Аб чым немец «немчыць»? Чужынец беларускімі вачыма

«Шыла-матавіла па-нямецку гаварыла» — пра каго гэта? Пра ластаўку — народная загадка. Чаму ж па-нямецку? Бо на чужой незразумелай мове. Птушынай. А вось пра камара: «Ляціць конь заморскі, іржэ па-польску». Адкуль гэта ўсё ў нашай культуры?

Немцы з беларусамі маюць доўгую супольную гісторыю — з часоў Гедыміна, калі не раней. Адсюль віленская Vokiečių gatvė — Нямецкая вуліца, на якой сяліліся ганзейскія купцы. У дамах на ёй яшчэ ў XVI ст. з’явіўся першы ў горадзе, яшчэ драўляны, водаправод. Тамсама месціўся манетны двор. Бо — немцы.

Але «мудры народ» усяго гэтага не ацаніў. Дзе там водаправод, які манетны двор, калі немец — чужынец? Калі «немчыць» па-свойму невядома аб чым і моліцца невядома каму?.. Адсюль чорт у беларускім фальклоры занадта часта быў падобны да немца. Або да ягонага пабраціма — жыда.

Kalejdaskop «inšasci’» ŭ Rečy Paspalitaj 17-18 stst.
Калейдаскоп «іншасці’» ў Рэчы Паспалітай 17-18 стст.

«Жыд ды немец — дзеці адной маткі...»

Народная юдафобія і германафобія доўгія стагоддзі ў нашым традыцыйным грамадстве ішлі побач, нага ў нагу. Бо і немец, і жыд у вачах сялянаў — «дзеці адной маткі», як трапна заўважыў Багушэвіч. Чаму? Іншая мова, рэлігія, строй, звычаі ды заняткі. Эфект «іншага» — чужога.

Francišak BahuševičБагушэвіч — першы беларускі псіхатэрапеўт які счытваў фобіі простага люду

А калі чужое і цяжка зразумець, пра што ж яны «немчаць», то «мусіць, абодва ядуць з кроўю мацу!» — яшчэ раз дзякуй Багушэвічу, які выдатна перадаў усю соль народных фобіяў. «Немчыць» — сугучна «немаце». Бо чужынец не можа сказаць па-твойму, а ты — па-ягонаму. Іншамоўнасць тоесная немаце.

У Міцкевіча знаходзім хітрае тлумачэнне: немец паліць файку, таму негаваркі. Ды іншых вучыць: «каб маўчалі». Чаго ж маўчаць? Каб не прамаўляць ружанец, напрыклад. Чужынцы нібыта «гергечуць» — у значэнні гогату гусей. Цікава, што немцы ў нас і праўда разводзілі гусей, а з пер’я рабілі цёплыя пярыны ды падушкі: каб эканоміць на дровах узімку. Во прыдумалі!

Вось і чорт у нашым фальклоры — «немчык» ці «пан у нямецкай адзежы». Вопратка — як маска. Апранаючы нешта нязвыклае, ты пераймаеш чужыя якасці: не важна, ці гэта футра барана, ці нямецкі капялюш. Узгадайце апісанне інфернальнай постаці ў Баршчэўскага: «..вялізарны певень на высокіх, як у жорава нагах, у нямецкай вопратцы і капелюшы пяе, седзячы на драбіне».

Litahrafija z vyjavaj niemcaŭ u charakternych strojach XIX st
Літаграфія з выявай немцаў у характэрных строях ХІХ ст

«Мужык быў голы, цяпер яшчэ гольшы»

Чарадзейства ў беларускай традыцыі вельмі часта звязанае з чужынцамі. Адсюль паданні пра шведаў-чараўнікоў, якія бачаць скрозь зямлю, дзе сяляне закапалі свае харчы. Адсюль «цыганскае вока», татары, якія «чорту моляцца», пякельныя гісторыі пра жыдоў. Ці вы ведалі, што калі разам збіраецца шмат жыдоў — будзе дождж? А пра тое, што калі едучы на раллю, сустрэнеш жыда, працу трэба адкласці на іншы дзень?..

Немцы з жыдамі падобныя: прыйшлі невядома адкуль, спойваюць мужыка, а галоўнае — узбагачаюцца. І гэта, відаць, іхная галоўная магічная якасць. Бо ўвесь сэнс багушэвічавага вершу «Немец» у тым, што немец з жыдам зарабілі сабе капітал, а «мужык быў голы, цяпер яшчэ гольшы». Пакуль немец есць мяса, запіваючы півам, беларус жуе лебяду з крапівай. Вось і ўся магія.

Справа не ў зайздрасці, а ў няўменні непісьменнага мужыка патлумачыць прыроду сацыяльных кантрастаў. Усе гэтыя страхі ўзяліся не за адзін дзень. А масла ў агонь метадычна падлівала царква, праваслаўная і каталіцкая.

Вось што пісаў яшчэ ў ХVII ст. Леў Крэўза, смаленскі біскуп, народжаны на Падляшшы: «Антыхрыст прыйдзе з ерэтычных пратэстанцкіх збораў і з заходніх краінаў нямецкіх».

Каталіцкі касцёл не адставаў, бо пратэстанты былі канкурэнтамі, не важна, немцы або шведы. Адсюль — легенды пра шведаў, якія невядома нашто расстрэльвалі абразы ледзьве не ў кожным касцёле падчас Паўночнай вайны, а ў самых святынях нібыта рабілі стайні для коняў. Тут жа — антыгерманізм, які перадаўся Міцкевічу, Крашэўскаму, Сыракомлю, Каратынскаму ды іншым.

Tvory Mickieviča
Творы Міцкевіча сталі класікай германафобіі ў польскай літаратуры

У ХІХ ст. на ўсё гэта наклаўся пошук вінаватых у падзелах Рэчы Паспалітай. Пэўна ж — немцы. Ствараючы свайго «Конрада Валенрода», Міцкевіч пісаў нібы не пра Сярэднявечча, а пра свой час — гэта гіперкампенсацыя нядаўняй траўмы праз далёкую гісторыю. Узгадайце яшчэ, што немцы-рыцары — труцяць дзяцей Вітаўта, таму нават у адукаванай, здаецца, шляхты 200 гадоў таму не было даверу да... немца-аптэкара. Пэўна ж — труціць.

Pieršyja pazityŭnyja vodhuki pra niemcaŭ u biełaruskaj litaratury
Першыя пазітыўныя водгукі пра немцаў у беларускай літаратуры — гэта 1860-я гады. Тады селянін упершыню звярнуў увагу на нямецкую гаспадарлівасць як на прыклад

Як народныя страхі спрычыніліся да правалу БНР?

Калі польскі антыгерманізм мае пад сабой гістарычны і палітычны грунт, то беларускі, прынамсі, да сярэдзіны ХХ ст., не меў аніякага. Але непісьменны народ, прывучаны баяцца «іншага», ахвотна верыў казкам праваслаўных папоў на пачатку Першай сусветнай вайны, маўляў, немцы «выціскаюць вочы», «гвалтуюць», а галоўнае — «маюць рогі»!

Расійская прапаганда наклалася на старыя фобіі, а па выніку — справакавала паніку і небывалы экзодус каля 2 000 000 беларусаў (!) на Усход, з якіх вярнулася дадому ў 1920-х добра, калі палова... Тое самае «бежанства», а па факце — дэпартацыя, абязлюджванне Заходняй Беларусі.

Нямецкі генерал Людэндорф пісаў, што ўвосень 1915-га «беларусаў немагчыма было знайсці». А калі немцы дазволілі школьніцтва па-беларуску, у тых школах не было каму вучыцца.

На момант абвяшчэння БНР у 1918-м на месцах наўпрост не аказалася крытычнай масы людзей, якія б сталі «плоццю» новай дзяржавы. БНР засталося — дэкларацыяй.

Нават тэлеграма кайзеру ад беларускіх палітыкаў (звычайны дыпламатычны ход з боку народу, які не мае сваёй дзяржавы і шукае саюзнікаў), ужо больш за 100 год выкарыстоўваецца прапагандай, каб бэсціць БНР. Што гэта, як не рэха старых народных страхаў пра чорта-немчыка, які разам з жыдам есць мацу з крывёю?..

«Вышел немец из тумана...»

У непрыняцці «іншага», супрацьпастаўленні «мы/яны», няма нічога дзіўнага. Падобныя ўяўленні былі ў свядомасці большасці еўрапейскіх народаў. Ды — паступова зніклі. Калі? У той момант, калі ўласныя беды ўжо не трэба было тлумачыць прысутнасцю чужынца. Калі чалавек мае свабоду, адукацыю, грошы, а ўрэшце апаноўвае горад як сваю прастору — прывіды знікаюць. Багушэвічаў мужык з верша «Немец» не любіў горад, бо не мог там жыць, ён быў лішні. А немец з жыдом — маглі. Вось і ўвесь сакрэт.

За савецкім часам з фальклору старанна падчышчалі згадкі пра «цыганскую варажбу», «ведзьмаў-калмыкаў», «чорнага маскаля»... бо — яно нібы замінала сяброўству між народамі. Нават зараз пра тое казаць не прынята, бо беларус — талерантны, праўда ж?.. Але ўвесь гэты набор фобіяў — таксама частка нашай культуры. Тэма для асэнсавання, без якой будзе цяжка зразумець саміх сябе.

Kolišniaja niamieckaja kircha u miastečku Izabielin na Vaŭkavyščynie
Колішняя нямецкая кірха у мястэчку Ізабелін на Ваўкавышчыне. Зараз — каталіцкі касцёл. Фота з Вікіпедыі

«Вышел немец из тумана, вынял ножик из кармана...» — у нашым двары ў 1990-я так яшчэ казалі. А калі нехта пахмура стаіць без справы, то — «пленный немец». Ну, а калі ў кране няма вады... самі ведаеце, хто вінаваты. Здаецца, зусім новы пласт фальклору, іншая гісторыя. А сэнсы — тыя ж самыя.

Багушэвіч, выходзіць, надалей актуальны.

Алесь Кіркевіч, Budzma.org
Ілюстрацыі з адкрытых інтэрнэт-крыніцаў