Як татары сталі часткай беларускай нацыі

27.02.2026 Гісторыя

Амаль тысячагоддзе татары жывуць у Беларусі, Літве і Польшчы. Татары як суседзі і частка беларускага народа з’явіліся на нашых землях яшчэ пры Вітаўце. Ад Грунвальда да 1939 г. іх кавалерыйскія аддзелы ўдзельнічалі ў сечах на нашым баку. З часам нашчадкі многіх з іх сталі звычайнымі беларусамі, літоўцамі, палякамі, украінцамі, расіянамі і нават не здагадваюцца пра свае карані, і толькі невялікая частка сем’яў захоўвае свае памяць, веру і ідэнтычнасць.

Адкуль узяліся татары на нашых землях? Дзе яны сяліліся і на якіх умовах жылі ў ВКЛ? Колькі татараў было ў войску ВКЛ? Як яны інтэграваліся ў мясцовае грамадства? Распавядаем у артыкуле.

Калі і як татары з’явіліся на нашых землях

Першая хваля манголаў разграміла расійска-палавецкія саюзныя палкі ў бітве на рацэ Калцы (цяпер Данецкая вобласць Украіны) у 1223 г. Там загінулі сярод іншых ваяры і князі са Смаленска і Турава-Пінскіх княстваў.

Битва_на_Калке.png
Бітва на Калцы (мініяцюра з Ліцавога летапіснага зводу). Ілюстрацыя з Вікіпедыі

Пасля наступных удараў сына і ўнука Чынгізхана — Джучы і Бату — у першай палове ХІІІ ст. сучасныя ўкраінскія і расейскія землі патрапілі пад ярмо — сталі даннікамі Залатой Арды. Полацк, Менск і Панямонне — не. Першыя звесткі аб магчымых аселых татарах у нашым рэгіёне датычаць запісу ў адной з францішканскіх хронік. Пад 1324 г. узгаданы нейкія «скіфы-азіяты» пры двары Гедыміна, якія карысталіся сваёй мовай у набажэнствах. Хто гэта быў, няясна. Адныя даследчыкі лічаць, што інфарматары манахаў убачылі нейкіх стэпавікоў, можа, полаўцаў-кыпчакаў, якія ўцякалі ад ісламізацыі ў паганскую Літву, а іншыя — што такім чынам зафіксаваліся ў свядомасці нямецкіх відавочцаў пасольствы з Залатардынскай сталіцы — Сарая.

Пасля паходу нашчадкі Чынгізхана — ханы з Сарая — выдавалі ярлыкі на права княжыць і збор даніны з Русі ўкраінскім і расейскім Рурыкавічам і «дапамагалі» сваім фаварытам, рабуючы іх канкурэнтаў. Прыгадаем, як разам з валынцамі залатаардынцы няўдала спрабавалі задушыць ВКЛ на самым пачатку яго стварэння. Гэта ім не ўдалося. Хваля пакацілася назад. Гедымінавічы не прайгравалі Бату, не прызнавалі сябе даннікамі Чынгізідаў, як мусілі зрабіць Рурыкавічы. Наадварот, актыўна пашыралі межы сваёй дынастыі на ўсход і поўдзень захопамі і дынастычнымі шлюбамі, выводзячы сваіх падданых з-пад абавязкаў перад Залатой Ардой.

Альгерд Гедымінавіч — сын полацкай княжны Еўны — пасля бітвы на Сініх Водах у 1362 г. пасадзіў свайго сына ад Марыі Віцебскай Уладзіміра на стальцы ў Кіеве, а пляменнікаў — па іншых княствах, і большасць сучаснай Украіны далучылася да ВКЛ. Аднак дзеля таго, каб не патануць у бясконцых войнах на гэтых далёкіх і адрэзаных ад Вільні палескімі багнамі землях, сыны на месцы прадстаўлялі не толькі бацькоў Гедымінавічаў. Першы час яны мелі таксама дазвол на кіраванне ад хана — ярлыкі. За «спакой» Літва час ад часу «добраахвотна» давала «ўпамінкі» — за ўкраінскія і рускія землі. Плаціла ў Сарай амаль тую ж даніну, што раней мясцовыя дынастыі.

Першыя масавыя міграцыі стэпавікоў на Панямонне пачаліся неўзабаве пасля таго, як саюзны Ягайла дапамог законнаму хану Залатой Арды Тахтамышу адразу пасля Кулікоўскай бітвы (1380 г.) выгнаць узурпатара цемніка Мамая з Сарая. Сын прайгралага Мансур Кіят Мамаевіч, ратуючыся, прыбыў у ВКЛ са сваімі мурзамі (князямі-васаламі) і ваярамі. Ён стаў пачынальнікам роду Глінскіх, бо яго сын Аляксандр хрысціўся і асеў блізка стэпу, у Глінску пад Палтавай.

Тахтамыш спаліў Маскву пасля Кулікоўскай бітвы, але неўзабаве прайграў Цімуру Тамерлану і быў вымушаны ўцякаць сам, забраўшы сям’ю і васалаў. Як звычайна бывае, ратаваліся, каб вярнуцца. Да татарскіх палітычных эмігрантаў, іх двароў і дружыны на Літве далучыліся іх супляменнікі з палону 1397-1399 гг., у які Вітаўт выгнаў шмат жыхароў Лукамор’я (Прыазоўя і Дону) і Крыма. Крыжовы паход Вітаўта супраць Тамерлана скончыўся паразай і гібеллю пары дзясяткаў Рурыкавічаў і Гедымінавічаў на Ворскле 1399 г. Ісламская знаць найвышэйшай крыві «завісла» ў ВКЛ без магчымасці вярнуцца дамоў на нявызначаны час.

Battle_at_Vorskla-02.jpg
Бітва на Ворскле (мініяцюра з Ліцавога летапіснага зводу). Ілюстрацыя з Вікіпедыі

Першыя ваяры-перасяленцы ў ВКЛ

Першыя ваяры-перасяленцы ў ВКЛ належалі да мангольскіх плямёнаў найманаў і тыпінаў. Лічыцца, што іх правадыром быў Найман-бег.

Па назве маёнтка, які яны атрымалі ад Вітаўта, яго нашчадкаў пазней называлі князі Крычынскія, або Кандратавічы, па імені яго сына — пачынальніка рода ў ВКЛ Кандрата (Коўрата) Найманавіча. Сцяг, які яны вадзілі, называлі найманскім ці кандрацкім.

Іншая версія кажа, што назва паходзіць ад кангратаў, шматлікага мангольскага племені, звязанага з іншымі дамовамі аб абменах нявестамі. Разабрацца, ці па імені правадыра, ці па назве племені пачалі іх клікаць, немагчыма, але, напэўна, адтуль у нашым краі шмат Кандратовічаў. Менавіта яны былі прысланыя сынам Тахтамыша ў падтрымку ВКЛ на бітву пад Грунвальд. Войны ў Вялікім стэпе стымулявалі яшчэ некалькі хваляў міграцыі татараў на нашыя землі, але аб гэтым пазней.


Ардынскі вершнік ХV ст. у ВКЛ

Колькі татараў было ў войску ВКЛ

Пастанова Віленскага з’езда станаў ВКЛ 1615 г. абавязвала літоўскіх татараў выставіць 700 вершнікаў, а ў 1631 г. пісар Кірдзей налічыў у ВКЛ 776 татарскіх дымоў — то-бок патрыярхальных сямейных гаспадарак.

Звычайна гісторыкі-дэмографы вылічваюць колькасць насельніцтва па каэфіцыенце 8-9 людзей на дым. У сем’ях, як правіла, было каля 10 дзетак, з якіх да жаніцьбы дажывала 4-5. Пры ўмове асабістага ўдзелу ў вайне бацькі з 2 сынамі — атрымліваем лічбу, якую пацвярджаюць крыніцы — татарскае войска ВКЛ магло складаць ад некалькіх сотняў да 2000 вершнікаў. Дзеля параўнання — найманае і шляхецкае войска ВКЛ у часы Рэчы Паспалітай складала ад 3000 да 6000 чалавек.

Атрымліваецца, што татары маглі выстаўляць да чвэрці войска ВКЛ. Дакладных падлікаў ніхто не рабіў, і на падставе існых крыніц іх зрабіць немагчыма (тым больш, што ў XIX ст. мелі месца махінацыі), але можна меркаваць, што ў жылах мінімум 20% сярэдняй і дробнай шляхты на нашых землях у розных прапорцыях цякла кроў стэпавога рыцарства.

На якіх умовах татары жылі ў ВКЛ

Вітаўт дазволіў татарскім ваярам жыць у сваёй дзяржаве на зразумелых ім умовах: мужчыны іх родаў пагалоўна мусілі служыць вялікаму князю вярхом на кані, у сваёй зброі і на першыя месяцы войнаў са сваім забеспячэннем.

Наўзамен за службу яны атрымалі:

  • унутраную аўтаномію і захаванне сацыяльнай іерархіі;

  • зямлю спачатку ў трыманне, потым у сямейную спадчыну;

  • дазвол жаніцца з хрысціянкамі;

  • гарантаваную верацярпімасць.

Татары ВКЛ жылі згодна са сваім правам — шарыятам і захоўвалі шчыльныя сувязі з аднаверцамі. Прадстаўнікі знаці ханскай крыві былі татарскімі пісарамі ў канцылярыі ВКЛ, удзельнічалі ў дыпламатычных місіях у Крым, Асманскую імперыю. Яны дарылі і прадавалі нашым арыстакратам шоўк, усходніх скакуноў, збрую і зброю.

Вялікі князь дазволіў у хрысціянскай краіне нават будаваць мячэці (праўда, толькі з дрэва) і асвячаць зямлю, каб хаваць памерлых мусульман — мізары. Першую мячэць у ВКЛ збудавалі ў Некрашунцах (1415 г.) каля Ліды, другую ў Ластаях каля Наваградка (1420 г.).


Мячэць у Іўі. Фота за сайта: vje.gov.by

На Беларусі захавалася каля 30 старых мізараў: у Бягомлі, Відзах, Іўі, Ластаях, Лоўчыцах, Ляхавічах, Мядзелі, Слоніме, Уздзе і інш.

Як ханы аддзячылі за дабро

У 1418 г. менскія татары аддзячылі свайму дабрадзею — падарылі яму вярблюдаў, коней і г. д., а значыць, татарская слабада ўзнікла ў Менску раней. У 1428 г. Вітаўт здолеў трывала пасадзіць на ханства ў Залатой Ардзе Улуг Махмета, а потым унука Тахтамыша — Саіда.

Ханы памяталі дабро і плацілі за яго. Пачынальнік дынастыі Крымскіх Гірэяў Хаджы-бей нарадзіўся ў Літве. Пачынаючы з 1430-х і да 1500 г., ханы выдавалі ярлыкі вялікім князям ВКЛ на Ягалдайскую цьму — кавалак населеных славянскімі каланістамі і татарамі стэпаў вакол Пуціўля-Белгарада-Курска. Больш за тое, Вялікае княства нават атрымала права на порты ў дэльце Дняпра і Прута (Бендэры, Ачакаў, Хаджы-бей (Адэса)). Цікавае пытанне да даследчыкаў, як выглядала і ў чым праяўлялася тая ўлада над адрэзанымі стэпам іншаэтнічнымі гарадамі.

Сацыяльная іерархія: ад князёў да агароднікаў

Паводле сацыяльнага становішча было тры групы татарскага насельніцтва.

1. Арыстакратыя

Царэвічы, уланы, бекі і мурзы. Яны атрымалі роўныя з хрысціянскімі княжацкія тытулы. Іх славянскія прозвішчы звычайна паходзілі або ад назвы маёнткаў, або ад назвы іх пляменаў. Да іх належалі Глінскія, Пунскія, Асанчуковічы, Барынскія, Дзенаевічы, Ждановічы, Кадышэвічы, Карыцкія, Зарыцкія, Крычынскія, Лоўчыцкія, Ластайскія, Смольскія, Талькоўскія, Юшынскія, Шырынскія, Туган-Бараноўскія і інш.

Падставай для валодання шляхецкімі прывілеямі заўсёды была «даніна крывёй» і «рыцарская служба» ваяроў грамадству. Само права валодання зямлёй тут залежала ад асабістага ўдзелу ці выстаўлення іншага ваяра замест сябе, таму крыніцы і рэестры войска ВКЛ месцяць шмат звестак аб баявых вычынах татараў. Калі ў XIX ст. царскія чыноўнікі праводзілі разбор шляхты, у імперскіх улад узнікла вялізная праблема, а для вынаходлівых архівістаў кшталту Вінцэнта Дуніна Марцінкевіча — выдатнае поле заробку. Татары мелі аднолькавыя з мясцовымі хрысціянамі гербы і прозвішчы, а іх маёнткі, парэзаныя на долі, шматкроць пераходзілі з рук у рукі.

Бакавых галінаў і перахрэсных татара-беларускіх шлюбаў паміж людзьмі рознага стану была процьма, пасагаў, купляў-закладаў-спадчыны пасля загінулых — таксама. Хто каму кім прыходзіўся, калі маёнтак быў у мусульманскай сям’і, рэдка было прапісана ў хрысціянскіх дакументах. Калі справа датычыла вялікіх княжых маёнткаў кшталту Ластаёў ці Лоўчыц, яшчэ можна неяк разабрацца з фіксацыяй пераходу статусу і ўласнасці, але з якімі Руднямі, Баранамі, Ліпкамі — дробнымі і аднолькавымі па назвах надзеламі і родамі — узнікла вялікае поле для разумнікаў, якія ведалі, як аформіць патрэбную гістарычную даведку.

2. Татары-казакі: нашчадкі простых воінаў, якія атрымлівалі невялікія надзелы зямлі. Многія з іх (Урублеўскія, Якубовічы, Калауры) пазней змаглі даказаць сваё шляхецтва. Тыя, што не выслужыліся ў афіцэры або не мелі сувязяў і сродкаў, служылі ў «простым стане» фурманамі, конюхамі, кур’ерамі, паляўнічымі.

3. «Простыя» татары: Гарадская і местачковая бедната. Яны неслі павіннасці, як мяшчане ці сяляне, на карысць сваіх татарскіх князёў і плацілі пагалоўны падатак з кожнага мужчыны ў скарб ВКЛ, займаліся рамізніцтвам, гарбарствам і агародніцтвам. Верагодней за ўсё, менавіта да гэтай катэгорыі належалі продкі хакеіста Руслана Салея і актора Чарльза Броснана.

Як татары інтэграваліся ў мясцовае грамадства

У хрысціянскай Рэчы Паспалітай іслам адцінаў някняжыя татарскія роды ад шляхецтва, палітычных правоў і магчымасцяў, а таму шмат заможных служылых рыцарскіх татарскіх родаў у XV-XVIII стст. перайшло ў праваслаўе (Глінскія, Фурсы, Дашкевічы, Багушэвічы, Орды) і каталіцызм (Дзядулевічы, Урублеўскія, Скірмунты, Сінкевічы).

Яны захоўвалі сувязі з суродзічамі, памяць пра паходжаннне і абавязак служыць гаспадару за тыя надзелы, што яны атрымалі як татарскія вершнікі. Але пакаленне за пакаленнем, беручы шлюбы і жывучы побач з мясцовымі, усё глыбей і глыбей інтэграваліся ў грамадствы рэгіёна, аж пакуль не расталі ў іх.

Міжэтнічная напружанасць

Яшчэ ў Вітаўта з татарскімі пасяленцамі не было аж так вясёлкава. У 1421 г. частка літоўскіх татар парабавала і папаліла хрысціянскіх суседзяў і паспрабавала вярнуцца ў стэп, але іх спыніў Свідрыгайла. Падчас войнаў татары, як і іншыя ваяры таго часу, часта мелі праблемы з дысцыплінай асабліва на чужой тэрыторыі — рабавалі насельніцтва.

Час ад часу прыналежнасць да мусульманскай культуры, веданне ўсходніх моў і сваяцкія сувязі сярод стэпавой знаці станавіліся праблемай, бо ў другой палове XVIII ст. фіксаваліся выпадкі, калі ў сваіх набажэнствах літоўскія мусульмане чыталі здравіцы за стамбульскага султана. Гэта абурала хрысціян, якія ў той час вялі доўгія крывавыя і не надта ўдалыя войны з Асманскай імперыяй. Літоўскія татары мелі прызнаную ўсімі культурную аўтаномію ў межах ВКЛ, але разам з тым «іншасць» правакавала міжэтнічную напружанасць, асабліва са шляхтай тых рэгіёнаў, дзе яны не жылі і былі чужымі.

Палітычны ціск і пабытовыя канфлікты так і не перараслі ў нейкія соймавыя законы аб выгнанні, але гэтыя з’явы, а таксама распрасцёртыя абдымкі турэцкіх і крымскіх ханаў, якія запрашалі сваякоў і аднаверцаў да сябе, спрыялі таму, каб частка з татараў з’ехала.

Дзе сяліліся татары

Татары як асабіста абавязаная за прытулак ахова вялікага князя першапачаткова сяліліся па коле, прыблізна ў дзённым конным пераходзе вакол Вільні.

На землях сучаснай Беларусі асноўнымі асадамі татараў былі ваколіцы Наваградка, Ліды, Ашмянаў, Гародні. На тэрыторыі Літвы — Трокі і ваколіцы Вільні. Пазней пры захаванні старых цэнтраў татары невялікімі групамі пайшлі сяліцца ва ўсе бакі — праз Кабыльнік (Мядзел) на поўнач пад Браслаў і Полацк, на ўсход праз Клецк і Ляхавічы да Мсціслава і заходняе памежжа: на Падляшшы і Берасцейшчыне.

Алькітабы

Шараговыя татары, асабліва бедныя слугі, якія жылі з конегадоўлі, гарбарства, гандлю і земляробства ўперамешку з мясцовымі сялянамі і мяшчанамі, досыць хутка славянізаваліся, перанялі нашу мову, і іх кнігі — алькітабы, хоць запісаныя арабскімі літарамі, фіксуюць тэксты на беларускай мове XVII-XIX стст.


Кітаб. Другая палова XVIII cт. Папера, рукапiс. Нацыянальная бiблiятэка Беларусi. Фота з сайту Wikiwand.com

Адметнасць алькітабаў у тым, што яны захавалі асаблівасці гаворак тых рэгіёнаў, дзе жылі іх аўтары. Арабскае пісьмо добра перадавала фанетыку беларускай мовы, і дзякуючы гэтаму прачытаўшы алькітабы, мы сёння можам скласці ўяўленне пра тое, як гучала мова ў ХVІІ-ХVІІІ стагоддзях.

І., Budzma.org

Глядзіце яшчэ: