Тамаш Грыб. Прынцыповы беларус

У гэты дзень 85 гадоў таму ў Празе пайшоў з жыцця грамадскі, палітычны і культурніцкі дзеяч Тамаш Грыб. Як склаўся ягоны лёс? Што дапамагло яму нават у выгнанні рэалізавацца і стаць аўтарытэтам для іншых? У дзень памяці гэтага легендарнага чалавека, які стаяў ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці, прыгадваем цікавосткі з яго жыцця.


01_1895_Hryb.jpg
Тамаш Грыб. Фота: radabnr.org

Нарадзіўся Тамаш Тамашавіч Грыб у Палянах у беднай сялянскай сям’і. Вучыўся ў народнай школе ў Ністанішках. У 1914 годзе паступіў у Пецярбургскі псіханеўралагічны інстытут, дзе і далучыўся да беларускага руху. Тое і не дзіва, бо сталіца Расійскай імперыі ў першыя дзесяцігоддзі ХХ стагоддзя — гэта цэнтр беларускага жыцця. Маладыя і актыўныя выхадцы з Беларусі ехалі туды ў пошуках лепшай долі — хто за адукацыяй, а хто за працай.

У кастрычніку 1916 года Тамаш Грыб, як і многія іншыя беларускія дзеячы таго часу, быў мабілізаваны ў войска. Браў удзел у Першай сусветнай вайне. І гэты факт адыграў важную ролю ў яго біяграфіі, бо калі ў снежні 1917 года ў Мінску будзе адбывацца Першы Усебеларускі з’езд, Тамаш Грыб будзе прамаўляць на ім ад імя ўдзельнікаў вайны.

Па ўсім відаць, Тамаш Тамашавіч быў чалавекам даволі энергічным, бо яшчэ да пачатку працы з’езда заклікаў як мага хутчэй распачаць яго, «а не думать о своем животе». А калі ў працэсе зайшла гаворка пра магчымую страту Віленшчыны і Гарадзеншчыны, прыцыповы Грыб заявіў, што ніхто не мае права вырашаць нешта за беларусаў. Маўляў, гэта нават не падлягае абмеркаванню. Таму зусім не дзіва, што ў вырашальны апошні дзень працы з’езда ён быў сярод тых, хто патрабаваў неадкладнага абвяшчэння рэспублікі проста тут і цяпер. Не выглядае і выпадковым тое, што Тамаш Грыб быў у ліку арыштаваных бальшавікамі ў час разгону з’езда.

У студзені 1918 года Тамаш Грыб браў удзел у працы Трэцяга Усерасійскага з’езда Саветаў, дзе ўступіў у досыць эмацыйную пікіроўку са Сталіным. Яго, як і многіх іншых беларусаў, абурыла тое, што зрабілі бальшавікі ў Мінску, але і Сталін не маўчаў, абазваўшы мерапрыемства «з’ездам памешчыкаў». Калі верыць Змітру Жылуновічу, які таксама там прысутнічаў, на маскоўскім з’ездзе невялікая групка беларускіх сацыялістаў з 15 чалавек за кароткі час прымусіла звярнуць увагу на сябе.

Тамаш Грыб быў таксама адным з аўтараў Устаўных грамат, праз якія Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда звяртаўся да беларускага народа з заклікам узяць уладу ў свае рукі, а потым паведамляў спачатку аб абвяшчэнні Беларускай Народнай Рэспублікі, а следам і аб яе незалежнасці. Ён быў таксама сябрам Рады БНР, а ва ўрадзе займаў пасады міністра земляробства і міністра ўнутраных спраў.

Калі ў пачатку красавіка 1918 года ў Мінску былі абвешчаны бясплатныя курсы беларусазнаўства, Тамаш Грыб быў у шэрагу выкладчыкаў. Будучым настаўнікам ён чытаў лекцыі па беларускай літаратуры, якую вельмі добра ведаў. Таксама слухачы знаёміліся з асновамі беларускай мовы гісторыі, геаграфіі эканомікі, права. Патрэбна гэта было, каб наладзіць школьную справу.

Паводле сваіх перакананняў Тамаш Грыб быў чалавекам хутчэй левых поглядаў, але пры гэтым глыбока занураным у беларускую справу. Таму не дзіва, што ён далучыўся спачатку да Беларускай Сацыялістычнай Грамады, а потым стаў сябрам Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. За сваю датычнасць да гэтай партыі і выразную антыпольскую пазіцыю яго ў 1919 годзе двойчы арыштоўвалі польскія ўлады.

Калі ў студзені 1919 года ў Смаленску была абвешчана Савецкая Беларусь, то Тамаш Грыб адгукнуўся на гэта на старонках выдаванай ім у Вільні газеты «Грамадзянін» з рэверансам у бок Жылуновіча і кампаніі пад назвай «Новы беларускі ўрад». Такая пазіцыя была абумоўлена найперш скасаваннем сумнавядомага Аблвыкамзаха, які Грыб называе «душыцелем беларускага нацыянальнага руху».

У канцы 1920 года Тамаш Грыб выехаў у Коўна, дзе ў той час ужо знаходзіўся ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі на чале з Вацлавам Ластоўскім. Там Тамаш Грыб займаўся выданнем газеты «Сялянская доля». У канцы верасня 1921 года ён браў удзел у знакамітай Усебеларускай палітычнай канферэнцыі ў Празе, якая аб’яднала прадстаўнікоў асноўных палітычных беларускіх партый. А з 1922 года перабраўся туды на сталае жыццё.

02Praha-1921-768x507.jpg
Усебеларуская палітычная канферэнцыя ў Празе, 1921. Фота: radabnr.org

У сталіцы Чэхаславакіі тады было дастаткова беларусаў. Нехта ехаў за працай, нехта вучыцца. Найперш выхадцы з Заходняй Беларусі, якія або не маглі паступіць у польскія ўніверсітэты, або не хацелі гэтага рабіць. Многія з іх глядзелі з сімпатыяй у бок Савецкай Беларусі, рыхтаваліся да таго, каб пасля прыняць савецкае грамадзянства. Былі, вядома і тыя, хто крытычна ставіўся да Саветаў.

03_1921_Praha_BPSR.jpg
Дэлегацыя партыі эсэраў на канферэнцыі ў Празе. Тамаш Грыб у цэнтры. Фота: radabnr.org

Сярод тых, хто, адвучыўшыся, паехаў у БССР быў, напрыклад, паэт Уладзімір Жылка. Ён быў фактычным рэдактарам часопіса «Прамень», які выходзіў у Празе ў другой палове 1920-х і выдаваўся беларускім студэнцтвам. Пасля знакамітай Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу ён, натхніўшыся беларусізацыяй, перабярэцца ў Мінск і неўзабаве зазнае рэпрэсіі. Тамаш Грыб быў з тых, хто з ім сябраваў...

Зміцер Жылуновіч разам з Міхасём Чаротам і Міхасём Зарэцкім у 1927 годзе наведвалі некалькі еўрапейскіх краінаў, у тым ліку і Чэхаславакію. Пісьменнікі не маглі не заехаць у Прагу, дзе сустрэліся з тамтэйшымі беларусамі. Пасля Жылуновіч напісаў некалькі дзясяткаў травелогаў аб гэтай вандроўцы, якія публікаваліся на старонках «Савецкай Беларусі». У ягоных нарысах сустракаецца і Тамаш Грыб, які «вымушаны сваімі сіламі здабываць сабе сродкі для працы і для жыцьця».

04.jpg

Тамаш Грыб паступіў на філасофскі факультэт Карлавага ўніверсітэта, які скончыў у 1927 годзе, паспяхова абараніўшы доктарскую дысертацыю на тэму «Праблема нацыі і народа» і атрымаўшы званне доктара філасофіі. Стварыў Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Францыска Скарыны, быў актыўным сябрам Беларускага студэнцкаа саюза. Браў удзел у працы Беларускай Рады ў Празе.

З 1930 года ён працаваў у Славянскай бібліятэцы, а ў 1934–1938 гадах быў загадчыкам беларускага замежнага архіва. Актыўна друкаваўся ў мясцовых беларускіх выданнях — «Студэнцкай думцы», «Золаку», «Iskry Skaryny». Перакладаў публіцыстыку з расійскай і чэшскай моваў.

Пайшоў з жыцця ва ўзросце 43 гадоў. Месца пахавання Тамаша Грыба невядомае. Як бачым, гэта быў чалавек, які нават у выгнанні здолеў рэалізавацца і стаць аўтарытэтам для іншых.

 
Л. Г., budzma.org