Я не адразу заўважыла, што па дарозе на кірмаш напяваю сабе песеньку з фільма “Слёзы капалі” Георгія Данэліі. У “Слязах” сюжэт пераклікаецца з казкай Андэрсэна “Снежная каралева”: тролі насіліся па небе з чароўным люстэркам і ўрэшце разбілі… Песеньку я спявала без усялякага намеру (пасля, вядома, высветліцца, што не), як зазвычай і пяюцца песенькі чалавекам у гуморы, якога ногі нясуць да добрага месца.
Па дарозе знайшла стрэляную гільзу і паклала ў торбу, бо заўжды кладу ў торбу падарункі неба — спатрэбіцца. Прапанавала знаёмай маленькай дзяўчынцы як сувенір. Дзяўчынка сумелася, і маці, хаваючы вочы, патлумачыла, што дачка больш любіць звычайныя цацкі — лялечак, напрыклад. Маленькіх такіх, але не гільзы.
На кірмашы, набраўшы кучу рознакаляровага сэканднага, я накіравалася ў дальнюю прымерачную кабінку. Задаволеная, павольна надзяваю-здымаю адну за адной сукенкі, кашулі, спадніцы, як раптам — страшэнны грукат разбітага шкла! Высветлілася, што гэта люстра ў суседняй кабінцы. Кагосьці адправілі за дырэктарам кірмашу. Прыбіральшчыца шумна пачала падмятаць. Не думала я раней, што люстэрка б’ецца з такой сілай…
Выходжу з прымерачнай у сонечны жнівень — і нешта як выбухне! Увесь гандаль страпянуўся. Завіраваў абмеркаваннямі. Казалі, альбо шына лопнула, альбо ўрэзаўся хтосьці ў кагосьці… Але гук — як ад сапраўднай выбухоўкі! Дальбог! Вось якія наступствы маюць выпадковая песенька і стрэляная гільза…
Выбраўшы з усяго барахла самыя танныя і таму самыя файныя рэчы, я сустрэла С. Ён спытаў, пабачыўшы кучу вопраткі:
— У прадпрымальнікі хіба перакваліфікавалася?
— Не, даніну модзе аддаю перыядычна.
— Я цябе бачыў колькі разоў у горадзе, але ты не звяртала аніякай увагі.
— Відаць, ты глядзеў без энтузіязму.
І тут заўважаю О., якая млява цягаецца ўздоўж гандлёвых радоў. Я даўно хацела пабачыць старую сяброўку. Хадзіла неаднойчы ўвечары пад яе вокнамі. Але святло не гарэла. Думала, што з’ехала О.
— О.! — клічу.
І О. бяжыць насустрач, раскінуўшы тонкія рукі.
— Вось такі энтузіязм маеш на ўвазе? — пытаецца з усмешкай С.
— Менавіта!
С. сыходзіць збянтэжаны.
Мы абдымаемся з О.
Разбітае люстэрка і выбух невядомага паходжання папярэднічалі абдымкам з О. Гэта я цяпер ведаю дакладна. Таму што больш нічога са мной у той дзень не здарылася. А два паказальныя знакі без прычыны не бываюць.
— Дзеля чаго разбівацца-выбухаць проста так? — пытаюся я ў светабудовы.
— Проста так нічога не адбываецца, — рэхам адказвае яна.
— Сяброўскія абдымкі, — працягвае сваю думку светабудова, — найлепшае з таго, што можа здарыцца з чалавекам.
— Згодная!
Скажу больш — я калекцыяную абдымкі, падсілкоўваючыся ад іх энергетычнай сілай. З некаторага часу гэта зрабілася нормай жыцця — абдымацца. Як з Партугаліі вярнулася, як пачалі са мной абдымацца — і як пачала я абдымаць у адказ! Адкуль узялося столькі прыхільнікаў цялеснага кантакту? А гэта сябры з сеціва развіртульвацца пачалі. Самае дзіўнае — дагэтуль я думала, што яны крышачку прывіды. А яны не тое што цялесныя, дык яшчэ і сапраўдныя сябры. Дзіва дый годзе! Спачатку было крыху цяжка. Рукі дзервянелі. Правінцыйная скаванасць. А потым нічога — прызвычаілася. Цяпер дык і люблю — амаль не кідаюся ўбок, як раней, ад рук выцягнутых. Але першая пакуль не абдымаюся. Да гэтага яшчэ дарасці трэба.
Між іншым у кіно мяне заўсёды краналі сцэны і словы пра абдымкі. Як у стужцы Пэдра Альмадовара “Пагавары з ёй” (Hable con ella) 2002 года, дзе сябра галоўнага героя, седзячы за кратамі, шкадуе, што не можа абняцца з галоўным героем. Заўсёды асабліва моцна плачу ў гэтым месцы. Бо паціху енчу на працягу ўсяго фільма. Такі ўжо чалавек Альмадовар — расчуліць і грошай не возьме. Дарэчы, даўно не пераглядала гэтае кіно. Як адгукнецца ў састарэлым сэрцы дыялог праз тэлефонныя слухаўкі ў прыёмным турэмным памяшканні?
Рызыкнула і гляджу. Вось ён — момант ісціны:
— Прывітанне, сябра! — вітаецца галоўны герой з сябрам-злачынцам.
— Прывітанне!
— Вымак? Не прастудзіся — выпі шклянку малака з мёдам, калі вернешся дадому.
— Ладна… Як ты?
— Я хацеў бы цябе абняць…
Галоўны герой прыкладае далонь да шкла, што радзяляе мір свабодных і зняволеных. Зняволены сябра цалуе сваю далонь як для паветранага пацалунка і прыкладае яе са свайго боку.
Не вытрымала, як заўсёды. Заплакала…
Напэўна Альмадовар — першы, хто павярнуў мяне да абдымкаў. Але ж доўгі жыццёвы шлях трэба было прайсці, перш чым навучыцца рабіць гэта шчыра. Насамрэч цяжкі занятак. Нездарма існуе недзе за мяжой дзяўчына, якая за грошы па-майстэрску абдымаецца. Яна нават працу асноўную, кажуць, кінула. Толькі ляжыць у ложку з раскінутымі рукамі. Спачатку, відаць, сядзела, але стамілася.
Можа, нехта скажа: вось жа занятак. А вы паспрабуйце. Мяне, напрыклад, з дзяцінства таўклі ў галаву падчас святочных сямейных візітаў:
— Абдымі цёцю Марыю!
Я забівалася ў кут. А Марыя патрабавала:.
— Бож-жа мой! Ну што за дракон. Цяжка прытуліцца?
Іншыя пляменнікі і пляменніцы — хутка скок да цёткі . Ім і цукеркі. А я не магла і не магла. Чытаць пра абдымкі магла. Плакаць над імі ў кіно. Нават вершы пісаць:
Мы неловко пытаемся выжить
Мы неловко пытаемся выжить
с помощью книжек или кино
глянуть со стороны это просто смешно
и очень редко красиво
как было к примеру недавно
в английском фильме
где главный герой открылся сестре родной
с тоской на какую был только способен:
— Мои руки не запятнаны любовью — и глаза его наполнились слезами страдания
— Как подумаю — перед этим сказала она — где побывали твои руки
в горло не лезет мне завтрак приготовленный тобой
после того как узнала что ты «голубой»
.в ответ он ей глянул прямо в лицо
с горечью и со всей своей добротой
на какую был только способен:
— Вот мои руки — он расправил тяжелыми лапами ирландского кондуктора
складки на скатерти
— Вот руки мои взгляни
и они
за семьдесят лет моей жизни не запятнаны никакой любовью
и они
никогда не знали объятий
так что ешь спокойно не бойся
приятного аппетита.
2003
Верш — як вынік вялікай дозы натхнення пасля кінастужкі Суры Крышнаммы “Любовь без имени” (A Man of No Importance) 1994 года. Дарэчы, абдымкі, на якія намякае “кандуктар”, зусім не сяброўскія. Затое дзякуючы публікацыі верша ў ЖЖ я пазнаёмілася з выдатным украінскім паэтам Алесем Барлігам. І на гады пасябравала з ім. Мы яшчэ не бачыліся, але ўпэўнена, што абдымемся пры сустрэчы, як старыя аднавайскоўцы…
Таня Скарынкіна