Чаму новы міністр культуры не выцягне на новы ўзровень беларускі кінематограф. Пра тое, каму насамрэч трэба адрасаваць прэтэнзіі пра «ганьбу» ў беларускім кіно, разважае ў каментары Филину кінакрытык Тарас Тарналіцкі.
Аляксандр Лукашэнка назваў «ганьбай» сітуацыю ў беларускім кінематографе і даручыў свежапрызначанаму міністру культуры выправіць становішча.
Ну, як даручыў. Загадаў.
— У цябе іншага шляху няма. Альбо памерці, альбо навесці парадак у гэтай сферы, — заявіў правіцель.
У прыватнасці, Лукашэнку абурыла, што «ўсе хочуць мець грошы, але на выхадзе не хочуць пагадзіцца з тым, што трэба мець харошы фільм, карціну харошую». У выніку, паводле правіцеля, беларускае кіно «скацілася» і стала «горш выглядаць да таго савецкага перыяду, калі надавалі сур’ёзную ўвагу кінематографу».
Гэта той рэдкі выпадак, калі з ім складана не пагадзіцца. За апошнія гады чыноўнікі ад культуры — а міністраў, як і кіраўніцтва кінастудыі «Беларусьфільм», прызначае і ўзгадняе сам Лукашэнка — шмат што зрабілі для пагаршэння спраў у кіно.
Cцісла нагадаем іх «дасягненні»:
паклалі на паліцу стужкі на нацыянальную тэматыку («Купала», «Авантуры Пранціша Вырвіча»), затое штампуюць «агіткі», зробленыя на замову ўладаў («Ліст чакання», «Культурны код», «На другім беразе», «Мемарыяльныя комплексы Беларусі»);
ператварылі ў міжсабойчык калісьці годны фестываль «Лістапад»;
звялі міжнароднае супрацоўніцтва да партнёрства з РФ, Кітаем і Індыяй, Карэяй, Іранам;
пачалі паказваць у кінатэатрах пірацкія копіі фільмаў з «несяброўскіх» краін;
напоўніцу ўключылі адміністрацыйны рэсурс для імітацыі запатрабаванасці ідэалагічных кінастужак;
падтрымалі і працягваюць рэпрэсіі, «чорныя спісы», «чысткі» ў творчай сферы.
Выглядае на тое, што сёння ў Беларусі вярнуць кіно хаця б да ранейшага ўзроўню — Mission impossible, і гаворка, на жаль, зусім не пра галівудскую медыяфраншызу. Але хочацца перапытаць: хто гэта зрабіў?
— Насамрэч тое, што кажа Лукашэнка пра дрэнны стан дязржаўнага кінематографа (а ён кажа перадусім пра дзяржаўны сектар) — праблема не новая, яна існавала даволі даўно, — зазначае ў каментары Филину кінакрытык Тарас Тарналіцкі.
Фота з асабістай старонкі ў Facebook
— Прыкладна тое самае ён казаў і ў нулявыя, і ў дзясятыя гады, а зараз паўтарае. Адбылося ж гэта праз тое, што ўладам было зусім не да мастацтва, не да культуры і ў прыватнасці не да кіно. Улада цікавілася кінематографам выключна для сваіх палітычных мэтаў, як гэта было ў 2002-2003 годзе з фільмам «Анастасія Слуцкая» альбо ў 2019-м з «Купалам».
Калі Лукашэнка пачынае наракаць, што ніхто гэта не глядзіць — ну канешне, ніхто і не будзе глядзець, калі вы здымаеце пераважна пра Другую сусветную вайну і калі кінематограф абслугоўвае ідэалагічны сектар.
Людзям цікава іншае: тое, што звязана з культурай Беларусі, з нашай ідэнтычнасцю, а таксама тое, што можа забаўляць. А большасць кантэнту «Беларусьфільма», асабліва пасля 2020 года, не забаўляльная і не цікавая.
Вядома, гэта ганьба, а не нармальны кінематограф, у шырокім сэнсе.
— Ці здолее наогул хто-небудзь, у тым ліку новы міністр-актор, вядомы ўдзелам у расейскіх серыялах і публічнай падтрымкай Лукашэнкі, у такіх варунках наладзіць вытворчасць «харошых карцін»?
— У вашым пытанні ўжо ёсць адказ: канешне, не. Гэта не было магчымым і ў больш спрыяльных умовах, бо сама сістэма не дазваляла ствараць якасны кантэнт. Ён з’яўляецца, калі няма абмежаванняў — ідэалагічных, цэнзурных, мастацкіх. А ў нас гэта ўсё было і да 2020 года, цяпер тым болей.
Стварыць у такіх умовах якаснае кіно — не тое каб зусім неверагодна, але з тымі рэсурсамі, тымі грашыма і тымі кіраўнікамі, што ёсць у дзяржавы і ў «Беларусьфільма», я ў падобнае проста не веру. Як не веру і ў нейкія асаблівыя здольнасці Чарнецкага.
Мне пра яго шмат распавядалі і акторы, і менеджары, хто з ім працаваў — кажуць, што ён, можа, і вельмі адданы рэжыму, ідэалагічна падкаваны, але не вельмі разумны чалавек, і ў яго відавочна няма тых навыкаў, якія неабходныя для стварэння сапраўднага цікавага кінематографу.
У першую чаргу ён сам актор, як вы слушна заўважылі, здымаўся пераважна ў серыялах (яго можна пабачыць і ў ідэалагічных праектах кшталту «Код Каіна», які здымалі пра Плошчу-2010, у расейскай скрозь ідэалагізаванай стужцы «Зоя»).
Чарнецкі ў кадры з фільма «Код Каіна». Фота: kino-teatr.ru
Таму я не бачу падстаў лічыць, што ён нешта зможа зрабіць. Да Чарнецкага гэта спрабавалі зрабіць людзі, у якіх быў значна больш пракачаны менеджарскі, прадзюсарскі напрамак — і ў іх не атрымалася. Памятаю прыклады ўдалай капрадукцыі ў 2010-я, але зараз такога быць проста не можа.
— Лукашэнка не першы год гаворыць пра кіно як «важнейшае з мастацтваў» і патрабуе здымаць добрыя фільмы. На вашу думку, чаму яго гэта так турбуе — хоча, каб пасля яго ў народнай памяці нешта засталося, умоўна, новыя «Белыя Росы»?
— Я б не сказаў, што гэта звязана з жаданнем, каб пры яго кіраўніцтве дзяржавай быў зняты нейкі выбітны праект. Мне падаецца, у такіх катэгорыях ён не разважае.
Але яму хочацца, каб быў, магчыма, нейкі пазітыўны фідбэк з боку гледачоў. Бо зразумела: тое, што пішуць у дзяржСМІ, ад «Саўбелкі» да раённых газет, быццам чарговы праект «Беларусьфільма» выклікаў у беларусаў захапленне і ўсе пайшлі глядзець знятае дзяржстудыяй кіно — гэта стварэнне штучнай рэчаіснасці. Насамрэч, ніхто асабліва не ходзіць на гэтае кіно, бо яно ідэалагічнае, пра вайну, і, скажам шчыра, невысокага мастацкага ўзроўню.
З апошніх больш-менш удалых праектаў «Беларусьфільма» Тарас Тарналіцкі называе фільм «Чорны замак» паводле Караткевіча. Але з агаворкай, што ўласна беларускага там няшмат: аснова, вытворчыя магчымасці і месцы здымак, шэраг беларускіх актораў у ролях другога плану ды часткова прадакшн.
Асноўная ж каманда, ад рэжысёра да выканаўцаў галоўных роляў, — расейцы. А без іх удзелу, як паказвае практыка, у беларускай дзяржаўнай кінастудыі прадукт выходзіць яшчэ горшы і менш патрэбны гледачу.
— Лукашэнку важна прывабіць да сябе праз кіно і частку свайго электарату, згубленага пасля 2020 года, і новых людзей, — мяркуе крытык. — Але...
Паколькі створана такая сістэма, якая рэпрэсуе артыстаў, патрабуе ад іх лаяльнасці і дадатковых пазнак любові да рэжыму — такіх людзей, каб былі яшчэ і таленавітыя, у яго асяродку сёння няма. Таму ён можа, натуральна, у чарговы раз патрабаваць зняць «блакбастар», магчыма нават, што гэта яго мара. Але каб такое здзейснілася, нават не ведаю, што павінна адбыцца. Прынамсі, павінна змяніцца ўлада.
Бо немагчыма навесці парадак там, дзе ты ўжо стварыў проста непрымальныя ўмовы для працы і для існавання людзей.