«Усё кепска і вельмі кепска». Як прайшла дыскусія «Мова, культура, адукацыя і мэдыя: нябачны фронт за Беларусь»

Імпрэзу арганізавалі ў межах канфэрэнцыі «Новая Беларусь». Удзельнікі паспрабавалі спрагназаваць лёс беларускай мовы і культуры.

Дыскусію «Мова, культура, адукацыя і мэдыя: нябачны фронт за Беларусь» у Варшаве зладзілі прадстаўнікі па нацыянальным адраджэньні Аб’яднанага пераходнага кабінэту. На ёй разглядалі розныя сцэнары: «заграніца нам дапаможа», пэсымістычны — «мы ўсе памром і вельмі хутка» і аптымістычны, піша «Радыё Свабода».

Irena KacialovičВыступае прадстаўніца па культуры ў Аб’яднаным пераходным кабінэце Ірэна Кацяловіч

«Праз 15 гадоў беларускамоўнай адукацыі можа ня быць»

Прадстаўнік па нацыянальным адраджэньні АПК Павал Баркоўскі прадстаўляў так званае «моўнае пытаньне». Ён пажартаваў, што назаве шмат шакуючых лічбаў. А хто хоча даведацца больш, можа спампаваць справаздачу на сайце і чытаць гэты «якасны ўжасьцік на ноч». І рэзюмаваў: «У дакладзе шмат нехарошых лічбаў. Усё кепска і вельмі кепска».

Павал Баркоўскі нагадаў, што Беларусь знаходзіцца ў «Атласе моў, якім пагражае зьнішчэньне», складзеным UNESCO.

«Мы маем рызыку, што на працягу 1-2 пакаленьняў беларуская мова можа зьнікнуць (застануцца толькі астраўкі). А на дзяржаўным узроўні яна проста зьнікне. Сёньня менш за 8% дзетак у краіне вучыцца па-беларуску (гэта 86 тысяч), і кожны год колькасьць зьніжаецца на 5 тысяч. (На пачатку незалежнасьці 40% дзяцей вучыліся па-беларуску). Праз 15 гадоў беларускамоўнай адукацыі можа ня быць. Няма вышэйшай адукацыі на беларускай мове», — паведаміў Баркоўскі.

Paval Barkoŭski Павал Баркоўскі

І падсумаваў, што амаль усе сфэры жыцьця ў пляне выкарыстаньня беларускай мовы знаходзяцца ў зоне асаблівай ўразьлівасьці. Летась «Прэс-клюб» рабіў дасьледаваньне і падлічыў, што нават у незалежных СМІ толькі 29% матэрыялаў друкуецца па-беларуску.

«Што да дзяржаўных СМІ, толькі раёнкі выходзяць па-беларуску. І адна рэспубліканская «Звязда» — такая «пацёмкінская вёска».

1,4% дзяржаўнага вяшчаньня ідзе па-беларуску — нават у савецкі час было больш. Што ёсьць узамен? Нават на «Белсаце» адна траціна дзённага эфіру ідзе па-беларуску, астатняе — расейскі і ўкраінскі эфір», — сказаў Баркоўскі.

Таксама ён адзначыў, што ёсьць і пасьпяховыя зоны. Гэта незалежныя беларускія кнігавыдаўцы.

«Зараз выходзіць больш за 100 тысяч беларускіх кніжак за мяжой (маецца на ўвазе агульны наклад усіх выданьняў усіх выдавецтваў — РС). На жаль, ня ўсе яны могуць трапіць у Беларусь. Маларазьвітыя пакуль электронныя кнігі. Але маем хоць і невялікі, але ўстойлівы кніжны рынак. 60% музычных гуртоў сьпяваюць па-беларуску ці зь вялікай доляй беларускага рэпэртуару. Маем 1,5 тысячы рэлізаў. Пашырылася жанравая разнастайнасьць. Калі раней гэта быў пераважна рок і этна, то цяпер і тэхна, і іншыя напрамкі», — такія лічбы назваў дакладчык.

Не губляючы пачуцьця гумару, Павал Баркоўскі прадказаў 3 сцэнары разьвіцьця сытуацыі.

«Пэсімістычны: мы ўсе памром, і вельмі хутка, другі — усё адно памром, але ня хутка. Трэці — можам не памерці. Трэба рэалізаваць трэці, апітымістычны», — лічыць Баркоўскі.

«Беларусь выключаная з усіх міжнародных адукацыйных арганізацыяй»

Андрэй Лаўрухін адказвае ў АПК за адукацыю. Ён вызначыў некалькі колаў праблем.

«Першая праблема — самаізаляцыя Беларусі (ініцыяваная беларускім рэжымам) ад дэмакратычных краінаў. Пасьля пачатку вайны і эўрапейцы пачалі аддаляцца ад Беларусі. І пераўтвараць Беларусь у «чумны барак». Гэта таксама тычыцца адукацыі і навукі. На сярэдне-прафэсійным таксама мы выключаныя зь інтэрнацыянальнага міжнароднага і маніторынгу, і практыкуму. На ўзроўні школ Беларусь выключаная з асноўнага маніторынгу якасьці адукацыі. Такім чынам, Беларусь выключаная з усіх міжнародных адукацыйных арганізацыяй з аднаго боку, з другога — мы выключаныя зь міжнароднай фінансавай падтрымкі», — канстатаваў спадар Лаўрухін.

Andrej Laŭruchin
Андрэй Лаўрухін

Што ён прапануе? Што да Балёнскага працэсу, зьмяніць якасьць прадстаўніцтва беларускай навуковай супольнасьці,

«Чаму Беларусь ня можа быць прадстаўлена ў тым жа Балёнскім працэсе на ўзроўні выкладчыкаў, навукоўцаў за мяжой? Чаму Беларусь ня можа быць прадстаўлена ад імя акадэмічнай супольнасьці? Трэба быць прадстаўленымі ад імя недзяржаўных структур, а ад дэмакратычнай супольнасьці», — лічыць Лаўрухін.

А вось са школай — складаней, прызнаў ён. І прапанаваў цэлы шэраг канкрэтных ідэй: ад напісаньня новых сучасных падручнікаў, якія адпавядаюць эўрапейскаму ўзроўню, да стварэньня незалежнага фонду падтрымкі рэпрэсаваных.

«Доўгатэрміновая стратэгія датычна культуры Беларусі»

Прадстаўніца па культуры ў АПК Ірэна Кацяловіч адзначыла, што сёньня беларуская незалежная культура — адна з пэрспэктыўных сфэр.

«Мы бачым вялікі грамадзкі попыт на нацыянальную культуру. І беларуская культура можа стаць пасьпяховай. У беларускай культуры мы сёньня ня толькі сутыкаемся з відавочнымі праблемамі русіфікацыі, якая ўзмацнілася пасьля 2020 года, а яшчэ больш узмацнілася пасьля 2022 года. І гэта ня толькі рэпрэсіі. Гэта ўскладняецца і сыстэмнымі праблемамі. І адказаць на гэта мы можам толькі контрмерамі: беларускай незалежнай культурай, а таксама высілкамі ў адукацыі», — перакананая Ірэна Кацяловіч.

Irena Kacialovič Ірэна Кацяловіч


Яна прапануе перайсьці ад палітыкі падтрымкі беларускай культуры дзеля яе выжываньня, падтрымкі культуры як нейкага гуманітарнага кейса — да палітыкі сыстэмнага ўзмацненьня менавіта як элемэнта дэмакратычнай устойлівасьці, нацыянальнай бясьпекі

«Павінна быць менавіта доўгатэрміновая стратэгія датычна культуры Беларусі. Для гэтага павінна быць створаная беларуска-эўрапейская плятформа, прызначаны адказныя краіны — партнэры за кірункі культуры», — кажа яна.

Спадарыні Кацяловіч задалі пытаньне: «Чаму такія прапановы могуць быць цікавыя для Эўропы? У Эўропы іншыя праблемы (пагрозы нацыяналізму), а мы — «давайце падтрымліваць нацыянальнае». Якія варыянты могуць быць цікавыя?»

Спадарыня Ірэна адказала так: «Калі б мы своечасова і дастаткова і ўпэўнена казалі пра культуру, мы б не казалі пра новыя ваенныя базы ў Беларусі. Альбо прынамсі ў пэўныя моманты мацнейшая нацыянальная ідэнтычнасьць магла б павярнуць гісторыю ў трошачкі іншы бок, у больш спрыяльны для нас варыянт, і таксама для Эўропы. Ня трэба даказваць, што бясьпека прынамсі краін-суседзяў моцна залежыць ад таго, што адбываецца ў Беларусі».