Tanin Jazz: “My Babe” па-беларуску

taninjazz

У межах праекту “Тузін. Перазагрузка” інтэрнэт-парталу “Тузін Гітоў” і грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі” праект Tanin Jazz прадстаўляе сваю песню “My Babe” у беларускамоўнай электра-поп версіі. “Нам было вельмі прыемна рабіць гэты трэк. Як на мяне, дык я б яго ацаніла на дзесяць балаў з дзесяці магчымых”, – кажа вакалістка Тацяна Гарошка. Цяпер Tanin Jazz рыхтуе свой другі альбом і шукае беларускамоўнага аўтара.

Да пераасэнсавання песні “My Babе” са свайго дэбютнага дыску “Feel This Time” удзельнікі праекту Tanin Jazz Тацяна Гарошка і Сцяпан Бітус падышлі сур’ёзна. “Мы адчувалі, што ў гэтай песеньцы ёсць яшчэ не скарыстаны патэнцыял, таму вырашылі яе перазапісаць цалкам у новай аранжыроўцы”, – апавядае Тацяна. “Трэк атрымаўся зусім далёкі ад арыгіналу, у гэтым і была задума”, – дадае Сцяпан.

Аўтару беларускага тэксту “My Babe” – літаратару Віталю Воранаву – давялося зрабіць некалькі варыянтаў перакладу, пакуль не быў зацверджаны канчатковы. Падавалася ўжо, што Віталь не знойдзе паразумення з музыкамі. “Я цалкам зразумеў Таню, калі яна не пагадзілася з некаторымі момантамі ў тэксце, і ўзяўся за пераклад па новай. Але пры гэтым мне здалося, што часам расійскамоўныя беларусы неадэкватна ўспрымаюць беларускія тэксты, бо ведаюць толькі эстрадны варыянт кшталту “Я лягу, прылягу”, – кажа Віталь. Але ўрэшце ён здолеў стварыць такі тэкст, які да канца задаволіў і яго самога, і праект Tanin Jazz.

“Сапраўды, было няпроста, але калі прыкладаеш да чагосьці шмат высілкаў, то абавязкова выходзіць вельмі цікава. Тое, што ў нас атрымалася ў выніку, я б ацаніла на 10 балаў з 10 магчымых”, – кажа Тацяна.

Беларускамоўны трэк паклаў пачатак новаму этапу ў жыцці гурта. Цяпер яны знаходзяцца ў пошуках аўтара словаў да іх новых беларускіх трэкаў, а таксама рыхтуюць новы альбом, які будзе вельмі розніцца па стылістыцы ад папярэдняга дыску.

Слухаць песню:

Tanin Jazz – My Babe (муз. Тацяна Гарошка, арыгінальны тэкст Мацін Асімаў, бел. тэкст Віталь Воранаў).