Таргавіцкая канфедэрацыя 1792 г.: контррэвалюцыя з апорай на Расію

Роўна праз дзесяць дзён пасля таго, як у Рэчы Паспалітай адсвяткавалі першыя ўгодкі Канстытуцыі 1791 года, у мястэчка Таргавіца на мяжы з Расіяй увайшло расійскае войска. Адначасова тут было абвешчана аб стварэнні новай канфедэрацыі нязгодных з рэформамі. Гэтыя падзеі адбыліся 14 мая 1792 года.

У гісторыі можна прасачыць адну заканамернасць: пасля рэвалюцыі заўсёды надыходзіць контррэвалюцыя. Сітуацыя ў Рэчы Паспалітай у канцы XVIII стагоддзя пацвярджае гэтую ісціну.

Сапраўды, высілак, зроблены Чатырохгадовым соймам у маі 1791 г., меў абрысы калі не рэвалюцыі (улада ж не была зрынутая), то вельмі радыкальнай рэформы. Былі змененыя асновы дзяржаўнага ладу, да ўдзелу ў кіраванні дапускаліся мяшчане, ухвалялася вайсковая рэформа…

Радыкальнасць і прагрэсіўнасць крокаў рэфарматараў патрабавала значных ахвяр. І гэтымі ахвярамі сталі старыя парадкі і традыцыі.

У Рэчы Паспалітай існавала асаблівая культура замілавання даўніной. “Шляхецкай дэмакратыяй” ганарыліся, у ёй бачылі найлепшае праяўленне грамадскіх свабодаў і ўнікальны, лічы, бездакорны дзяржаўны лад. Права “ліберум вета”, калі магчымым магло быць толькі аднагалоснае галасаванне, усур’ёз лічылася найвялікшым дасягненнем дэмакратычнага волевыяўлення. Была яшчэ адна “святая карова” — усеагульнае права шляхты выбіраць свайго караля. І гэта ў той час, калі навокал у суседзяў назіраўся трыумф абсалютнай манархіі…

Супраць злому старых парадкаў існавала моцнае кола незадаволеных. Але іх ўплывы заставаліся слабымі, пакуль яны не сягалі па вонкавую падтрымку. Наша ўсходняя суседка — Расійская імперыя — была вельмі незадаволеная канстытуцыйнымі пераўтварэннямі. Старыя “шляхецкія парадкі і вольнасці” былі ёй выгадныя. Парадокс, але гэта так —не было лепшай крыніцы для ўтрымання Рэчы Паспалітай у падпарадкаваным стане, чым анархія пад выглядам свабоды. Гэтая “норма” нават была прапісаная юрыдычна — Кацярына ІІ афіцыйна з 1768 года была гарантам нязменнасці ўладкавання Рэчы Паспалітай…

Такое права было выдатным рэсурсам ціску. Групоўка незадаволеных магнатаў, свайго роду “пятая калона”, таксама знаходзілася без праблем. Праз подкупы, абяцанні новых пасад, задавальненне славалюбных амбіцый было няцяжка зляпіць кола прыхільнікаў. А фармат канфедэрацыі быў правераным і эфектыўным сродкам уздзеяння на ўладу.

У Таргавіцы свежаспечаныя канфедэраты абвясцілі, што яны з патрыятычных пачуццяў не згодныя з новымі парадкамі, якія разбураюць Рэчы Паспалітую і выступаюць супраць іх.

Што ж яны баранілі, супраць чаго выступалі? Канстытуцыю 1791 года яны называлі ні больш ні менш рэвалюцыяй і змовай. Сябраў канфедэрацыі ўзрушылі такія рэчы, як зламанне прысягі караля, пераўтварэнне Рэчы Паспалітай (г.зн. рэспублікі) у манархію, ліквідацыя старых шляхецкіх вольнасцяў, сойм, ігнараванне соймікавых інструкцый, дзе гучаў голас шляхты.

Канфедэраты выступалі ў тым ліку за дуалізм Рэчы Паспалітай, захаванне асобнасці ВКЛ у яго складзе. Але нягледзячы на прывабнасць гэтай ідэі для нас, нашчадкаў, не трэба ўпадаць у ілюзіі. З боку канфедэратаў гэта была прага да безумоўнага захавання традыцыі і старых парадкаў, без уліку новых палітычных і культурных рэалій. Аднак непарушнае трыманне за старую ідэю не павіннае шкодзіць ісці наперад — гэтага канфедэраты не здолелі, дый не хацелі зразумець.

Таргавіцкія канфедэраты ўрачыста абвясцілі, што ва ўмовах, якія склаліся, усе надзеі на “ветлівую дапамогу” Расіі, якая гарантуе незалежнасць і самабытнасць Рэчы Паспалітай. Дарэчы, да напісання таргавіцкай дэкларацыі прыклаў руку расійскі генерал Васілій Папоў. Калі яшчэ згадаць, што план новай канфедэрацыі быў зацверджаны ў Санкт-Пецярбургу пры канцы красавіка 1792 г., то сумненняў не застаецца, дзе гулялася галоўная скрыпка ў гэтым канцэрце…

У Санкт-Пецярбургу лідарам Таргавіцкай канфедэрацыі паабяцалі, што Расія не будзе зноў адбіраць тэрыторыі ў Рэчы Паспалітай, ёй важна толькі захаваць шляхецкую дзяржаву ў нязменным выглядзе.

Як моцна яны памыляліся! Канфедэрацыя стала той зброяй, якая падвяла прусакоў і расійцаў да другога падзелу дзяржавы у 1793 годзе. Літаральна за два месяцы, ад 14 мая 1792 г., расійскія войскі занялі Вільню і Варшаву. Новая ўлада, зразумела, у мэтах “узнаўлення справядлівасці” распачала “паляванне на лісаў” — рэпрэсіі і канфіскацыю маёнткаў. Многія былі вымушаныя эміграваць. Гэта быў сапраўдны контррэвалюцыйны адкат у мінулае…

Палітычная слепата, на якую захварэла частка грамадства, не дазваляла зразумець, што заігрываць з мядзведзем не прывядзе ні да чога добрага, бо ў яго свае апетыты, якія задавольваюцца ў спрыяльны час.

Тыя ўзрушэнні, якія перажывала Рэчы Паспалітая ў канцы XVIII стагоддзя, напярэдадні трох падзелаў сваёй тэрыторыі, добра паказваюць, як змяшаліся ўнутры краіны публічныя (чытай — агульнадзяржаўныя) і прыватныя інтарэсы. “Агульнае дабро” рабілася прыкрыццём для ўласнага ўзбагачэння (маштабнай карупцыяй займаўся, прыкладам, адзін з правадыроў таргавічан Шыман Касакоўскі), свае шкурныя інтарэсы выстаўляліся як дэманстрацыя захавання вернасці вечным (і зусім не састарэлым!) ідэалам Рэчы Паспалітай.

Не пазбегнуў такога стаўлення да рэчаіснасці нават апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Доўгі час займаючыся палітыкай улагоджання Расіі, ён па вушы ўлез у даўгі да імператрыцы Кацярыны ІІ. Вельмі хутка яна змусіла караля падтрымаць таргавіцкіх канфедэратаў і тым самым адрачыся ад Канстытуцыі 1791 года. Той быў звязаны па руках і па нагах, яму папросту не было куды падзецца. Так прыватныя справы абумовілі дзеянні дзяржаўнага дзеяча.

Калі б Таргавіца была рупарам нязгодных з рэформамі ўнутры краіны і толькі, яна б, напэўна, засталася ў гісторыі як праява альтэрнатыўнага шляху развіцця Рэчы Паспалітай. Але апора на вонкавую падтрымку краіны, якая ўжо выказвала сваю хцівасць, вяла канфедэратаў на здрадніцкі шлях. Залежнасць і марыянеткавасць яе лідараў не магла не ўсведамляцца. Як толькі склаліся неабходныя спрыяльныя акалічнасці, нашы суседзі — гэтым разам Прусія і Расія — пачалі сваю справу па адарванні тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Будзем памятаць, што прывялі іх на нашы землі якраз таргавіцкія канфедэраты.

Гэтая гісторыя нагадвае нам, што ніхто не будзе абараняць твае інтарэсы, калі ты сам не ў стане гэта зрабіць. Калі без вонкавай падтрымкі не абысціся, то нельга перакрочваць мяжу, калі дапамога ператвараецца ў фактар сілы, тым больш вырашальны… Але гэтая мяжа занадта тонкая, і палітыкі зноў і зноў спакушаюцца, каб перайсці яе, зразумела, з найлепшымі для сябе надзеямі.

Андрэй Янушкевіч