Такую мову развалілі!

На кухонным стале
Танчыць чорная котка
Танчыць чорная котка
На кухонным стале

А.Г.

Кагадзе адзін паважаны палітык выказаўся па праблеме культуры мовы ў сеціве. Сярод іншага наракаў, што мы назіраем “сапраўдную паломку і жарганізацыю мовы” праз неапраўданае выкарыстанне “ангельскіх тэрмінаў, назваў і слоў”, “у сеціве ўжываюць слова “сабака” ў жаночым родзе (як у расейцаў)”, спрэс пішуць “котка”, хаця агульная назва мусіць быць “кот” і г. д. Прага славы не дае нам спаць, да таго ж космас (як мінімум беларускі) не даруе, калі і мы не выкажамся на гэтую тэму.

Так, людзі часам называюць котку “коткай” (магчыма, сапраўды маюць на ўвазе самку ката, а не ката-мужыка), блытаюць роды і склоны назоўнікаў, няправільна спрагаюць дзеясловы – прызнаем, памылак безліч. Ладная іх частка – пабочны эфект білінгвізму, а дакладней, таго, што беларуская мова вывучаная паўзверх расейскай. Дык і не дзіва, што “людзі ў розуме сваім перакладаюць з расейскай” (мае месца “субардынатыўны білінгвізм”) – але сам факт выкарыстання такога механізму чамусьці надзвычай уразіў палітыка. А як іначай, калі іх з маленства вучылі па-расейску, з імі так размаўлялі бацькі, садок, двор, школа, універсітэт. Сёння ці не кожны новы малады карыстальнік беларускай мовы ў сеціве робіць свядомае намаганне, крок насустрач, кудысьці, магчыма, па-за зону камфорту. І той факт, што людзі нарэшце пачынаюць трохі меней трэсціся ў прыпадку ды, выбачыўшыся, пераходзіць на расейскую ад найменшай сваёй памылкі, сведчыць, што сітуацыя мяняецца, і для многіх беларуская робіцца мовай камунікацыі, а не толькі сімвалам з той самай паліцы, дзе пыляцца лапці са слуцкім поясам.

Спачатку многія з адраджэнскага пакалення хапаліся за галаву, маўляў, аёечкі, канец, памірае, загубілі мову, загубілі, бо гавораць на ёй толькі дзяды нашы і прадзеды, а дзеці-ўнукі-праўнукі ад спадчыны спаконвечнай адмовіліся. Але вось моладзь – няхай сабе перадусім у інтэрнэце – падхоплівае беларускую мову, дык цяпер чуюцца новыя скаргі: спаганілі мову, у вас “чь” мяккае,  а гэта нейкае ўкраінскае слова, дзе яканне, а вось тут польскае, дзе ваша асіміляцыя па мяккасці, у беларускай мове няма мацюкоў, каб вас куры патапталі… І большасць гэтых заўваг – слушныя, але гэтая слушнасць заглушаецца безапеляцыйнасцю. Калі добрую параду даюць тонам вашай самай істэрычнай школьнай завучкі (фемінітыў? о не!), то наўрад ці вы да яе прыслухаецеся. Рэч у тым, што Тыя, Хто Ведае Сапраўдную Беларускую Мову, часта будуюць камунікацыю з вышыні свайго жыццёвага пастаменту, паблажліва-пагрозліва пазіраючы ўніз, а пасля дзівяцца, што распырсканая гнеўная сліна не дае плёну і навокал адны бязграматныя хіпстары ў вышымайках, завэзганых смузі.

Але найпільнейшыя сярод Знаўцаў – каста Тых, Хто Ведае Сапраўдную Вёску і Мову Яе. О, гэтыя табе, гарадскому падшыванцу, ды табе, малой сікусе з вуліцы Кастрычніцкай, спуску не дадуць, бо вы, вядома ж, мовы не адчуваеце, бо з малаком маці яе не ўсмакталі, а вывучылі ўжо нават не па слоўніках-падручніках ды “Новай зямлі”, а з фэйсбукаў ды кантактаў, або з песняў беларускамоўных гуртоў, або пазнаёміліся з беларускамоўнай дзеўчынай і тыднямі фліртавалі з ёй УКантакце. Ваша мова – дрэнная, яна як чырвоная ануча.

І праўда ў тым, што яна, такая беларуская мова, па вялікім гамбургска-філалагічным рахунку, сапраўды далёкая ад красы і сілы тае самае мілагучна-распеўнае прывіднае прыгажуні, што паўстала дзякуючы намаганням пісьменнікаў і паэтаў. Але “той самай” ніколі, хутчэй за ўсё, не існавала і ўжо дакладна больш ніколі не будзе. “Сапраўдная беларуская мова” засталася ў тэкстах. Варта прызнаць той факт, што калі і наканавана мове выжыць, то ў новым – выбачайце, апгрэйджаным – варыянце (тут аўтары б’юць сябе па губах за брыдкі англіцызм). І сёння ўсё больш людзей разумее гэта – ад міфічных тралейбусных “звычайных” грамадзянаў, што гавораць: “Ат, гэты ваш новы беларускі язык – не такі, як мы учылі ў школе / Якуб Колас пісаў / мама гаварыла”, – да філосафаў мовы і аматараў Статута і слоўніка Насовіча.

Жыццё суворае: прыходзяць новыя беларускамоўныя – насамрэч, часцей актыўныя білінгвы, якія карыстаюцца ў штодзённым жыцці і расейскай таксама, пераскокваючы з аднае на другую натуральным чынам. Іх лінгвістычная адукацыя – брудныя завулкі інтэрнэту, бо школа дае толькі асновы на ўзроўні “замест “и” пішацца “і” і “ў першым складзе перад націскам “е” пераходзіць у “я”. Яны ездзяць у Львоў і, натхніўшыся, завозяць кантрабандныя “прывіты” разам з “марозівам” і вышыванкамі, прыдумляюць нязграбныя слоганы, каб падбадзёрыць саміх сябе ды тых, хто круціць калаўрот фрэндстужкі.

Шаноўны палітык заклікае раскаяцца гурт Naviband  і ўсіх, хто разам з імі замест беларускага “гэй!” спяваў “чужое дзіўнае слова: “Хэй, хэй-хэй”, і дадае, што гэта неверагодна, каб так спявалі беларусы. Але значыць, мы жывем у дзівосную эпоху, калі з беларускай мовай здараецца неверагоднае.

А.П. і У.Л.