«Уся Русь павінна належаць Літве!» Тастамент Альгерда і Кейстута

03.05.2024 Гісторыя

Доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Краўцэвіч працягвае на ўласным YouTube-канале распавядаць пра малавядомыя факты з беларускай гісторыі.


Alieś Kraŭcevič

Які наказ у дзяржаўнай палітыцы князі Альгерд і Кейстут хацелі перадаць сваім сынам? Як, па волі Альгерда, на знешнепалітычным фронце мусіў паводзіць сябе яго наступнік? Навошта Альгерд і Кейстут хацелі захаваць дуумвірат спадчынна? Каго са сваіх шматлікіх сыноў браты-князі выбралі сваімі спадкаемцамі? Адказы на пастаўленыя пытанні дае гісторык Алесь Краўцэвіч.


Дуумвірат вялікіх мужоў стану Альгерда і Кейстута — самы паспяховы з усіх дуумвіратаў у Вялікім Княстве Літоўскім, не пакінуў пасля сябе аформленага на пісьме тастамента. Але тое, што менавіта яны хацелі перадаць дзецям, акрамя дзяржавы, які даць наказ, зразумела і так — працягваць іх справу, яшчэ больш пашыраць і мацаваць дзяржаву.

Вывучэнне захаваных крыніц і ведаў пра развіццё падзей пасля сыходу дуумвіраў дазваляюць зразумець, што канкрэтна яны разумелі пад працягам іх справы і мацаваннем дзяржавы.

Галоўная стратэгічная мэта знешняй палітыкі дзяржавы была акрэсленая вялікім князем Альгердам Гедымінавічам. Яе фармулёўка дайшла да нас акружным шляхам праз запіс у Лівонскай хроніцы Германа Вартберга. Апісваючы спробу германскага імператара ў 1358 г. ахрысціць у каталіцтва ліцвінскіх князёў, лівонскі храніст пераказаў адказ Альгерда, які выставіў імператару свае ўмовы. Сярод іх была прапанова перавесці Тэўтонскі ордэн з Прусіі ў стэп на землі між татарамі і русінамі дзеля абароны хрысціян ад татарскіх набегаў. Галоўнае ж — адмова Ордэна ад заваёвы русінскіх земляў і (цытую) каб «уся Русь цалкам належала ліцвінам» (у арыгінале: «omnis Russia ad Letwinos deberet simpliciter pertinere»).

Гэты выраз даследчыкі трактуюць як лапідарную фармулёўку Альгердам знешнепалітычнай праграмы Вялікага Княства Літоўскага, якую ён перадаў да рэалізацыі свайму наступніку — улюбёнаму сыну Ягайлу.

Адпаведна, браты-дуумвіры задбалі пра тое, каб у самой Літве працягвалася эфектыўнае кіраванне, менавіта моцная і спраўная цэнтральная ўлада. Бачылі гэта ў працягу сістэмы дуумвірату. На ўласным досведзе некалькіх дзесяцігоддзяў супрацы і сумеснага кіравання пераканаліся ў яе эфектыўнасці. Падзел кірункаў знешняй палітыкі на ўсходні Альгердаў і заходні Кейстута аказаўся эфектыўным ва ўмовах вялікай тэрытарыяльна дзяржавы. Пры патрэбе абодва дуумвіры канцэнтравалі высілкі ў патрэбным месцы. Аднаму гаспадару немагчыма было аператыўна рэагаваць на некалькі пагрозаў адначасова ў розных канцах агромністай краіны.

Браты добра разумелі, што спраўная праца і лад у дзяржаве магчымыя толькі пры ўмове захавання адзінства і згоды між дуумвірамі. Таму пастараліся заранёў пра гэта задбаць. Сярод свайго шматлікага мужчынскага патомства кожны выбраў сабе на замену найбольш адпаведнага і здольнага сына. У адрозненне ад каралеўскіх сем’яў Заходняй Еўропы, улада ў Літве перадавалася не абавязкова старэйшаму сыну. Гаспадар выбіраў у наступнікі, каго хацеў, ягонае рашэнне нікім не аспрэчвалася, у тым ліку духоўнай уладай.

Летапісы Вялікага Княства Літоўскага зафіксавалі гэты клопат дуумвіраў, менавіта рэалізацыю іх прадуманага плану па працягу дуумвірату.

«Сыноў жа было ў вялікага князя Альгерда 12, а ў князя вялікага Кейстута сыноў 6 было. А паміж усіх сыноў любілі князь Альгерд князя вялікага Ягайлу, і князь Кейстут палюбіў вялікага князя Вітаўта, і нараклі яшчэ пры жыцці сваім, што ім быць на іх месцах, на вялікіх княжаннях. Яны ж князь вялікі Ягайла і князь вялікі Вітаўт, таксама ў вялікім сяброўстве былі пры бацьках сваіх». Калі коратка, тастамент дуумвіраў выглядаў так: «Любімыя сыны, займіце наша месца, жывіце і кіруйце ў згодзе, мацуйце дзяржаву, асаблівая ўвага на Русь».

Пасля смерці Альгерда напачатку здавалася, што ўсё атрымалася менавіта так, як было задумана: «Потым як князь вялікі Альгерд памёр, і князь вялікі Кейстут не пакінуў словы брата свайго вялікага князя Альгерда. Як пры яго жыцці ў адзінстве з ім былі, пачаў трымаць князем вялікім у Вільні сына яго, князя вялікага Ягайлу. І пачаў па-старому прыязджаць, як да брата прыязджаў да старэйшага».

Але неўзабаве, літаральна праз некалькі месяцаў, аказалася, што нешта пайшло не так.