Сёлета ўпершыню пройдзе беларускі фестываль фатаграфіі PhotoArtDoc. Ён ладзіцца ў анлайн- і часткова ў афлайн-фармаце ў Літве. Навошта спатрэбіўся такі фестываль? Што ўвогуле адбываецца ў суполцы беларускіх фатографаў? Пра гэта і многае іншае БАЖ паразмаўляў з арганізатарам і куратарам PhotoArtDoc Сяргеем Міхаленкам.
Сяргей Міхаленка. Аўтапартрэт
Арганізатары падзялілі фестываль PhotoArtDoc на дзве часткі: адукацыйную (з красавіка па жнівень), пасля якой пройдзе конкурсная з падвядзеннем вынікаў восенню 2024 года. Конкурсная частка складаецца з дзвюх намінацый, закрытай і адкрытай: удзел у першай прымаюць толькі ўдзельнікі адукацыйнай праграмы, у другой могуць удзельнічаць усе фатографы, якія здымаюць пра Беларусь ці беларусаў.
— Нязвыкла бачыць у сёлетніх беларускіх фестывалях адукацыйны модуль. Чаму вы вырашылі яго ўвесці?
— Адукацыйны модуль вельмі насычаны, нацэлены на вынік. Удзельнікі фестывалю на працягу некалькіх месяцаў будуць адначасова вывучаць тэму праектаў у фатаграфіі, і ствараць свае ўласныя. Каб кожны мог прайсці ўвесь шлях, мы прапануем ментарскую праграму для людзей з розным досведам у праектнай фатаграфіі, затым — удзел у закрытай намінацыі конкурсу, і ў фінале — выставачную частку.
Па заяўках бачна, што наша ідэя працуе! Дасылаюць і тыя, хто пачынае свой шлях у фатаграфіі, і тыя, хто ўжо мае досвед стварэння праектаў, і цяпер шукаюць асаблівую атмасферу, погляд звонку, дапамогу ў пошуку новых форм у візуальным выказванні. А значыць, фестываль сапраўды будзе садзейнічаць у тым ліку ўстанаўленню сувязей паміж аўтарамі з розным досведам і ведамі.
Мы чакаем, што з’явяцца новыя фатаграфічныя праекты пра Беларусь і беларусаў, якія зараз жывуць як унутры краіны, так і за яе межамі. Гэта магчымасць у тым ліку зафіксаваць і парэфлексаваць аб тым, што сёння адбываецца з намі і нашай радзімай.
— Для чаго патрэбна адкрытая конкурсная частка PhotoArtDoc?
— Сюды мы запросім усіх жадаючых. Не будзе абмежаванняў па ўдзеле ці не ўдзеле ў адукацыйнай праграме, па нацыянальнасці і месцы жыхарства. Мы пакідаем тут адзін крытэр: тэма фатаграфій — пра Беларусь і/ці беларусаў.
На першы погляд можа здацца заблытана, але такі варыянт найболей цікавы. Па-першае, мы ствараем умовы для пераемнасці — перадаць досвед аўтараў, якія па розных прычынах былі вымушаныя пакінуць Беларусь, новаму пакаленню. А па-другое, усталяваць сувязь паміж тымі аўтарамі, хто з’ехаў, і тымі, хто застаўся.
На жаль, адбылася атамізацыя беларускай фотасупольнасці. Мы прыкладаем шмат намаганняў, каб узніклі новыя сувязі, а, магчыма, і аднавіліся старыя. Увесь наш фестываль — гэта ў цяперашняй сітуацыі вялікі эксперымент, мы не можам прадбачыць, чым ён скончыцца.
Трэцяя задача — зрабіць праекты і падштурхнуць фатографаў да стварэння такіх праектаў. Аўтарам патрэбна пляцоўка, дзе іх паказаць, ім патрэбен глядач, ім патрэбна ацэнка. Фестываль — гэта агульная прастора, на якой усе аб’ядноўваюцца, паказваюць свае праекты і глядзяць на праекты калегаў, дыскутуюць, абменьваюцца новымі кантактамі.
І чацвёртая задача — прыцягнуць увагу да тэмы Беларусі. Беларуская фатаграфія не памерла, яна проста замерла на час. Фестывалем мы хочам запусціць працэс у бок абуджэння, наколькі гэта магчыма.
— Як я разумею, удзельнікаў фестывалю вы не абмяжоўваеце ні па адукацыі, ні па нацыянальнасці, ні па ўзросце, ні па месцы пражывання. Адзіны крытэр — жаданне здымаць пра беларусаў і Беларусь?
— Адукацыйная частка — для беларускага культурнага асяроддзя. Мы не глядзім на нацыянальнасць або грамадзянства — гэта ўсяго толькі прыналежнасць чалавека да дзяржавы, а яна не заўсёды рэлевантная. Мы запрашаем людзей, якія найперш асацыююць сябе з беларускай культурнай прасторай. Гэта можа быць і француз, які жыў працяглы час у Беларусі і здымаў пра Беларусь — ён жа па факце ўжо будзе з’яўляцца часткай гэтага асяроддзя. Важна стварыць магчымасць беларускай культурнай прасторы паказаць сябе і ўвабраць нешта новае, таму другую частку фестывалю мы робім адкрытай — для ўсіх жадаючых. Каб фестываль не стаў мерапрыемствам пра сябе і для сябе.
Хто такі беларускі фатограф? Мы ж штэмпелі не ставім. Чалавек жыве ці жыў у Беларусі, ці асацыюе сябе з ёй — значыць, ён з’яўляецца часткай беларускай культурнай прасторы. У конкурсе Belarus Press Photo, да арганізацыі якога я таксама меў дачыненне, у нас быў такі ж падыход — мы не правяралі ні грамадзянства, ні нацыянальнасць.
— Чалавека, асабліва творчага, заўсёды трэба чымсьці зацікавіць. Што прапануе PhotoArtDoc, ад чаго ўдзельнікі не змогуць адмовіцца?
— Вядома, самы просты варыянт — зацікавіць нейкім каштоўным прызам. Але з досведу арганізацыі папярэдніх праектаў і конкурсаў я выразна бачу: значна важней не прыз, а магчымасці. Гэта веды і новы досвед, знаёмствы, магчымасць паказаць свой праект шырокай аўдыторыі, атрымаць адзнаку свайго праекту аўтарытэтным журы і г.д.
Для аўтара часта важны не столькі прыз, колькі стаць заўважным, быць ацэненым і атрымаць новыя магчымасці. Гэта важней, чым падораны чалавеку імбрычак ці фотаапарат.
Хаця, вядома, прызы заўсёды прыемна атрымліваць, і, верагодна, мы зможам яшчэ знайсці партнёраў, каб былі і прызы.
У якасці ментараў мы запрасілі вядомых беларускіх фатографаў, якія будуць дапамагаць удзельнікам адукацыйнай праграмы ствараць праекты ў сучаснай парадыгме, у сучасным стылі, на стыку дакументалістыкі і мастацтва.
Скрыншот з сайта photoartdoc.com
Так, Сяргей Гудзілін супрацоўнічаў з такімі выданнямі, як The New York Times, Gazeta Wyborcza, Russian Reporter, Stern, National Geographic, Forbes-Russia ды іншымі. Ён з’яўляецца ўладальнікам гран-пры Belarus Press Photo. Бачу, што гэтая перамога стала значным трамплінам у далейшай кар’еры Сяргея. Цяпер ён жыве ў Літве.
Лаўрэатам прэстыжнага конкурсу World Press Photo, заняўшы другое месца, стала і Таццяна Ткачова. Гэта вялікае дасягненне: у гісторыі незалежнай Беларусі прызёраў толькі два. Цяпер Таццяна жыве ў Германіі.
Наступны наш ментар жыве ў Польшчы. Кацярына Кузьмічова скончыла ва Уроцлаве Акадэмію мастацтваў і дызайну і там жа атрымала ступень магістра прыгожых мастацтваў. Яна — пераможца міжнародных фотаконкурсаў TIFA і BIFA, уладальнік гранта Gaude Polonia Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы.
Мы вельмі радыя, што такія людзі далучыліся да PhotoArtDoc і ў гэтыя дні актыўна рыхтуюцца да працы з групамі.
— Вы ўвесь час кажаце пра арганізатараў фэсту «мы». А хто гэтыя «мы»?
— Мы — гэта ініцыятыўная група, якая стварае Незалежную фатаграфічную асацыяцыю. Шмат фатографаў пакінулі Беларусь. На новым месцы яны сутыкнуліся з мноствам арганізацыйных пытанняў, тэхнічных, бытавых (легалізацыя і гэтак далей). Заўсёды добра, калі ёсць нейкая супольнасць ці арганізацыя, здольная дапамагчы ў вырашэнні праблем: яна не можа даць грошай, але можа дапамагчы парадай, можа падказаць і арганізаваць.
Людзям, якія з’ехалі, даводзіцца найперш вырашаць бытавыя і эканамічныя праблемы, а не займацца творчасцю. Незалежная асацыяцыя фатографаў яшчэ не аформлена юрыдычна, але ад яе імя мы ўжо арганізуем фестываль PhotoArtDoc. Гэта першы наш праект, які павінен паказаць, наколькі жыццяздольная асацыяцыя.
— А фатографам, якія апынуліся ў эміграцыі, удаецца захоўваць адзіную прафесійную прастору? Мяркуючы па працэсе стварэння Незалежнай асацыяцыі фатографаў, не ўсё так проста.
— Сапраўды, не проста. Мінулыя чатыры гады паўплывалі на эмацыйны стан людзей, на ўспрыманне сябе і іншых. У нашым асяроддзі было не ўсё гладка і да 2020 года. Я быў кіраўніком Саюза фатографаў у Беларусі, таму ведаю калегаў — у людзей розныя погляды на жыццё. Так яшчэ ў прадстаўнікоў з розных абласцей фатаграфіі часта ўзнікалі спрэчкі аб значнасці і важнасці таго ці іншага жанру. І калі мы зараз у працэсе стварэння Асацыяцыі, часам усплываюць старыя спрэчкі, на якія накладваюцца новыя. Таму мы ствараем не творчы саюз, а менавіта асацыяцыю, у пэўным сэнсе прафсаюз.
Кадр з праекту Space-Time. Фота ментара адукацыйнай праграмы фестывалю PhotoArtDoc Кацярыны Кузьмічовай
Адным з вострых канфліктаў застаецца супярэчнасць паміж тымі, хто з’ехаў, і тымі, хто застаўся. Але, як бы цяжка ні было, мы спрабуем дамаўляцца. І я ўпэўнены, што людзі здольныя дамаўляцца паміж сабой, знаходзіць кропкі судотыку, а не кропкі супрацьстаяння. Лепш шукаць, у чым мы можам адзін аднаму дапамагаць і што мы можам разам класна зрабіць.
— Ці павялічыўся адток з прафесіі пасля 2020 года?
— Наколькі сур’ёзна вырас адток з прафесіі, сказаць цяжка, бо няма адпаведнай статыстыкі. Але па тых, каго ведаю, я б сказаў — так, павялічыўся. Тыя, што з’ехалі, патрапілі ў новае асяроддзе, у якое шматлікім складана ўпісацца. Фотажурналісты не ведаюць кантэксту, не ведаюць мовы, і ім складана выйсці на ранейшыя пазіцыі на новым месцы: людзі застаюцца ў рускамоўным асяроддзі, у беларускай тэматыцы, таму працаваць на польскія, нямецкія, літоўскія выданні мала каму ўдаецца.
Або яшчэ адна праблема: у беларускіх выданнях вельмі маленькія ганарары — за іх не выжывеш. Таму людзі сыходзяць альбо ў сумежныя кірункі (відэа, стокі), альбо наогул у іншае асяроддзе (бывае, нават зусім кардынальна, напрыклад, у дальнабойшчыкі). Але ведаю тых, хто з’ехаў у ЗША, «грызуць зямлю», але дамагаюцца поспехаў менавіта ў фатаграфіі.
У Беларусі частка людзей таксама сышла з прафесіі. У іх выбар невялікі і няпросты: ісці ў дзяржаўныя СМІ сумленне не дазваляе, недзяржаўных практычна не засталося і нейтральных зусім мала — адпаведна месцаў, дзе можна прымяніць сябе, стала значна менш. У сферы фотажурналістыкі, рэпартажна-навінавай фатаграфіі сітуацыя вельмі складаная.
— Беларуская фатаграфія — гэта перш за ўсё аўтары. Што адбылося з беларускай фатаграфіяй пасля 2020 года?
— Гаворачы пра беларускую фатаграфію, важна разумець, што размова ідзе пра дастаткова шырокі спектр жанраў, дзе ёсць фатаграфія як мастацтва, прыкладная і бытавая, рэпартажная, рэкламная і г.д.
Значная частка фатографаў з’ехала з Беларусі, у нейкіх абласцях фатаграфіі гэты адток адчуваецца больш, у нейкіх — менш. Нават сектар бытавой рэкламнай фатаграфіі ў значнай ступені парадзеў. Праўда, для кагосьці такая сітуацыя стала плюсам — вызвалілася месца, канкурэнцыя знізілася...
Кадр з праекту MI(E)NSK. Фота ментара адукацыйнай праграмы фестывалю PhotoArtDoc Сяргея Гудзіліна
У рэпартажнай навінавай фатаграфіі адбыўся фактычна разгром, таму што многія выданні зачыненыя, з дзяржаўных СМІ таксама фатографы былі вымушаныя сысці з-за асабістай пазіцыі.
Да 2020 года нават калі фатографы працавалі ў палярных выданнях, то існавала адзіная супольнасць, у якой іншыя палітычныя погляды прымаліся як асабістае меркаванне: мы розныя, але мы ў адной лодцы. У 20-м годзе адбыўся жорсткі разлом — незалежныя выданні зачыненыя, а хтосьці застаўся працаваць у дзяржвыданнях. Пазіцыя і палітычныя погляды моцна паўплывалі на ўзаемаадносіны калег.
Засталіся, вядома, і нейтральныя выданні. Ды не ўсе хочуць ці могуць з’ехаць — сітуацыі ў людзей вельмі розныя. Тых, хто з’ехаў, значна больш. Але дастаткова і тых, хто застаўся і працуе, плюс пачынае падрастаць новае пакаленне.
Фотажурналістыку ў Беларусі накрыла, вядома, моцна, і невядома, што будзе далей з яе развіццём. У грамадскай прасторы, мабыць, засталася класічная рэпарцёрская фатаграфія. Асэнсаванне таго, што адбываецца ў публічнай фатаграфіі, спынілася. І наш фестываль закліканы даць магчымасць аўтарам, якія засталіся, даць пляцоўку і паспрабаваць папрацаваць у гэтым напрамку, магчыма, працуючы пад псеўданімамі.
— Калі дакументальна-рэпартажны жанр практычна знішчаны, то як ідуць справы з іншымі жанрамі?
— Ведаеце, на самой справе я б не сказаў, што знішчаны. Дакументальная фатаграфія — досыць шырокае паняцце. Ёсць этнаграфічны ці нават проста аматарскі фотаздымак. І пакуль аўтар не трапляе ў поле зроку спецслужбаў па нейкіх іншых прычынах, не фатаграфічных, то ён можа спакойна працягваць фатаграфаваць. Хтосьці адхіліўся ад таго, што адбываецца: не выказваўся ў 2020 годзе, маўчаў у 2022-м, працягвае і цяпер працаваць, не дакранаючыся да вострых тэм, якія могуць быць жорстка ўспрынятыя дзяржавай.
Жыццё ўнутры Беларусі працягваецца. Напрыклад, у сферы арт-фатаграфіі нават можна сказаць, што нешта ажывае. Гэта натуральны працэс: людзям складана заставацца ў пастаянным напружанні, яны спрабуюць жыць у існуючых умовах, арганізоўваць выставы.
Але сапраўдныя выставы рабіць вельмі складана: змяніліся законы, і зараз трэба атрымліваць дазвол на кожную выставу. Што раней можна было зладзіць у любым пад’ездзе, дзе заўгодна павесіць фатаграфіі і назваць гэта выставай, зараз ужо забаронена. Але і ў гэтых умовах ладзяцца кватэрнікі, ці замест выставаў робяцца паказы і дыскусіі.
Творчасць у цэлым і фатаграфія ў прыватнасці як тая трава: можна закатаць асфальтам, забетанаваць, абкласці пліткай, але сцяблінкі праб’юцца да святла. Калі ў людзей ёсць жаданне займацца творчасцю, то яны знойдуць спосабы. Жыццё — штука такая, яе не адкладзеш на 20-30 гадоў...
Кадр з праекту Between right and shame, які заняў другое месца ў World Press Photo. Фота ментара адукацыйнай праграмы фестывалю PhotoArtDoc Таццяны Ткачовай
Запускаючы фестываль, мы глядзім на фатаграфію ў першую чаргу як на культурна-гістарычную з’яву, як на мастацтва, а не як на палітычнае выказванне. Тыя, хто зараз знаходзіцца за межамі Беларусі, усё ж маюць больш магчымасцяў. І ў гэтай сітуацыі важна разумець у тым ліку сваю адказнасць, абавязак, калі хочаце, перад сваёй культурнай прасторай, супольнасцю, культурным кодам і дапамагаць у тым ліку тым, хто застаўся ў Беларусі. Трэба падтрымліваць сувязь і не дапусціць разрыву.