Выйшаў новы выпуск гістарычнага серыяла «Сармат», прысвечанага шляхецкай культуры ў розных яе аспектах: як жылі, за што жылі, пра што думалі і марылі нашы продкі-шляхцічы.
«Ліпка татарлар» — што гэта? Як татары называлі Вітаўта? Ці маглі мець прыгонных-хрысціянаў? Чаму татарскія князі часам працавалі на зямлі, як сяляне? Ці мелі нашы татары шмат жонак? Як выглядалі татарскія гербы? Якія нашы прозвішчы можна лічыць татарскімі?
Папярэднія выпускі гістрачынага серыяла «Сармат» глядзіце па спасылцы
Галівудскі актор Чарльз Бронсан, пісьменнік Генрык Сянкевіч, фатограф Ян Булгак, князь і ваявода Міхаіл Глінскі, афіцэр войска БНР Гасан Канапацкі, польскі журналіст і ваяр-наёмнік Рафал Ган-Гановіч...
Што ж агульнага паміж гэтымі людзьмі? Усе яны з нашых тутэйшых татараў, літоўскіх ды каронных. Але не толькі. Гэта збольшага яшчэ і нашчадкі татарскай шляхты!
Кажуць, татарскія вершнікі былі яшчэ ў войску Гедыміна. Але ў ваколіцы Вільні, Коўні, Ліды, Крэва, Наваградка ды Горадні татараў масава засяліў Вітаўт: стварыў з іх паселішчаў абарончы пас. Яны былі патрэбныя Вітаўту ў бясконцых войнах з крыжакамі. Татары ж лічылі яго сваім ханам, а ў легендах называлі Ваттад — то бок, абаронца Ісламу і правоў мусульман. Татары памяталі князя, узгадвалі яго імя ў малітвах ажно да 1930-х!
Былі яшчэ татары-эмігранты, якія ратаваліся ад міжусобіцаў або татары-палонныя: усіх сялілі тут! «Ліпка татарлар» — так іх называлі крымскія татары ды асманы. «Ліпка» — форма назвы Літва. «Татары-ліпкі» неаднойчы фіксуюцца ў дакументах. А «вялікі бей ліпкоўскі» — гэта Вітаўт! Нават у 17 ст. талер літоўкі палякі называлі «ліпка» — перанялі традыцыю.
Улада ВКЛ была, як бы зараз сказалі, талерантнай да іншаземцаў. Прыехалі. Калі ласка! Але — служыце. Тыя і служылі, бо добрыя ваяры. Толькі конная вайсковая служба. Татары ў тыя часы і надалей мелі асобныя аддзелы, не ваявалі ў складзе павятовых харугваў. За гэта іх вызнавалі роўнымі ў правах літоўска-рускаму баярству. Адпаведна, правы на зямлю, маёмасць, прыгонных — у тым ліку хрысціянаў! Для каталіцкай Еўропы гэта быў шок, але для цывілізацыі Вялікага Княства — чаму не?
Татары між сабой дзяліліся на розныя катэгорыі. Паводле знатнасці, маёмаснага стану ды (калі ёсць) дынастычных сувязяў з ардынскімі ханамі. Там складаная сістэма: мірзы ці мурзы, беі, солтаны, уланы... Напрыклад, мірза — гэта пераробленае «эмір задэ» — сын эміра. Прозвішчы «Марза» ці «Мурза» засталіся і зараз. Улан — ад «аглан» — хвацкі зухаваты малец. Лішне казаць, што ўланы пасля сталі родам войскаў.
Вышэйшы ўзровень — гэта князі. У ВКЛ князю трэба было быць крэўным Рурыкавічаў ці Гедымінавічаў — нейкага манаршага роду. Дык шмат якія татары былі раднёй ханаў Герэяў (так званыя «царэвічы») ці нават далёкімі нашчадкамі Чынгісхана. Княскі тытул быў зацверджаны, напрыклад, у Крыме і пасля пацвярджаўся нашым вялікім князем — персанальна. Асанчуковы, Багрынскія, Юшчынскія, Кадышэвічы, Карыцкія, Смольскія, Талькоўскія, Завадскія — вось толькі некаторыя княскія роды.
Але «князі» — гэта не заўжды пра золата і раскошу. Уладзіслаў Сыракомля пісаў, што трымаў у руках дакументы з часоў караля Уладзіслава IV пра наданне зямлі некаму з татараў і там было — ого! — пра цяжку княскую працу. Як татарскі князь вяртаўся з вайны, скідаў рыштунак ды — браўся за саху. А княгіня, замест таго, каб адпачываць у гарэме, як крымскія сваячкі, капала зямлю ды прала кудзелю. Во як!
Захаваўся яшчэ цікавы мемарыял з 16 ст. Яго пісаў нейкі літоўскі татарын 13.да Рустэма Пашы, зяця султана Сулеймана. Паводле яго, татары ў нас размаўляюць па-руску (у тагачасным разуменні, канешне) і па-польску. Караля любяць душою і сэрцам. Калі той прыязджае на Літву, тыя яго вітаюць збройна, на конях, бо нясуць рыцарскую службу — маюць асобнае войска і камандзіраў.
Тамсама чытаем: татары ваявалі ў Маскоўскай ды Інфлянцкай вайне лятучымі аддзеламі, а ў бітвах рэдка гінулі: вярталіся дадому са здабычай. Выклік на вайну татары ўспрымаюць за шчасце і гонар, бо жыды такога права не мелі. Кароль з імі размаўляе асобна, збіраючы на нарады беяў і мурзаў. Таксама манарху падабаецца іх рэлігія ды навука.
Зямлёй карыстаюцца вольна: хто сеў на каня, той вольны ад падаткаў. Хто ж займаецца рамяством (вырабам скураў, агародніцтвам ці гандлем) або фурманкай, то бок перавозкамі, плаціць падатак. А вось купецтвам больш займаюцца татары, што жывуць бліжэй Крыму: адтуль на Літву вязуць рушнікі, хусткі, тканіны ды розныя турэцкія вырабы. Паміж сабой татары высвятляюць стасункі паводле Карану. З мясцовымі — паводле літоўскага права.
Сувязі з Крымам і Турцыяй, канешне, часам слабелі. У тым самым 16 ст. яшчэ можна было ўбачыць нашых татараў падчас хаджу ў Мекку, але ўсё меней. Мова заставалася, але таксама здавала пазіцыі. Зрэшты, так з’явіўся цікавы феномен: «кітабы» — кнігі і тэксты, напісаныя арабіцай, але — па-нашаму, па-старабеларуску. Нават з уласцівымі нашай мове дзеканнем і цеканнем — правільна! — як чулі так і пісалі.
Татарскія кабеты найчасцей даглядалі кароваў, козаў, авец, займаліся агародніцтвам — нават маючы княскі радавод! Усе татары тут у нас, як пішуць, былі аднажонцамі. Чаму? Бо ад пачатку было мала жанчын-магаметанак. Ехалі ж мужыкі са зброяй. А вось калі ўжо жаніліся з хрысціянкамі, дык тыя і іхная радня — ужо не талеравалі мнагажонства.
Ад мясцовых жонак татары часам бралі сабе прозвішчы. Ці стваралі новыя: як дадавалі да прозвішча бацькі «іч»: Азулевіч, Ахматовіч, Абрахамовіч, Ёзэфовіч... Калі вы не глядзелі наш выпуск пра шляхецкія прозвішчы — гляньце! Некаторыя мелі прозвішчы ад валоданняў: Карыцкія, Бараноўскія ці Сабалеўскія. Цікава, што калі татары прымалі хрост і нават ставалі святарамі і біскупамі, старыя прозвішчы іх выдавалі: Булгак, Фурс, Гутовіч — татарскія.
Часам па прозвішчы цяжка вызначыць татарына, бо тутэйшае, нашае. А імя — мусульманскае. Мустафа Лебедзь, як вам?.. Зірніце ніжэй прозвішчы, якія насілі нашыя татары. Іх значна болей насамрэч. Раптам знойдзеце сваё ці кагосці са знаёмых?
Александровіч, Асановіч, Багдановіч, Байрашэўскі, Агалецкі, Харбіевіч, Ясінскі, Геўліцкі, Канапацкі, Корсак, Крыніцкі, Якубоўскі, Макавецкі, Макулевіч, Палтаржыцкі, Раецкі, Радкевіч, Селімовіч, Смайкевіч, Шымкевіч, Шчуцкі, Сулкевіч і г.д.
Давайце яшчэ пару словаў пра геральдыку татарскай шляхты. Калі для еўрапейскіх гербаў былі характэрныя львы, адзінарогі, грыфоны, розныя там вежы ды крыжы, то ў татараў было прасцей. Старыя сюжэты з ханскіх тамгаў яны прывезлі да нас. Яны, як правіла, простыя: каб можна было паставіць на конскую вупраж і пазначыць сваё майно. Рыскі, лініі, стрэлы, падковы — такое.
Зразумела, гербы развіваліся, дапаўняліся. Былі характэрныя як напрыклад «Ахмат» — з паўмесяцам, пакладзеным на карону. Або вось раскошны герб Абрамовічаў ужо пачатку 19 ст.: калі адкінуць познія элементы ў стылі ракако, кароны, шаблі, сцягі і гарматы, застанецца — застанецца архаіка. Страла. Падкова. Той самы подых стэпу, што і сотні год да таго.
«Мы не татары, мы шляхта-мусульмане!» — такое выслоўе можна было пачуць у нас яшчэ на пачатку ХХ ст. Бо татарамі называлі мясцовыя, а самі ж людзі настолькі прыраслі да гэтай зямлі, што сталі яе часткай. А што дзівіцца? У ХІХ ст. ужо ў часы Расійскай імперыі былі выпадкі, калі татары вязджалі ў Турцыю, але — вярталіся. Бо там яны былі чужымі. Ніводная вайна ці паўстанне за свабоду на нашых землях не абыходзілася без татараў. Узгадайце Глінскіх, Ясінскіх ці Канапацкіх.
Вось род Карыцкіх, якія паводле сямейнай легенды паходзілі ад хана Эдыгея, аднаго з уладароў Залатой Арды. Колішнія ўласнікі Лоўчыцаў пад Наваградкам. Дык вось, Карыцкія — удзельнікі паўстання Касцюшкі, Лістападаўскага чыну, ваявалі з бальшавікамі ў 1919-20-м. Доктар медыцыны Міхал князь Эдыгей Эмірза Карыцкі ў паваеныя гады — адзін з арганізатараў службы аховы здароўя ў Гданьску ды — вялікі знаўца гісторыі і традыцыяў ВКЛ. Захавальнік сямейнай памяці. Памёр у 1993 годзе. Сваіх сыноў, таксама паважаных медыкаў, назваў Селім і Асман.
Вось вам прыклад, як праз стагоддзі захоўваць гонар і традыцыю. Нават калі ты ў меншасці, а радзіма — далёка.
Глядзіце па тэме:
Якія сакрэты хаваюць рукапісныя кнігі беларускіх татар?
Татары ў гісторыі Беларусі і Украіны. Як гэта было? Выпуск відэапраекта "Трызуб і Пагоня"
Як з’явіліся татары ў Капылі, і што засталося ад татарскай абшчыны
Тартар, як у іўеўскіх татар. Гатуем закуску разам з «Будзьма!»