«Усе гэтыя сваркі, звадкі, спрэчкі паміж беларусамі і ўкраінцамі зараз, на маё меркаванне, не да месца. Зараз той час, калі трэба дадаваць энергіі, а не адымаць».
Год вайны паміж Расіяй і Украінай, вядома, не мог не закрануць і беларуска-украінскія культурніцкія стасункі, і беларускае культурніцкае жыццё, калі вайна наўпрост закранула само беларускае жыццё як такое. Культурніцкі дзеяч, кіраўнік Б*л*р*скай р*ды к*льт*ры Сяргей Будкін разважае на гэтую тэму ў гутарцы з Budzma.org.
Ускладненне, паглыбленне падзелу і дапамога
Адно з відавочных наступстваў вайны ва Украіне — ускладнне умоў існавання беларускай культуры. Фактычна, беларускія творцы пазбавіліся як расійскага, так і ўкраінскага рынкаў. З другога боку, моцна пацярпела значная частка беларускіх творцаў, якія ратаваліся ад пераследу менавіта ва Украіне. Шмат хто лічыў Украіну блізкай, шмат хто ладзіў там свае праекты, нейкія справы ў калабарацыі з украінскімі творцамі. Вельмі шмат ёсць прыкладаў, калі беларусы спачатку беглі са сваёй краіны ад рэпрэсій, а потым беглі з Украіны ад вайны — з сем’ямі, без рэчаў, без пашпартоў, без грошай, з замарожанымі рахункамі і г.д. І вайна яшчэ больш беларусаў падзяліла — ясна, на чыім баку аказаліся «рэжымныя» дзеячы ад культуры.
Але было і імгненнае рэагаванне. Ну вось самы яскравы прыклад, калі заснавальнікі Свабоднага тэатру Наталля Каляда і Мікалай Халезін спрадзюсавалі новую песню Pink Floyd «Hey Hey Rise Up» з удзелам Андрэя Хлыўнюка з гурта «Бумбокс». Гэты сусветны хіт — у яго на YouTube зараз больш за 11 мільёнаў праглядаў — з’явіўся шмат у чым дзякуючы працы беларусаў, іхная ідэя пакласці ўкраінскую «Ой у лузi червона калина» на музыку Pink Floyd спадабалася і Дэвіду Гілмару, і Андрэю Хлыўнюку. Хаця пра ўдзел беларусаў у гэтым часта як бы забываюць.
Таксама ў першыя дні быў створаны Міжнародны рух салідарнасці творцаў, які быў ініцыянаваны беларускімі арт-менеджарамі, які аб’яднаў шмат культурніцкіх дзеячаў.
Ці возьмем валанцёрства. Усе, напэўна, помняць марафон Яны Шостак на мяжы Польшчы і Украіны з першых дзён вайны.
Да падтрымкі Украіны спрычынілася, зразумела, і Б*л*р*ская р*да к*льт*ры разам з іншымі ініцыятывамі. Кампанія «Беларусь за Украіну» распавядала, паказвала свету, што Беларусь не ёсць рэжым. Ад сцікераў і плакатаў да кампаніі ў TikTok з пяццю мільёнамі праглядаў па хэштэгу. Вельмі шмат рабілася, каб трымаць узровень камунікацыі — праводзіліся тыя ж кампаніі па захаванні назваў беларускіх вуліц ва Украіне, назваў станцый метро, твораў беларускіх пісьменнікаў.
У прынцыпе, стваральная энергія — асабліва ў першыя некалькі месяцаў вайны — беларускіх творцаў была накіраваная выключна ў бок Украіны. Усе адклалі свае беды, свае праблемы, каб хоць неяк спрычыніцца, хоць нешта зрабіць.
Сыход у падполле працягнуўся
Дзяржава, саюзная Маскве, вядома, таксама «адгукнулася». Пачаўся пераслед у тым ліку творцаў не толькі за пазіцыю грамадзянскую што да ўнутраных падзей, але і за антываенную пазіцыю, што падавалася б вельмі дзіўным раней. Людзей саджалі, як вядома, за малюнкі, за выкананне ўкраінскіх кавераў, за антываенныя вершы, за намер дапамагчы Украіне. Дастаткова паглядзець адмысловыя справаздачы праваабаронцаў, каб зразумець узровень ціску за праўкраінскую пазіцыю.
Зразумела, гэта паўплывала і агулам на стан беларускай культуры — творцы, якія засталіся ў Беларусі, яшчэ больш сышлі ў падполле. Працягваліся канспіратыўныя спектаклі, кватэрнікі, сакрэтныя выставы, запрацавалі патаемныя лабараторыі.
Антываенны пафас у добрым сэнсе заўжды прысутнічаў у культурніцкім жыцці Беларусі, прысутнічае і зараз. Магчыма, яго цяжка публічна заўважыць, але безумоўна ён ёсць, кожны нармальны беларус перажывае за гэтыя падзеі, як за сваё.
Увага на нас ва ўкраінскім культурным асяроддзі мінімальная
На жаль, кантакты нават з тымі ўкраінскімі творцамі, якія даволі блізка былі звязаныя з Беларуссю, аслабелі. Вайна спыніла і шматлікія планы. Напрыклад, па ўвядзенню ўкраінскага кантэксту ў перавыданне кнігі «(Не)расстраляныя», мы хацелі зрабіць там асобны раздзел, асобную закладку з украінскімі перакладамі беларускіх рэпрэсаваных паэтаў і наадварот. Былі перамовы і ўжо былі некаторыя дамоўленасці, але, натуральна, пасля пачатку вайны гэтая справа сціхла.
Ведаю, што ўкраінскія музыкі, якія выступалі за вольную і незалежную Беларусь, працягваюць казаць на сваіх канцэртах «Жыве Беларусь!», але, натуральна, увага да Беларусі публічная — мінімальная.
Ніхто пакуль што не бярэ на сябе адказнасць трымаць беларускую павестку, спрабаваць тлумачыць са свайго боку, што ёсць Беларусь. І разумення сітуацыі, прынамсі ў публічным разрэзе, практычна няма. І тое, што Святаслаў Вакарчук кажа пра не той час на сумесныя выступы з беларускімі музыкамі, з нашага пункту гледжання, такое сабе, бо беларускія творцы заўжды жадалі Украіне толькі дабра, упісваліся ва ўкраінскія праекты, украінскія справы.
Ёсць адчуванне неразумення беларускай сітуацыі з украінскага боку. Зразумела, ім не да гэтага, у прынцыпе, усе гэтыя сваркі, звадкі, спрэчкі зараз, на маё меркаванне, не да месца. Адзінае, на маю думку, лепшае пачуццё ад беларусаў зараз — гэта спагадлівасць. Зараз той момант, калі трэба дадаваць энергіі, а не адымаць яе.
І таму, напэўна, самы правільны тут учынак і сімвал як для мяне гэта якраз праца беларусаў над вышэйзгаданым трэкам Pink Floyd «Hey Hey Rise Up».
Увогуле, гэтыя падзеі паказалі, што ў беларусаў так шмат стваральнай энергіі нават у такіх умовах, што яны гатовыя ёй дзяліцца. Пры гэтым, маючы сваю трагедыю. І гэта пазіцыя вельмі моцная, на мой погляд.
Фота з асабістага архіву Сяргея Будкіна
Рыгор Сапежынскі, budzma.org