
– У савецкай школе мы вывучалі беларускую гісторыю з 1917 году, нібы астатняй гісторыі не існавала, яна заставалася белай плямай на агульнагістарычнай мапе савецкага часу. Беларускую літаратуру я ўвогуле не любіла да сёмага класу.
Потым да нас у школу прыйшла настаўніца, якая адкрыла нам вочы. Яна выкладала ў нас беларускую мову і літаратуру. Праз выкладанне літаратуры яна давала сваім вучням веды пра гісторыю і культуру Беларусі. Пра тое, што мы не частка Расіі, а асобная краіна са сваім унікальным мінулым. Потым пачалі з’яўляцца першыя кнігі Караткевіча. Я тады ўжо працавала ў праектным інстытуце. Падчас перапынку на працы я чытала “Каласы пад сярпом тваім”.
Памятаю, да мяне звярнулася калега па працы з пытаннем кшталту “што ты чытаеш”. Яна была аматарам літаратуры, але яе вельмі здзівіла, што я чытаю па-беларуску і што ўвогуле могуць існаваць кнігі на беларускай мове.
Мая сям’я таксама на мяне паўплывала. Кожнае лета мы наведвалі прыгожыя куточкі нашае краіны: маляўнічыя прасторы рэк і азёраў з іх непаўторнай прыродай. Падчас гэтых вандровак мы знаёміліся з жыхарамі вёсак, з іх аповедаў даведваліся шмат новага пра мінулае сваёй радзімы.
Быць беларусам для мяне – не страчваць веры ў лепшае, спадзявацца на тое, што прыйдзе той момант, калі мы зможам ганарыцца сваёй краінай, яе непаўторнай культурай, гісторыяй, мовай.
Я нарадзілася і жыву ў Мінску. Па спецыяльнасці інжынер. Люблю падарожжы, новыя ўражанні, якасную літаратуру і, безумоўна, сваю краіну.
Таццяна Казлова, інжынер, Мінск