Культавы менскі раман Мойшэ Кульбака «Зэльмэняне» выйшаў па-беларуску ў бесцэнзурным аўтарскім варыянце, распавядае Радыё Свабода. Кнігу выдала праскае выдавецтва «Вясна».
Пра ідыш на беларускіх землях, захапленьне ідышамоўнай літаратурай, яе «прыгладжваньне» савецкай цэнзурай ды хваробу на кульбакаманію мы пагаварылі зь перакладчыкам твораў Мойшэ Кульбака Сяргеем Шупам.
Кніга Мойшэ Кульбака «Зэльмэняне» ў перакладзе Сяргея Шупы
«Беларусь была адзінай у сьвеце краінай, дзе цэлых дзесяць гадоў ідыш меў статус адной з афіцыйных моваў»
— Спадар Сяргей, калі і як пачалася ваша любоў да такой калісьці вельмі распаўсюджанай на беларускіх землях, а цяпер амаль цалкам зьніклай мовы, як ідыш?
— Пачалося гэта на хвалі зацікаўленьня Беларусьсю, яе гісторыяй, адметнасьцю, непаўторнасьцю, пошукамі таго, чым можна зьдзівіць нейкага заежджага госьця. У савецкім дзяцінстве мне нечага такога навокал не хапала, шукалася нешта сваё, нечаканае, парадаксальнае, не падобнае на іншае. У гэтае месца ў сэрцы некалі трапна пацэліў Караткевіч, знайшлося і больш такіх стрэлаў. Але вось аднойчы мы зь сябрамі бадзяліся па Менску (пачатак 1970-х) і набрылі на раскапаныя могілкі, поўныя чарапоў, касьцей, каменьня, жалезьзя, і сярод усёй гэтай «рамантыкі» — магільныя пліты, спрэс сьпісаныя на мове, якой я, зь дзяцінства шалёны лінгвіст, не разумеў і нават ня мог прачытаць.
Беларускі журналіст і перакладчык Сяргей Шупа
А гэта, як з часам я даведаўся, была адна з моваў, на якой гаварыла Беларусь і якая ў нейкім сэнсе вызначала яе межы — яшчэ сто гадоў таму Беларусь канчалася там, дзе на ўсходзе канчаўся ідыш... І Беларусь была адзінай у сьвеце краінай, дзе цэлых дзесяць гадоў ідыш меў статус адной з афіцыйных моваў. І мова гэтая ў сваім мясцовым варыянце была істотна прасякнутая беларускім духам — і гэта ня толькі запазычаньні, але і структура словаў, будова сказаў — ёсьць там такое, што можа крануць беларускае сэрца. Так тая цікавасьць неяк пачалася, але асабліва не было як за той ідыш зачапіцца. Усё, што можна было знайсьці навокал, было нейкае махрова-савецкае, нуднае і нецікавае, аж пакуль не насталі новыя часы і не адчыніліся ўсе брамы.
«Падчапіў нейкі вірус кульбакаманіі, на якую я з часам хранічна захварэў і спрабую ёй заразіць усіх навокал»
— А як так сталася, што для сваіх першых чытанак на ідыш вы выбралі творы менавіта Мойшэ Кульбака?
— Новы імпульс да ідышу мне даў фантастычны слоўнік Алеся Астравуха — адразу захацелася штосьці зь ім прачытаць. Пра Кульбака я нешта бачыў ды чуў і раней, гартаючы розныя літаратурныя даведнікі і энцыкляпэдыі — ну быў такі савецкі пісьменьнік. Але былі яшчэ і нейкі Ізі Харык, і Зэлік Аксэльрод, іх кніжкі асабліва часта не выдаваліся і выпадкова ў рукі не трапляліся, і таму яны ўсе былі неяк на адзін невыразны міжваенны твар. Але прозьвішча Кульбака я ў нейкі момант пачаў чуць ад нечаканых людзей у нечаканых месцах, а пасьля даведаўся і пра менскі раман, і пра паэму «Беларусь», і пра паэму «Вільня», і пра нешта там яшчэ. І пачаў цікавіцца, пакуль не падчапіў нейкі вірус кульбакаманіі, на якую я з часам хранічна захварэў і спрабую ёй заразіць усіх навокал. У такім стане я ўзяў той слоўнік Астравуха і выбраў сабе першую кнігу — той самы менскі раман.
Мойшэ Кульбак, раман «Зэльмэняне»
«Мне як менчуку гэтая кніга асабліва дарагая»
— Ваша чытацкае захапленьне абудзіла перакладніцкі імпэт, і вы ўзяліся адразу за культавы менскі раман Кульбака «Зельманцы», які ўжо быў перакладзены Віталём Вольскім. Чаму гэты раман, а ня нейкія іншыя творы, да таго яшчэ нікім не перакладзеныя?
— Як я сказаў, кніга «Зэлмэняне» была першай кнігай, якую я прачытаў на ідышы, так што ідэя яе перакласьці існавала даўно. Але пачаў я пяць гадоў таму зь іншых кніг Кульбака (і з гэтага, уласна, пачалося выдавецтва «Вясна»). Першай быў маленькі раман «Панядзелак» (2018, прэмія Шэрмана), пасьля «Мэсія з роду Эфраіма» (2019), за імі выданьне поўнага збору паэзіі (усё ж Кульбак перадусім паэт!) «Усе вершы і паэмы» (2022, у 2-х кнігах — арыгінал на ідыш і пераклад паралельна з трансьлітарацыяй). І вось настала чарга культавага менскага раману, які выйшаў у красавіку 2024-га. Мне як менчуку гэтая кніга асабліва дарагая, там ёсьць нямала паэтычных апісаньняў гарадзкога ляндшафту, прыроды, настрою, якія я з радасьцю перачытваю. Дагэтуль не сьціхаюць спрэчкі пра лякалізацыю галоўнага месца дзеяньня кнігі, хоць прывязка аўтара да дома бацькоў і вялікай сям’і на Старавіленскай мне зусім відавочная. Праўда, Кульбак ніколі ў сваіх творах ня быў тапаграфічна дакладны.
Вось жа, для завяршэньня Поўнага збору твораў засталося выдаць яшчэ адну кнігу, куды ўвойдуць п’есы, кароткая проза, артыкулы і карэспандэнцыя. Праца над ёй ужо пачалася.
Мойшэ Кульбак
«Зельманцы» — не, «Зэльмэняне» — так!
— Новы пераклад рамана выдадзены і пад новай назвай, дакладней, перайначаным назоўным словам. «Зельманцы» сталі «Зэльмэнянамі». Чаму?
— У прынцыпе, тут пытацца трэба было б не ў мяне. У арыгінале кніга называецца «Zelmenianer». Слова гэтае ўтворанае на манер marsianer, amerikaner, gregorianer, што надае гэтаму тэрміну спэцыфічны акцэнт. Нашчадкі старога Залмэна (памяншальна Зэлмэлэ) паўстаюць перад намі як жыхары асобнай плянэты, кантынэнту. Гэтая ідэя захоўваецца і ў іншых перакладах — The Zelmenyaners, Die Selmenianer, Gli Zelmenyani, Los Zelmenianos, «Зелменяне» (у абодвух расейскіх перакладах). Выбар у мяне быў толькі паміж «Зэлмэняне» і «Зэлмэнянцы» (ну як паміж францішкане і францішканцы), я выбраў першае. Таму пытацца трэба хутчэй у Віталя Вольскага, якую ідэю закладаў ён у слова зельманцы. Ну гэта як род нейкага Сяргея — Сяргейцы, або Віталя — Вітальцы...
«Зь перакладу менскага раману Кульбака ў 1960-м зьнікла 12,5% тэксту»
— Анансуючы выхад у сьвет «Зэльмэнянаў», выдавецтва «Вясна» напісала, што цяпер чытачы маюць знакаміты раман у поўным беларускім перакладзе. Што і зь якіх прычынаў было прапушчана ў ранейшым перакладзе?
— Перакладаючы і зазіраючы часам у беларускі пераклад Вольскага, я заўважыў, што ў ім не хапае дзе слова, дзе сказа, дзе старонкі, а дзе і цэлага разьдзела. Пасьля падрабязнага параўнаньня таго перакладу з арыгіналам выявілася, што зьнікла каля 12,5% тэксту, прычым часам былі выкрасьленыя важныя думкі, заўвагі, вобразы аўтара, цэлыя сюжэтныя павароты; часам проста абрывалася лёгіка апавяданьня. У кніжным фармаце перавыданьня выдавецтва «Папуры» — гэта амаль 40 старонак тэксту! Пра гісторыю ўзьнікненьня таго перакладу ніякай інфармацыі я не знайшоў, але пэўны адказ дае тэкст «Ад рэдакцыі» першага выданьня 1960 году (рэдактар Алесь Кучар). Пасьля пераліку «слабасьцяў» кнігі паведамляецца: «Раман выдаецца зь некаторымі скарачэньнямі». (У перавыданьні «Папуры» цалкам «скарацілі» і гэтую прадмову.) Таму можна ўсю цэнзуру запісаць на сумленьне рэдактара.
Што ж было выкінута? Найперш небясьпечныя палітычныя нюансы (непаважлівыя выказваньні пра ўсякія савецкія сьвятыні, згадкі пра асобаў, «выкрасьленых» з гісторыі). Моцна пацярпела рэлігійная тэматыка (падчышчаны розныя рэлігійныя акцэнты). Жорсткую цэнзуру зазнала ўсякая этніка (згадкі пра нейкія этнічныя асаблівасьці герояў, міжэтнічныя ўзаемаадносіны, хто ёсьць хто, чаму і як). Былі прыбраныя розныя этычныя і эстэтычныя сьмеласьці (усё ж Кульбак ёсьць Кульбак). Ну і чамусьці выпалі месцы цяжкія, складаныя ці нязручныя для перакладу...
Тут варта дадаць, што ў савецкіх выданьнях цэнзуравалася і Кульбакава паэзія. Не пашанцавала Кульбаку і з іўрыцкімі перакладамі першых кароткіх раманаў — там таксама нехта істотна «прыгладзіў» неўтаймаванага аўтара.
«Пасьля 2020 году рэпатрыянты зь Беларусі ў Ізраілі прыкметна ажывіліся і пачалі больш цікавіцца краінай паходжаньня»
— Вы сустракаліся з дачкой знакамітага пісьменьніка Раяй. Яна стала адной зь першых зацікаўленых чытачак вашых перакладаў твораў ейнага бацькі. Як спадарыня Рая ўспрымае вашу сутворчасьць? Бо ж ня рэдкія выпадкі, калі нашчадкі знакамітасьцяў вельмі прыдзірліва ставяцца да іншамоўных выданьняў кнігаў сваіх продкаў. І, дарэчы, ці запатрабаваныя вашы пераклады твораў Кульбака ў Ізраілі сярод рэпатрыянтаў зь Беларусі?
— З Раяй мы ўпершыню сустрэліся ў 2018 годзе, калі ўжо быў гатовы да друку «Панядзелак». Я тады зрабіў зь ёю вялікае інтэрвію — там само жыцьцё вартае асобнай кнігі. Рая ставіцца да акцыі вяртаньня Мойшэ Кульбака ў беларускую культурную прастору зь вялікай удзячнасьцю і з радасьцю прымае кожнае новае выданьне. У 2022 годзе мы, сярод іншага, зрабілі прэзэнтацыю «Усіх вершаў і паэмаў» у Тэль-Авіве, дзе яна была адным з галоўных прамоўцаў і дзе прысутнічала вялікая сям’я нашчадкаў Кульбака. Гэтая афіцыйная прэзэнтацыя адбылася ў амбасадзе Літвы. Адбылася яшчэ адна сустрэча з чытачамі ў тэль-авіўскай кнігарні «Бабель», там была поўная заля, усе кнігі прадаліся. Пасьля 2020 году рэпатрыянты зь Беларусі прыкметна ажывіліся і пачалі больш цікавіцца краінай паходжаньня. Мы рэгулярна атрымліваем з Ізраілю заказы на кнігі, цяпер спадзяёмся прыехаць туды і з «Зэлмэнянамі».
— А ў іншых краінах, па якіх расьцярушаныя цяпер уцекачы з Беларусі, ці даступныя вашы пераклады?
— Так, нашы кнігі даступныя ў бальшыні краінаў сьвету, куды прымае пасылкі чэская пошта. Наш каталёг і кантактныя дадзеныя можна знайсьці на сайце vesnabooks.eu. Пішыце, будзем радыя задаволіць попыт на беларускую кнігу ва ўсім сьвеце.