Тамаш Ваўжэцкі. Другі пасля Касцюшкі

07.03.2023 Асоба

Роўна 270 гадоў таму, 7 сакавіка 1753 года, нарадзіўся Тамаш Ваўжэцкі — грамадска-палітычны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. З гэтай нагоды прыгадваем цікавыя факты з жыцця аднаго з лідараў і кіраўнікоў паўстання 1794 года.


204.png
Тамаш Ваўжэцкі

З’явіўся на свет будучы генерал-лейтэнант на гістарычнай Браслаўшчыне. Адносна акалічнасцей яго нараджэння ёсць пэўныя недакладнасці, бо ў літаратуры часам сустракаюцца розныя месцы нараджэння — ці то нашыя Відзы ці то Мейшты, якія цяпер знаходзяцца на тэрыторыі сучаснай Літвы. У любым разе на той час гэта быў Браслаўскі павет, які ўваходзіў у склад Віленскага ваяводства. 

Тамаш нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і. Акрамя яго, было яшчэ двое сыноў і дзве дачкі. Ваўжэцкія былі даволі заўважным родам і адыгрывалі значную ролю ў мясцовым жыцці. Яны ўласна і былі першымі ўладальнікамі Відзаў. А родавыя карані вядуць у Польшчу.

204.jpg
Маёнтак у Відзах, 1916 г.

Пра дзяцінства Тамаша Ваўжэцкага вядома не так і шмат. Дакладна ведаем хіба тое, што вучыўся ён ў езуіцкай школе ў Відзах, а таксама з маладых гадоў цікавіўся правам. Нават практыкаваў нейкі час у земскіх судах. Пэўна, менавіта таму за даволі хуткі час і займеў рэпутацыю сапраўднага адмыслоўца ў юрыдычнай справе. 

Сваю грамадскую і палітычную дзейнасць Тамаш Ваўжэцкі распачаў на Ковеншчыне, дзе былі ўладанні ягонай жонкі, дачкі пісара Вялікага Княства Літоўскага Міхала Паца. З 1782 года Ваўжэцкі быў там падстарастам, а з 1784 года — падкаморным. Але нягледзячы на тое, што ён добра праявіў сябе на розных пасадах, узвысіцца па-сапраўднаму яму так і не ўдалося. Давялося вяртацца на сваю малую радзіму, дзе для гэтага не было перашкодаў з боку буйной магнатэрыі. 

Браслаўскай шляхтай Тамаш Ваўжэцкі быў абраны ў якасці дэпутата на так званы Чатырохгадовы сойм, які праходзіў у Варшаве з кастрычніка 1788 года па травень 1792 года і быў скліканы для таго, каб рэфармаваць дзяржаву, якая аказалася ў стане глыбокай стагнацыі. На ім Ваўжэцкі выступіў 169 разоў і паказаў сябе як палымянага патрыёта Рэчы Паспалітай, які дбае не толькі аб уласным дабрабыце, але і аб будучыні сваёй Бацькаўшчыны.

205.jpg
Чатырохгадовы сойм у Варшаве

Рэч у тым, што яшчэ ў 1772 годзе тры буйныя еўрапейскія манархіі, а менавіта Расійская імперыя, Аўстрыйская імперыя і Прускае каралеўства, паставілі краіну, якая кіравалася Станіславам Аўгустам Панятоўскім, перад фактам страты сваёй тэрыторый. Суседзі і да гэтага імкнуліся ўплываць на ўнутраную і знешнюю палітыку Рэчы Паспалітай шляхам інтрыгаў, подкупу палітыкаў і вайсковай інтэрвенцыі, але цяпер перайшлі ўсе магчымыя «чырвоныя сцяжкі».

206.jpg
Станіслаў Аўгуст Панятоўскі

Для справядлівасці варта адзначыць, што Станіслаў Аўгуст Панятоўскі рабіў захады для таго, каб рэфармаваць і рэанімаваць дзяржаўнае жыццё. Пры ім адбыўся згаданы Чатырохгадовы сойм, запрацавала эканоміка, было абмежаванае права liberum veto, праведзена вайсковая рэформа, забаронена стварэнне канфедэрацый і многае іншае. 

У траўні 1791 года была нават прынята Канстытуцыя Рэчы Паспалітай — першая ў Еўропе і другая ў свеце. Распрацоўка яе адбывалася пры актыўным удзеле Тамаша Ваўжэцкага, які, як ужо было зазначана вышэй, меў рэнамэ добрага правазнаўцы. Да ўсяго Ваўжэцкі трымаўся дэмакратычных поглядаў і выступаў за шырокія рэформы ўсіх сфераў жыцця. Таму не толькі выказваўся за неабходнасць з’яўлення канстытуцыі як такой, але і горача абараняў ідэі, якія дэклараваліся пасля яе абвяшчэння. Панятоўскі таксама звярнуў увагу на палымянага прамоўцу, які адстойваў інтарэсы сялян, мяшчан і дробнай шляхты.

У аснове Канстытуцыі ляжалі два важныя юрыдычныя дакументы таго часу — амерыканская Канстытуцыя 1787 года, а таксама Дэкларацыя правоў чалавека і грамадзяніна, якая была прынятая ў выніку перамогі Вялікай Французскай рэвалюцыі ў 1789 годзе. Няцяжка здагадацца, што і Канстытуцыя Рэчы Паспалітай 1791 года была літаральна прасякнута ідэямі Асветніцтва, якія былі тады надзвычай папулярныя ў Еўропе. 

Але нягледзячы на нібыта пазітыўныя зрухі, рашучыя захады Панятоўскага ды набліжаных да яго не далі плёну. Яны хіба прыспешылі суседнія дзяржавы да яшчэ больш актыўных дзеянняў. І ўжо ў канцы студзеня 1793 года адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай, а ўвосень таго ж году ў Гародні прайшоў так званы «маўклівы сойм», які на заканадаўчым узроўні павінен быў замацаваць чарговыя тэрытарыяльныя страты краіны. Праўда, дзялілі гэтым разам Рэч Паспалітую толькі Расійская імперыя і Прускае каралеўства, бо Аўстрыйская імперыя была занятая змаганнем з Францыяй. Баючыся, што прагрэсіўныя і рэвалюцыйныя ідэі могуць перакінуца і на яе тэрыторыю.

207.jpg
Еўрапейскія манархі дзеляць Рэч Паспалітую


У адказ на гэты падзел у канцы сакавіка 1794 года ў Кракаве распачаўся збройны выступ, які неўзабаве ачоліў выхадзец з беларускіх земляў Тадэвуш Касцюшка. Ён як чалавек, што меў на той момант ужо багаты вайсковы досвед, пагадзіўся стаць кіраўніком паўстанцаў не адразу. «Толькі за шляхту ваяваць не буду. Жадаю свабоды для ўсяго народа і толькі для яго гатовы ахвяраваць жыццё», — вядомыя яго словы. Тамаш Ваўжэцкі таксама не толькі на словах пераймаўся за лёс простых людзей — вядома, што ва ўласных маёнтках ён адмяніў для сялянаў паншчыну і надаў ім волю.

208.jpg
Тадэвуш Касцюшка

Тадэвуш Касцюшка далучыў да паўстанцкай справы і Тамаша Ваўжэцкага, які ў канцы красавіка 1794 года ўвайшоў у склад Найвышэйшай Літоўскай рады, а ў канцы траўня стаў сябрам Найвышэйшай Нацыянальнай рады ў Варшаве. У хуткім часе ён стаў адным з лідараў паўстання ў Жамойці і Курляндыі, а ўжо летам атрымаў званне генерал-лейтэнанта. На ўласныя сродкі Ваўжэцкі ўзброіў і экіпіраваў паўстанцкі атрад колькасцю ў 300 чалавек. 

Пасля бітвы пад Мацяёвіцамі ў кастрычніку 1794 года, дзе Тадэвуш Касцюшка быў цяжка паранены і трапіў у расійскі палон, Тамаш Ваўжэцкі быў абвешчаны галоўным кіраўніком паўстання на ўсёй тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Праўда, ужо ў наступным месяцы ён і сам трапіць у палон ды стане вязнем Петрапаўлаўскай крэпасці, дзе напіша ўспаміны аб паўстанні. 

Пасля прыходу да ўлады расійскі імператар Павал І не толькі захаваў жыццё Тадэвушу Касцюшку і Тамашу Ваўжэцкаму, але вызваліў іх. Ужо ў 1796 годзе абодва былыя паўстанцы выйдуць на волю. Касцюшка не прыме расійскага падданства і выедзе спачатку ў Амерыку, а потым перабярэцца ў Швейцарыю. Ваўжэцкі застанецца жыць на радзіме, але на пэўны час адыдзе ад грамадскіх і палітычных справаў. 

З 1808 года ён будзе займаць пасаду старшыні судова-адукацыйнай камісіі Віленскага ўніверсітэта, а паралельна ўзначальваць дабрачыннае таварыства ў Вільні. У канцы 1811 года возьме ўдзел у з’ездзе мясцовай шляхты, які выступіць супраць Напалеона Банапарта. Бо, як вядома, у той час на баку імператара з Парыжа былі далёка не ўсе прадстаўнікі літоўскай знаці. 

У часе французска-расійскай вайны 1812 года Тамаш Ваўжэцкі зойме бок расійцаў і нават часова перабярэцца ў Санкт-Пецярбург. Пасля вайны будзе міністрам юстыцыі і пажыццёвым ваяводам у Каралеўстве Польскім.

У адрозненне ад многіх паплечнікаў з маладосці, якія былі вымушаныя выехаць у эміграцыю, памрэ Тамаш Ваўжэцкі дома. Пахаваюць яго ў родных Відзах у жніўні 1816 года.

209.jpg
Помнік Тамашу Ваўжэцкаму. Відзы, 2018 г.

Ф. Т., budzma.org