Анастасія Рыдлеўская выпусціла новы сінгл

Беларуская мульцідысцыплінарная мастачка Анастасія Рыдлеўская выпусціла новы сінгл Clueless. Трэк стаў вынікам супрацы з музычным прадзюсарам Іллём Фаміным, які таксама працаваў над апошнім альбомам Рыдлеўскай Snake Charmer. Стылістычна песня працягвае лінію танцавальнай электроннай поп-музыкі, закладзеную ў трэку Scorpio Moon з нядаўняй плыткі.

Clueless

— За аснову я ўзяла энергію альбомаў Brat ад Charli XCX, The Dare ад The Dare, дадала драйву LCD Soundsystem, ранняй творчасці Брытні Спірз і, канешне ж, каліва Radiohead, — кажа Анастасія. — Мне заўжды хацелася пачуць музыку на такім стыку, а калі яе няма, то застаецца толькі самой яе напісаць.

З Іллём Фаміным артыстка працавала і раней — ён зводзіў і дапамагаў выдаваць Snake Charmer. Гэтым летам яны зноў сустрэліся на студыі.

— Дзякуючы Іллю, я змагла выйсці са сваёй зоны камфорту. Раней я думала, што магу ствараць песні толькі ў адзіноце, а аказалася, што працаваць разам — неверагодна весела. Мы з Іллём літаральна зараджалі адно аднога — атрымаўся такі гіпаманічны тандэм.

На пытанне, пра што гэтая песня, Анастасія адказвае загадкава:

— Ува мне жыве цудоўная Анжаліка, якая атрымлівае асалоду ад поп-музыкі і танчыць дома ў трусах і ружовым парыку. Гэта частка маёй асобы, таму я захацела даць ёй голас

Clueless адначасова і пра прыняцце сябе ва ўсёй разнастайнасці, пра свабоду рабіць тое, што падабаецца; і пра страту і разбітае сэрца, пра спробу знайсці ў сабе сілы не знішчаць сябе, а рухацца далей.

Сінгл Clueless даступны на ўсіх стрымінг-платформах.