Сёння ў Праваслаўнай Царкве вялікае свята «Богаяўлення» званае таксама «Хростам Гасподнім» альбо «Вадохрышчам». Яно звязанае з асвячэннем вады і пачаткам наведвання святарамі дамоў вернікаў.
Свята было ўстаноўленае ў памяць аб’яўлення Хрыста як Бога і першапачаткова ахоплівала тры падзеі: Раство, Хрост і першы цуд у Кане Галілейскай. Затым Царква выдзяліла хрост Ісуса Хрыста ў рацэ Ярдан у якасці асобнага свята, паколькі падчас яго Бог аб’явіўся адразу у Трох Асобах.
Двойчы, напярэдадні і у сам дзень свята, Праваслаўная Царква практыкуе абрад асвячэння вады на рацэ, возеры або проста ў храме. Заклікаючы Духа Святога, святар просіць, каб „зыйшло на ваду блаславенства Ярданава, каб вада паслужыла асвячэнню, вызваленню ад грахоў, аздараўленню душ і целаў”. Традыцыйна з сённяшняга дня да паловы лютага святары наведваюць дамы сваіх парафіянаў, асвячаюць вадой званай «ярданскай» памяшканні, моляцца за членаў сям’і.
Вернікі кладуць на стале хлеб і соль, ставяць ікону і запальваюць свечку. Наведванне дамоў вернікаў сімвалізуе, што Хрыстос выходзіць насупраць нас і спадзяецца, што і мы прымем Яго. Такі візіт святара дазваляе не толькі падзяліцца з парафіянамі радасцяй свята, але і лепш пазнаёміцца з імі. Вернікі са свайго боку маюць магчымасць пабыць сам насам са святаром, прадставіць яму свае праблемы, папрасіць парады.