Пасля святаў у кожнай сям’і застаецца шмат ежы, а ранкам вельмі лянотна гатаваць складаны сняданак. Мы пакажам, як хутка, сытна і смачна накарміць усіх сваіх блізкіх з дапамогай простых інгрэдыентаў.
Гарачая патэльня — страва або гульня?
Нашыя продкі ніколі не выкідалі ежу, гэта было вялікім грахом! Таму на ранак клапатлівы гаспадар ці гаспадыня прыдумвалі, як жа прымяніць тое, што не даелі за святочным сталом. Гэта мог быць суп, тушаная страва, або папросту ежу падсмажвалі і падавалі на сняданак. Так і з’явілася сытая або гарачая патэльня.
Ніякай канкрэтнага рэцэпта ў гэтай стравы не было, дадавалі ўсё, што засталося, або што лічылі патрэбным. Такая камбінацыя інгрэдыентаў, абсмажаных у печы, была даспадобы вялікай колькасці ласуноў. Такую патэльню з часам пачалі гатаваць і адмыслова як сытны сняданак або абед. Шляхта вельмі палюбіла з гарачай патэльняй бавіць вечары са сваімі гасцямі.
Цікава, што з часам з’явілася нават актыўная гульня пад назвай «Гарачая патэльня». Сэнс яе быў у тым, што людзі станавіліся ў кола і кідалі адно аднаму нейкі прадмет, гэты прадмет нельга было доўга трымаць, гулец мусіў яго як мага хутчэй перакінуць іншаму гульцу. Калі затрымаўся — гулец «згараў» і выбываў з гульні. Напрыканцы мусіў застацца толькі адзін чалавек, які станавіўся пераможцам.
Як прыгатаваць сытую ці гарачую патэльню?
Пры прыгатаванні гарачай патэльні ўсё залежыць ад інгрэдыентаў, што маеце, і ад вашай фантазіі. Можна дадаваць любыя мясныя вырабы, цыбулю, таматы, яйкі, зеляніну. Прынады на ваш смак. Галоўнае, каб «патэльня» была смачнай і насыціла ўсіх, хто побач.
Мы прапануем самы просты варыянт гарачай патэльні — з салам, каўбасой, бульбай і яйкамі. На патэльню выкладзіце нарэзаную грудзінку ці сала, яно можа быць нават вэнджаным, каўбасу парэжце парцыйна, няхай мясныя складнікі дадуць тлушч, тады можна выкладаць вараную бульбу. Усё прысыпаем соллю і любымі прынадамі на ваш смак. Калі бульба прысмажылася да залацістага колеру, зрабіце пляцоўку пасярэдзіне і дадайце яйкі. Падаем выключна на патэльні, іначай губляецца сам сэнс стравы. Галоўная ідэя гарачай патэльні — прыгатаваць смачную і сытную страву за мінімальны час.
Прапануем усім аматарам відэацыклу «Гатуем з "Будзьма!"» дасылаць нам свае версіі кулінарнай патэльні.
На сняданак з трох чалавек спатрэбяцца:
Грудзінка ці сала — 300 грамаў
Каўбаса — 300 грамаў
Бульба вараная — 300 грамаў
Яйка — тры штукі
Соль і прынады — па смаку