«Курапаты. Бяз слоў і “пазыцый”. Без крыкаў і спрэчак. Без ляманту і абразаў. Без гістэрык і зьнявагаў. Моўчкі глядзець і слухаць. Памятаць…». Гэта асноўнае ідэя кароткага фільму, які зрабіў прадусар Уладзімер Максімкаў.
Уладзімер Максімкаў тлумачыць Свабодзе, што ён не хацеў бы, каб ягоны твор выглядаў як падтрымка нейкага боку ў канфлікце вакол рэстарану ля Курапатаў. Паводле яго, у сытуацыі вострага канфлікту вельмі важна памаўчаць і падумаць. І паслухаць…
— Гэта твор, які я хацеў зрабіць мастацкім. Ён хутчэй атмасфэрны. Я не раблю высноваў, не гавару лёзунгамі, я прапаную проста паслухаць, падумаць і памятаць. Канечне, гэта навеяна неахайным стаўленьнем да ўласнай гісторыі з абодвух бакоў. Відавочная маніпуляваньне фактамі. Канкрэтнага дасьледаваньня і дакумэнтаў на сёньня мала. Асноўная бяда адбываецца празь дзяржаву. Адказнасьць і віна, на мой погляд, ляжаць на дзяржаве. Архіўныя дакумэнты павінны адкрывацца, павінны быць дасьледаваньні — навуковыя і грамадзкія. Грамадзтва павінна гэта прайсьці і перахварэць. Праблема зводзіцца да мэтраў, пры гэтым сутнасьць і сэнс губляецца, сымбалі губляюцца.
Уладзімер Максімкаў кажа, што ў яго выклікаюць некаторае раздражненьне паводзіны і мэтады змаганьня як аднаго, так і другога боку.
— Гэта хвароба грамадзтва. Мы абсалютна ня ўмеем адзін з адным гаварыць, ня ўмеем адзін аднаго слухаць. Кожны лічыць сваю пазыцыю непахіснай, жалезабэтоннай і выключна адзінай, і таму гэты канфлікт будзе цягнуцца яшчэ вельмі доўга. Размова не пра асобы і не пра канкрэтны рэстаран. Зьвярніце ўвагу, што такія канфлікты ўзьнікаюць увесь час. Гэта гаворыць пра тое, што хваравітае стаўленьне да сваёй слаба вывучанай гісторыі і слабая ідэнтыфікацыя сябе як нацыі яшчэ доўга будуць аўкацца.
Уладзімер Максімкаў шмат разоў наведваў Курапаты, апошнім разам — на мінулым тыдні.
— Паколькі гэтая тэма чарговым разам загучала, я туды прыехаў і раптам пачуў… Менавіта гук мяне падштурхнуў. Я пастаяў, паслухаў і раптам асабліва востра адчуў гэты вобраз, калі бясконца шумяць вакол машыны, ідзе бесьперапыннае жыцьцё, якое ня вельмі зьвяртае ўвагу на магілы і сьпевы птушак. І ад гукаў і нарадзіўся гэты маленькі фільм. Мне вельмі хацелася, каб мы да такіх рэчаў ставіліся акуратна і з асаблівай пашанай, як да тых, хто загінуў, так і да тых, хто жыве цяпер, таму што, калі мы ня будзе адзін аднаго паважаць, ніякай пэрспэктывы няма. Для мяне сьмешна, што кожная з бакоў спасылаецца на цывілізацыю, на Эўропу, і кожны з бакоў пры гэтым паводзіць сябе нецывілізавана і не па-эўрапейску.