У Міжнародны дзень аховы помнікаў і гістарычных мясцін прыхільнікі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры наведалі беларускае Палессе 18 красавіка і азнаёміліся з гістарычна-культурнай спадчынай гэтага унікальнага рэгіёна нашай Бацькашўчыны.
Вандроўка, як і шматлікія іншыя мерапрыемствы таварыства, праходзіла ў межах агульнанацыянальнай кампаніі «Будзьма беларусамі!» У міжнароднае свята помнікаў у вандроўку выправілася звыш 70 чалавек.
Вялікія ўражанні былі ад Парычаў, бо гэтае мястэчка – быццам запаведнік старой драўлянай архітэктуры. Юравіцкі езуіцкі калегіюм проста ўразіў сваёй велічнасцю формаў, сваім размяшчэннем на гары, якая дамінуе над усёй акругай. Самае цудоўнае, што комплекс аднаўляецца, і ўжо праз некаторы час мы зможам пабачыць яго ва ўсёй велічы барокавых формаў.
Не маглі вандроўнікі ў Юравічах прамінуць стаянку часоў палеаліту і старое дрыгавіцкае гарадзішча, якое сваімі памерамі сведчыць, што ў старадаўнія часы Юравічы былі не проста паселішчам, а даволі значным племянным цэнтрам.
На жаль, практычна не захавалася на Усходнім Палессі сядзібна-паркавых комплексаў, што пацвердзіла наведванне былых уладанняў Аскерак і Горватаў у Барбарове. Ад велічнага калісьці ансамбля засталіся невялічкія фрагменты парку, брама і мураваны аркавы мост праз штучны канал.
Сталіцу Усходняга Палесся Мазыр можна пераблытаць з нейкім альпійскім горадам, бо ніводнае беларускае паселішча не размяшчаецца на такіх маляўнічых пагорках. А ў самім горадзе экскурсія наведала касцёл і кляштар цыстэрцыянак, якія ўжо адрэстаўраваныя; высокая якасць рэстаўрацыі ўражвае. Прыкра, але касцёл цыстэрцыянцаў да гэтага часу ўваходзіць у склад аднаго з мазырскіх прамысловых прадпрыемстваў.
І скончылася знаёмства з Мазыром наведваннем былога бернардынскага кляштара, які цяпер з’яўляецца кафедральным саборам Тураўскай епархіі праваслаўнай царквы. У гэтым саборы нас ветла сустрэў кіраўнік кансісторыі і апавёў гісторыю помніка, запрасіў агледзець сутарэнні сабора, дзе пачалі абсталёўваць дольную царкву ў памяць усіх пакутнікаў і ахвяр ленінізму-сталінізму, і епархіяльны музей кнігі, дзе сабраныя не толькі рарытэтныя кнігі, але і цудоўная калекцыя палескіх абразоў.
Стомленыя, але вельмі задаволеныя і з багатымі ўражаннямі вандроўнікі вярталіся дахаты. Будзьма разам не толькі ў такія святы, будзьма разам і надалей.
Фота: pomniki.budzma.org