Гэй, новапрызваныя! Слухайце! Гавару наўпрост!
Помніце, што героі падзеленыя па падручніках і загадзя закладзеныя ў бюджэт,
Так што пакіньце на сайце шыльду: “Паэты пайшлі на фронт”!
І бацькам адпішыце з неба пра “all that jazz”!
Вашым слязлівым вершыкам месца хіба ў ЖЖ!
Раней бы сказалі ў… Цяпер жа – наадварот…
Па статыстыцы вас чытаюць 547 сяброў.
Некаторыя – насамрэч! І вось гэта напраўду – “жэсць”!
Вы ўсё яшчэ пішаце ямбам, тады мы ідзем да вас!
Прабіраемся Белавежаю, вожыкамі ў смузе…
Умеем лічыць да трох свае творы і рыфмы дзяліць на два!
І згодны адразу ў бронзу ці ў літмузей!..
За нас нават можна трошачкі пазаўзець,
Калі мы адно другому натхнёна плюем у твар…
І няхай нас у гэтыя шэрагі аніхто не зваў!
І няхай да заўтра кожны першы не дапаўзе!..
Добры дзень!
усе відэа праекту
інфармацыя аб праекце “Чорна-белыя вершы”
___________
Пра аўтара:
Таццяна Сівец нарадзілася 23 чэрвеня 1982 – журналістка, паэтэса. Скончыла факультэт беларускай філалогіі і культуры БДПУ ім. М. Танка (2005), атрымаўшы спецыяльнасць настаўніка англійскай мовы, беларускай мовы і літаратуры і аспірантуру Інстытута літаратуры ім. Я. Купалы НАНБ. Супрацоўніца радыёстанцыі “Беларусь”. Аўтар кніг “Праляцець па вясёлцы”, “Ліпеньская навальніца” і “Таму, хто знойдзе”.