай, малюнак М.І. Сцяпанавай
Міласлава не ведала адказаў на гэтыя пытанні, таму слёзы міжволі каціліся па бялюткіх шчоках, спадаючы на чырвона-чорную вышыўку сукні і ўтваралі драбнюткія плямкі, што сохлі і рабіліся незаўважнымі амаль тут жа. А магчыма, яна плакала зусім не праз гэта, а таму, што дзяцінства і маладосць так і скончыліся не пачаўшыся, наперадзе – пакутнае жыццё ў чужым доме, дзеці, праца ў хаце, праца ў полі, праца да самай смерці…
***
Тым часам Нецімір з бацькамі ўжо чакалі ця царквы. Бацька выглядаў пахмурым і засяроджаным, нібы адчуваў нешта нядобрае. Час ад часу адно казаў, што сын надта паспяшаўся, і калі б троху пачакаў, мог бы ісці да шлюбу ўжо ў мураваным храме, будоўлю якога акурат пачаў князь Глеб. А так давядзецца туліцца ў цеснай драўлянай цэркаўцы, без прытвораў, роспісаў, усяго з адной апсідай. Зрэдку бываючы ў Полацку і заходзячы ў светлую прасторную Сафію, ён верыў, што гэта дом Божы, а тут… Зрэшты, магчыма, бацька думаў ці згадваў пра нешта сваё, а пра царкву казаў толькі для адводу вачэй. Такі ён – усё жыццё сам у сабе.
Вішчынскі скарб сярэдзіны ХІІІ стагоддзя (Рагачоўскі раён Гомельскай вобласці)
Нецімір не мог ведаць бацькавых думак, моўчкі слухаючы нараканні. Не ведаў ён і пра траціну шыйнай грыўні, здабытую некалі ў паходзе, якую бацька дастаў са схованкі, каб даць рудабародаму святару: каб той адслужыў годна, прыгожа, паклаў у кадзіла сапраўдны ладан, а не дзіўную сумесь, што дыміла, але пахла зусім не па-райску. Хлопцу хапала таго, што ён надзеў пас з бліскучымі меднымі накладкамі, вышытую маці і сястрой палатняную кашулю, зашпіленую фібулай, сапраўдныя боты з высокімі халявамі, а не звыклыя скураныя поршні. Ён дамогся свайго, што яшчэ трэба?
Нарэшце, на іншым канцы высланай дошкай вуліцы, паказаўся натоўп – гэта бацькі Мілаславы з роднымі ды суседзямі. А значыць, зараз яны пераступяць парог царквы, дзе ўжо вісіць туманам дым ад свечак і ладану, чутно, як распяваюцца пеўчыя, а поп, мабыць, прымружваючы вочы, чытае таўшчэзную кнігу на медных зашпільках – рыхтуецца да службы. Недзе там, за зашмальцаваным босымі нагамі і чаравікамі менчукоў парогам, пад суворымі позіркамі святых са змучанымі абліччамі, так блізка і так далёка – новае жыццё.
Мікалай Плавінскі, Алесь Кіркевіч
Малюнкі – Кацярына Фурс