1 ліпеня юбілей святкуе Алена Макоўская — кіраўніца Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына», каардынатарка грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!», грамадская дзяячка.
Нарадзілася ў Кобрыне, што на Берасцейшчыне. Скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт і Акадэмію кіравання пры Савеце Міністраў.
У Згуртаванне «Бацькаўшчына» Алена прыйшла ў 1992 годзе па абвестцы ў газеце на працу сакратара-рэферэнта і засталася там надоўга. Кіраўніком арганізацыі абраная на Пятым з’ездзе беларусаў свету ў 2009 годзе. Перад гэтым двойчы абіралася на пасаду старшыні Рады Згуртавання (2001–2009). Узнагароджаная медалём Рады БНР за заслугі ў папулярызацыі беларускай мовы і культуры.
Алена лічыць, што «свабода — гэта быць сабой», і пры гэтым дадае, што «свабода — гэта адказнасць». Яе ўлюбёны дэвіз — «Не спыняцца!».
Рэдакцыя Budzma. org шчыра віншуе шаноўную імянінніцу з юібілеем. Зычым ёй моцнага здароўя, заўжды добрага, сонечнага настрою, верных паплечнікаў, заўсёднай сяброўскай падтрымкі і натхнення!