Дэбютны альбом ананімнага выканаўцы, які ў сваёй творчасьці сумясьціў традыцыі бардаўскай песьні, фольку і рэп-музыкі. Сам Зэнон заяўляе, што ён займаецца хіп-хоп-рэканструкцыяй і спрабуе ўявіць, якім мог быць беларускі рэп у 60-х гадах мінулага стагодзьдзя. Чаму ў 60-х – няясна. Лягічна, каб нешта такое зьявілася на хвалі адраджэньня, на зломе 80-х і 90-х. Во тады мог быць выбух. Сёньня гэтая праца слухаецца трошачкі наіўна, яна наскрозь прасякнутая патрыятычным патасам і рамантычнымі ўяўленьнямі пра цуда-край – Вялікую Літву. У гэтым пляне Зэнон арыгінальны, бо да такой тэматыкі цяпер зьвяртаюцца адзінкі.
Песьні з альбому “Літвіны” яўна запісаныя ў хатніх умовах у розны час, пра зьвядзеньне і майстарынг гаворкі не вядзецца. Акустычная гітара, якая ў Зэнона асноўны інструмэнт, запісаная зусім неахайна. Бачна, што выканаўца тэхнічным бокам справы не асабліва пераймаецца, для яго важна данесьці сваю ідэю. І часам гэта ўдаецца на ўсе 100%, як у “літвінскім” блоку. Безумоўны посьпех рэлізу – “Літвін”, проста ўзор беларускага патрыятычнага рэпу, ці не адзіная песьня, якая някепска запісаная і шыкоўна пададзеная. Выдатна гучыць твор “Літвіны” з жаночым вакалам. Астатняе выглядае хутчэй на дэма-запісы і хатнія напрацоўкі, яшчэ не даведзеныя да ладу – некаторыя з трэкаў не сягаюць і хвіліны, а ўсе 18 трэкаў альбому гучаць усяго 33 хвіліны.
Зэнон добра валодае словам і мае здольнасьць пісаць песьні, якія могуць пайсьці ў народ. Адзін з удалых хадоў – ужываць прыпевы народных сьпеваў ва ўласных творах (“Купалінка” выйшла вельмі мілай). Яшчэ адна ўдача – чысьцюткі жаночы вакал, які гучыць у некалькіх творах. А вось уласны вакал варта бы яшчэ падцягнуць альбо не спрабаваць пяяць і засяродзіцца на чытцы. Карацей, усё ў Зэнона ў адносным парадку, але з альбомам пасьпяшаўся ён.
Альбом “Літвіны” на SoundCloud і на YouTube
Ідэя: 10
Выкананьне: 7
Тэксты: 9
Запіс: 5
Аздабленьне: 7
Сяргей Будкін