Таня Гарошка з кампаніяй запісала ідэальны лаўнж-альбом, які калі і ацэняць належым чынам у Беларусі, то толькі праз гады.
Tanin Jazz пад канец 00-х быў ці ня самым пэрспектыўным праектам зь Беларусі – выдатны старт з альбомам “Feel This Time”, удзел у саўндтрэку да стужкі “Розыгрыш” Лунгіна і Кудзіненкі, паездка на літоўскі Be2gether, пасьпяховыя клюбныя выступы ў Менску і Маскве…Але празь некаторы час пра гурт Тані Гарошкі калі і згадвалі, то больш у мінулым часе – маўляў, была такая някепская група ды ўсплыла. Справа далей не пайшла і авансы ня спраўдзіліся, у тым ліку і праз трагічную падзею – памёр тэкставік і гітарыст каманды Мацін Асімаў. Таня спрабавала запусьціць новы клюбны праект пад цяжказапамінальнай назвай Monsoon Sexy Season, але ад брэнду Tanin Jazz не адмовілася, зьбіраючы раз-пораз пад гэтаю шыльдаю выдатных музыкаў. Яна шукала новае гучаньне як для ранейшых песень, так і для новых. Студыйны і канцэртны Tanin Jazz наогул выглядалі як два зусім розныя гурты. Уласна кажучы, альбом “Remade Silence” – гэта і ёсьць спроба прывесьці да адной роўніцы абодва фарматы існаваньня.
Каб атрымаць найбольш поўнае ўяўленьне ад дадзенай працы і зразумець на што здольны Tanin Jazz, праслухоўваньне можна пачаць з шостага трэку – “My Babe”, з шалёнымі клявішамі Косьці Гарачага. Гэта ня значыць, што іншыя трэкі саступаюць у пляне выканальніцкага майстэрства. Проста гэты найхутчэй устаўляе. Акром “My Babe”з дэбютніка 2008-га году тут прысутнічаюць таксама істотна перапрацаваныя “Feel This Time”, “I Believe”, і “Virtual Love”, перакладзеная на ангельскую (Таня ў прынцыпе адмовілася ад расейскай мовы выкананьня). Гучаньне кружэлкі мацуюць бас Славы Сяргеенкі, вядомага з WZ–Orkiestra ды бубны Аляксандра Мінца. Без сумневу, настрой альбому ствараюць клявішы Гарачага і беспадобны вакал Тані Гарошкі на вытанчаныя і ненапружныя тэксты Алены Аракелян, якая і сама зьяўляецца бліскучай джазавай сьпявачкай.
Tanin Jazz працуе на рэдкай для беларускай музычнай сцэне дзялянцы, абсалютна вольна абыходзіцца з музычнай формай і – што найбольш цэнна – абсалютна не заганяе сябе ў межы пэўнага жанру. Таня Гарошка сама па сабе вакалістка ўнікальная, з адметнай манерай выкананьня. Яе голас не сьцяты, яна не намагаецца прыпадабніцца да нечай манеры выкананьня і відавочна атрымлівае задавальненьне ад таго, як яно ўсё атрымліваецца. Тое, што гучыць у “Remade Silence” якраз і павінна звацца поп-музыкай, далёкай ад шаблёнаў і пошласьці, лёгкай, ненавязьлівай, густоўнай. Праўда што, такі прадукт трэба вучыца смакаваць, ён не для хуткага спажываньня, ад таго вымагае ад слухача прынамсі мінімальнай падрыхтоўкі. На жаль, на беларускім ТВ і радыё інтэлектуальную лёгкую музыку ня надта шануюць, таму вялікай папулярнасьці і прызнаньня на гэтай тэрыторыі ім чакаць не выпадае. Затое яны цалкам здатныя на тое, каб ачараваць замежнага слухача.
“Remade Silence” – гэта яшчэ што, наперадзе ў Tanin Jazz яшчэ больш неверагодны рэліз – першы беларускамоўны лаўнж-альбом. Апублікаваныя трэкі зь яго сьведчаць, што гурт працягвае свой пошук, зноў зьмяняе гучаньне і гатовы прыемна зьдзіўляць надалей.
Выкананне: 10
Тэксты: 9
Запіс: 9
Аздабленне: 9
Сяргей Будкін