Даследчыца таталітарнай сістэмы СССР распавядае пра псіхалагічныя асаблівасці рэпрэсіяў і матывацыі ахвяраў і катаў.
Для гісторыка Таццяны Процькі сталінскія рэпрэсіі – гэта не палымяныя словы альбо аголеныя эмоцыі. Гэта – тэма шмагадовых даследванняў і руплівай працы ў архівах , у тым ліку беларускага КДБ, расейскага ФСБ на пачатку 90-х, калі было яшчэ “можна”. Плёнам стала фундаментальная манаграфія “Станаўленне савецкай таталітарнай сістэмы ў Беларусі (1917-1941)”.
Пра псіхалогію гвалту над чалавекам, асабісты і дзяржаўны падтэкст з’явы даследчыца распавядае чытачам budzma.org
Чаму савецкая дзяржава не магла існаваць без рэпрэсіяў?
Сёння некаторыя палітычныя дзеячы стараюцца аднавіць у Беларусі савецкую камуністычную сістэму дзяржаўнага і грамадскага кіравання. Яны сцвярджаюць, што гэта сапраўдная народная сістэма, найлепшая за ўсе існуючыя для простых людзей. А рэпрэсій, наогул, зусім не было. На самой справе гэта зусім не так.
Галоўным недахопам савецкай сістэмы дзяржаўнага ўладкавання з’яўляецца тое, што яна не мае прыродных механізмаў для заахвочання людзей да працы. У так званым капіталітычным грамадстве такія механізмы вызначаныя дзеяннем інстытуту прыватнай уласнасці, які фарміруе стымулы працы, “чалавечую мару” – набыць дом, зарабіць болей грошаў, стаць рэспектабельным сярод калегаў, падвысіць свой стан ў грамадстве і г.д. Шчасце – гэта калі асабістыя патрэбы чалавека рэалізаваныя. Праца чалавека у такім выпадку больш плённая, вытворчая, таму яе вынікі ў стане задаволіць чалавека, зрабіць яго шчаслівым.
А як было ў Саюзе?..
У савецкай сістэме інстытут прыватнай уласнасці не дзейнічае, ён абмежаваны дзяржавай. Стымулы ствараліся штучныя: лічылася, што чалавек павінен быць шчаслівым, калі працуе для дзяржавы, якая забяспечвае патрэбы ўсіх людзей аднолькава праз спецыяльныя дзяржаўныя фонды і ўстановы.
Пры капіталізме чалавек працаваў для сябе, а пры саветах – на ўсё грамадства, для задавальнення патрэбаў усіх людзей. Але “справядлівае” і аднолькавае размеркаванне давала толькі беднае жыцце. Таму тыя, ад каго ў тым ці іншым сэнсе залежыла размеркаванне – на розных узроўнях дзяржаўнай іерархіі – размяркоўвалі не толькі справядліва, але і на сваю карысць. Акрамя таго, навукоўцы вызначылі , што патрэбы чалавека растуць па меры іх задавальнення. Справядлівага бюракратычнага размеркавання дабротаў за ўсе гады савецкай улады дасягнуць так і не атрымалася.
То бок прыцып, “ад кожнага па здольнасцях, кожнаму па патрэбе” – не спрацаваў?
Большая частка заробленага чалавекам адлічалася дзяржаве для размеркавання роўна для ўсіх. І той, хто працаваў больш і лепш у заробку амаль не адрозніваўся ад лайдака. Вядома, колькасць тых, хто працуе за ідэю, не была значнай. Прадукцыйнасць працы – галоўны эканамічны паказчык вытворчасці – у савецкай сістэме была нашмат ніжэйшай, чым пры капіталістычнай сістэме.
Каб наладзіць працу людзей “па здольнасцях”, савецкая дзяржава практычна з першых дзён свайго існавання выкарыстоўвала “падаўленне” нежадання аддана працаваць на карысць дзяржавы, што па-лацінску гучыць як “рэпрэсіі”. “Падаўленне” моцным было і ў ідэялагічнай галіне – чалавеку дазвалялася быць прыхільнікам толькі камуністычнай ідэялогіі. Іншадумства і іншадумцы вынішчаліся.
Рэпрэсіі на працягу існавання савецкай дзяржавы былі яе неад’емнай часткай. У розныя часы, канешне, гэта праяўлялася па-рознаму. Былі часы массавага тэрору, калі людзей забівалі тысячамі (гэта называлася “рэпрэсаваныя па першай катэгорыі”), а былі часы, калі можна было думаць, што калі ты публічна лаяльны да ўлады, то табе нічога не пагражае…
А ці можна было быць насамрэч лаяльным да дзяржавы і трапіць пад рэпрэсіі?
Зараз камуністы, каб апраўдаць рэпрэсіі, кажуць, што пад іх падпадалі толькі ворагі ўлады, якія хацелі наўмысна знішчыць савецкую дзяржаву. Яны адмаўляюць тое, што рэпрэсіі – неад’емная частка савецкай сістэмы. Абсалютная большасць рэпрэсаваных лічылі сябе лаяльнымі да ўлады. Я сустрэлася з гэтым феноменам, калі працавала са справамі і дакумантамі як у архівах спецслужб, так і архіве ЦК КПБ (б).
У арыштаваных не было нянавісці да сваіх катаў і самой савецкай улады. Да “ворагаў народа” , “шкоднікаў”, “антысаветчыкаў” далучалі людзей, якія крытыкавалі чыноўнікаў і іх дзейнасць, рабочых і сялян, якія “дрэнна” працавалі (не выконвалі планы, былі вінаватыя ў аварыях на вытворчасці, пажарах, эпідэміях, неўраджаях, смерці жывелаў і інш.) альбо наўпрост казалі “антысаветчыну”. Арыштаваныя лічылі свой арышт памылкай , казалі, што любяць дзяржаву і яе правадыра. Наўмысныя – даведзеныя фактамі – дзеянні супраць дзяржавы адзінкавыя.
Я глядзела пратаколы допытаў. Людзей катавалі, яны ведалі, што іх растраляюць, ілюзіяў не было. Але чалавек ўсё адно сцвярджаў, што гэта “памылка”, а ён – верны “ленінец-сталінец”! Гэта вельмі цікавы псіхалагічны феномен. Савецкі чалавек-вінцік прымаў сістэму прымусу, збудаваную на рэпрэсіях, ён быў публічна не супраць карнага апарату, але лічыў, што толькі ў яго выпадку мае месца памылка. Заўважу: вінцік умацоўвае сістэму, без яго сістэма развальваецца.
Як у Оруэла, атрымліваецца: “Зрабіце гэта камусці іншаму, але не мне!”
Так, але Оруэл тут не жыў, таму і не разумеў некаторых рэчаў – проста не мог сябе ўявіць магчымасць ажыццяўлення гэтых рэчаў. Ён па ментальнасці сваёй не савецкі чалавек.
Але якога кшталту людзі ставалі вінцікамі сістэмы?
Бальшавізм як уплывовая палітычная з’ява ўзнік як вынік Першай Сусветнай вайны. Ленін адразу зразумеў карысць ад таго, каб чальцы ягонай партыі былі пры зброі ды па-вайсковаму структураваныя. Спачатку інтэлігентаў-партыйцаў прымусова накіроўвалі ў войска, пасля ўжо яны самі пачалі туды імкнуцца. То бок у выніку партыя мела ў сваіх шэрагах шмат чальцоў, у якіх каштоўнасць чалавечага жыцця была дэфармаваная, знішчаная.
Гэта – першыя, самые моцныя вінцікі. Паглядзіце нават зараз, калі з вайны ва Ўкраіне, прыкладам, вяртаюцца ў грамадства салдаты: яны не разумеюць як тая ці іншая з’ява можа існаваць у грамадстве, бо самі яны ўжо – іншыя людзі. Так было і на досвітку ўлады бальшавікоў.
То бок гэта былі людзі, якія не маглі ўспрымаць цывільны лад жыцця?
Так, бальшавікі прапанавалі іншы лад жыцця: загад – як спосаб кіравання, іерархія, дысцыпліна. Аснова ўсяго– прымус. Не выпадкова паводле Леніна “Дзяржава – гэта апарат прымусу аднаго класа іншым класам”. То бок ёсць класы, якія дзяржавай прымаюцца, якія ў дзяржаве дамінуюць (рабочыя), ёсць тыя, якія маюць быць знішчаныя, бо яны варожыя (святары, буржуазія, дваране, кулакі), а ёсць тыя, якія павінны падпарадкоўвацца пакуль не перавыхаваюцца (сяляне, інтэлігенцыя). Самымі масавымі былі рэпрэсіі супроць варожых класаў, і тых вызначаных Камуністычнай партыяй адсоткаў, якіх перавыхоўвалі.
Але калі прадстаўнікі гэтых варожых класаў ведалі, што іх чакае, чаму яны прынамсі масава не з’язджалі з краіны, як зараз?
Мяркую, з таго, што камуністычная ідэя знешне вельмі прывабная. З растраляных у 1930-я гады есць тыя, хто ў пачатку 1920-х паспеў з’ехаць, пажыў у Чэхіі ці Польшчы, а пасля, годзе ў 1926-м, вярнуўся, бо – паверыў. Магчыма, адказ хаваецца ў тым, што ўсе хочуць бачыць у сацыялізме-камунізме толькі чалавечы твар. Такое жаданне ў некаторых беларусаў мы, нажаль, назіраем і сёння.
Заўважу, што рэпрэсіі былі не толькі па класавай, але і па нацыянальнай прыкмеце. Асабліва пацярпелі нацыянальныя меньшасці – палякі і немцы. Апошнія у Беларусі амаль поўнасцю былі вынішчаныя.
Цягам сваёй працы ў архівах ці вывучалі Вы асобы катаў?
Матэрыялы пра тых, хто працаваў у структуры КДБ закрытыя. Асабістыя справы кіраўнікоў рэспубліканскага і абласнога ўзроўняў захоўваюцца ў Расіі у архівах ФСБ. Тут, у Беларусі, знаходзяцца справы толькі другасных персанажаў. У Расіі і справы тых, хто быў рэпрэсаваны па так званым саюзным варожым арганізацыям – у БССР знаходзілі іх філіялы. Яшчэ ў 1991-м годзе я прасіла кіраўнітцва беларускага Камітэту: “Забярыце справы з Масквы, хоць копіі зрабіце!” Тады гэта можна было… Зараз – думаю,ужо не. Але, можа яны і есць – хто ведае?
Зараз можна карыстацца спісам кіруючых супрацоўнікаў НКВД 1930-х гадоў і іх кароткімі біяграфіямі, які зрабілі даследчыкі з расійскай грамадскай арганізацыі “Мемарыял”.
Ці былі лёсы, з якімі Вы сутыкаліся “за архіўным парогам”, якія Вас асабліва ўразілі?
Частка Архіву КДБ, якая тычыцца асабістых справаў людзей – гэта вельмі спецыфічны сегмент. Карыстацца інфармацыяй з гэтай крыніцы трэба з вялікай асцярожнасцю –тут утрымліваецца шмат недакладнасцей і памылак. Інфармацыя з гэтай часткі не была мэтай майго даследвання – я вывучала дакуманты, якія дазвалялі зразумець, як працуе сістэма, але, канешне, глядзела і справы людзей…
Чытала пра пісьменнікаў, якія супрацоўнічалі са спецслужбамі, дапамагалі ім знайсці ворагай сярод сваіх калег. Чытала справаздачы тых, хто назіраў за Янкам Купалам – піў-еў з ім за адным сталом, а потым пісаў пра гэта. Чытала пра тых, хто на пытанне следчых пра стаўленне чалавека, які іх цікавіў, да савецкай улады, пачынаў выказваць свае думкі і меркаванні пра ненадзейнасць гэтай асобы.
З болем прачытала пра свайго дзеда, які выказаў такое меркаванне пра малодшую сястру маёй бабулі – Зіначку. І мне стала зразумела, чаму мая бабуля адрэзала на ўсіх фотках дзеда і толькі нехта з родных даў маёй маці адзіны яго фотаздымачак.
А можна падрабязней пра справы пісьменнікаў?
Найбольш мяне ўразіла, мабыць, справа Кузьмы Чорнага. Ён напісаў у зняволенні цэлую кнігу, нібы споведзь, каб яго выпусцілі – больш за 150 старонак. Захоўваецца і рукапіс, і машынная перадрукоўка – для кіраўніцтва Пісьменнік апісвае свой жыццевы шлях, як працавала пісьменніцкае асяроддзе, якія антысавецкія рэчы тут назіраюцца. Але агульны кантэкст – гэта апісанне таго, як ён аступіўся, стаў антысаветчыкам, у рэшце рэшт. Памятаю, ён піша: “Ірачка, родная дачурка, у цябе светлая будучыня, хай будуць праклятыя гэтыя купалы ды коласы, якія…” Гэтым усё сканчаецца.
Рэпрэсіі – гэта не толькі знішчэнне, здзек над фізічным чалавечым жыццем, хоць жыццё – найбольшая каштоўнасць. Але для чалавека больш страшна акурат знішчэнне і дэфармацыя духоўнай асобы. Нават калі чалавек выйдзе з усіх колаў пекла рэпрэсіяў, зло ўсё адно застанецца жыць у ім. Фізічныя пакуты – неймаверныя, але душэўныя пакуты – не меньшыя. І пра гэта варта памятаць.
То бок чалавек агаворвае сябе: ад пачатку і да канца… Жахліва.
Савецкі чалавек – асобы чалавечы гатунак. Значную частку свайго жыцця я пражыла сярод савецкіх людзей – і я не хачу падобнага вопыту для маіх унукаў.
Зараз у Беларусі пэўная частка кіруючай эліты зрабіла спробу аднавіць савецкі лад арганізацыіі дзяржаўна-грамадскага жыцця – амаль 25 год ідзе адбудова палепшанага, без хібаў гісторыі, варыянта. Але як толькі гэты лад больш-меньш усталяваўся, рэпрэсіі сталі важкай часткай дзяржаўнага функцыянавання. Рэпрэсіі супраць гаспадарчага чынавенства, іншадумства і іншадумцаў – амаль штодзённая інфармацыя пра сучаснае беларускае жыцце. Толькі пакаранні зараз значна больш мягкія, не растрэльныя, судовыя (не – двойкі-тройкі, як было у 1930-я гады). Рэпрэсіі – гэта страшная праўда беларускай гісторыі. Хай будзе толькі гісторыі.
Размаўляў Алесь Кіркевіч