«Памяці Рамана Цярэшкі. Прысвячаецца вернаму сябру Рамана Скірмунта» — надпіс з такімі словамі (арыгінал на польскай мове: «Pamięci Romana Tereszki. Druha wiernego Romana Skirmunta poswięcam») размешчаны на адным з помнікаў на сялянскіх могілках у вёсцы Парэчча Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. За гэтым подпісам, магчыма, хаваецца няпростая гісторыя, пакрытая таямніцай, аб магчымых нашчадках вядомага палітычнага дзеяча з Палесся, які спрычыніўся да дзейнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Чаму Раман Скірмунт пакінуў надпіс на помніку, і якую сувязь мела сялянская сям’я з прэм’ер-міністрам БНР?
Раман Скірмунт у Парэччы з мясцовымі жыхарамі. Фота з Вікіпедыі
Згаданы каменны помнік сёння з’яўляецца адным з найстарэйшых сярод тых, якія захаваліся ў вёсцы — у гады, калі помнік быў усталяваны, на могілках у Парэччы сяляне часцей ставілі драўляныя крыжы. Устаноўка менавіта каменнага помніка сведчыць аб тым, што пахаваны пад ім чалавек сапраўды быў блізкі да Скірмунтаў — аднаго з найбагацейшых родаў Пінскага Палесся, уладальнікаў некалькіх фабрык і маёнтка ў Парэччы.
Франтальная частка помніка змяшчае надпіс: «Роман Терешко. 1875–1915. Блажени чистіи сердцемъ яко тіи Бога узрять». А на тыльным баку пад імхом можна знайсці тэкст, які сведчыць пра дачыненне да ўстаноўкі помніка сенатара Польшчы ад Палескага ваяводства, дэпутата Дзяржаўнай думы Расійскай імперыі ад Мінскай губерні, прэм’ер-міністра Беларускай Народнай Рэспублікі Рамана Скірмунта.
Магіла Рамана Цярэшкі ў Парэччы. Крыніца: асабісты архіў аўтара
Кім быў Раман Цярэшка, які пахаваны на могілках у Парэччы?
Пры жыцці Цярэшка працаваў фурманам у маёнтку Рамана Скірмунта. Вядома, што ў 1915 годзе ва ўзросце 40 гадоў у выніку няшчаснага выпадку — скінулі коні — Цярэшка загінуў. Землеўласнік Парэчча Раман Скірмунт узяў апеку над сям’ёй нябожчыка і дапамагаў яго блізкім — удаве Кацярыне Цярэшка (1875–1957), якая пахавана побач на Парэцкіх могілках, і дзецям.
На асобе Кацярыны Цярэшка мае сэнс спыніцца падрабязней. Як вынікае з вусных успамінаў жыхароў Парэчча і навакольных вёсак, адносіны Скірмунта з удавой Цярэшкі былі асаблівымі. Мясцовыя жыхары адзначалі, што ў 1920-я гады Кацярына Цярэшка жыла і працавала ў маёнтку Рамана Скірмунта ў Парэччы, якое ў тыя гады ўваходзіла ў склад Другой Рэчы Паспалітай. Пацвярджэнне яе пражывання ў маёнтку знаходзіцца і ў спісах выбаршчыкаў у Сейм і Сенат Польшчы 1935 года.
У архіўных дакументах, якія захоўваюцца ў Дзяржаўным архіве Брэсцкай вобласці, пазначана, што ў парэцкім маёнтку Рамана Скірмунта, сярод іншых, жылі Кацярына Цярэшка (1880 года нараджэння) і яе дзеці: Філіп (1902 г. н.), Раман (1903 г. н.), Уладзімір (1907 г. н.), Тэафіла (1908 г. н.), Марыя (1909 г. н.), Пётр (1909 г. н.).
Раман Скірмунт
Лёс жанчыны ўзгадваецца і ў найбольш падрабязнай біяграфіі прэм’ер-міністра БНР — кнізе «Раман Скірмунт (1868–1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю» (2018) прафесара Аляксандра Смаленчука. Фрагменты вусных успамінаў жыхароў Парэчча, якія прыводзяцца ў выданні, дазваляюць сцвярджаць, што цягам доўгага часу Кацярына Цярэшка займала асаблівае месца ў жыцці Рамана Скірмунта, а іх адносіны, як сцвярджаюць рэспандэнты, мелі рамантычны характар:
Вельмі асцярожна і тактоўна вяскоўцы распавялі пра ўдаву Рамана Цярэшкі: «Баба красівая была. Самы гады такі пад яго [Рамана Скірмунта]... То засакрэчана любоў» (Марыя Кучынская, 1919 г. нар., в. Парэчча). Разам з тым Лізавета Епішка, якая была сваячкай Цярэшак, сцвярджала, што Раман Цярэшка не мог мець дзяцей.
Дзяцей Кацярыны Цярэшкі ў Парэччы лічылі дзецьмі ад Рамана Скірмунта. Нават мелася гаворачая вулічная мянушка — «скірмунтавы».
Ураджэнец суседняй вёскі Табулкі, былы шафёр Рамана Скірмунта Мікалай Куцко на пытанне, чаму ён лічыць іх дзецьмі «пана», адказваў: «Падобныя як партрэты». І дадаваў: «Як сцямнее, Цярэшка хустку на галаву і сама бяжыць да яго [Рамана Скірмунта]...»
Сквер з фантанам перад домам Скірмунтаў у Парэччы (пачатак ХХ ст.). Крыніца: кніга «Раман Скірмунт (1868–1939): Жыццяпіс грамадзяніна Краю» (2018). А. Смалянчук
Вусная гісторыя зафіксавала таксама эпізоды нетыповых адносін паміж «панам» і сынамі Кацярыны Цярэшкі:
Так, старэйшы з братоў Олесь ажаніўся з дзяўчынай з Парэчча, якую называлі «камуністкай», бо аднойчы яна выступіла супраць «пана». Пасля вяселля Олесь прыйшоў прасіць дрэва на будоўлю хаты. Але нічога не атрымаў. Раман Скірмунт быў моцна незадаволены шлюбам і нібыта заявіў: «Я ж табе казаў: не бяры Гэлю» (Рыгор Цярэшка). Маладыя перабраліся ў вёску Тышкавічы. Арандавалі жытло. Олесь наладзіў кузню, а жонка аказалася добрай краўчыхай. Рэспандэнты сцвярджалі, што Раман Скірмунт, калі даведаўся, што яны жывуць добра, сам прапанаваў Олесю ўзяць дрэва на пабудову хаты.
У кастрычніку споўнілася 85 гадоў са дня забойства Рамана Скірмунта. Прэм’ер-мінстр БНР Раман Скірмунт — чалавек, які зрабіў шмат для станаўлення беларускай дзяржаўнасці і асабіста для жыхароў палескіх вёсак — загінуў у 1939 годзе. 7 кастрычніка ён быў расстраляны ва ўрочышчы «Корань» паміж вёскамі Велясніца і Кажанёва ў Пінскім раёне. Пахаванне самаго Рамана Скірмунта знаходзіцца таксама ў Парэччы, у некалькіх сотнях метраў ад пахавання Рамана Цярэшкі — парэшткі прэм’ер-міністра БНР падчас вайны былі пахаваныя ў парку, які раней засейваў сам Скірмунт.
Ці варта лічыць гэтыя звесткі дакладным пацверджаннем таго, што ў Рамана Скірмунта засталіся нашчадкі? Наўрад ці. Згодна з афіцыйнымі звесткамі па сямейным стане Рамана Скірмунта, прэм’ер-міністр БНР ніколі не меў уласнай сям’і і ніколі не быў жанаты. Аднак oral history — вусная гісторыя — і запісаныя ўспаміны жыхароў Парэчча і навакольных вёсак даюць прынамсі ўскосныя падставы разгляду альтэрнатыўных трактовак гэтага пытання.
Мікалай Заяц, Budzma. org