«Чужое багацце нікому не служыць». Таямнічая гісторыя стварэння оперы

З гісторыяй стварэння адной з самых таямнічых опер «Чужое багацце нікому не служыць», якая яшчэ вельмі доўгі час будзе цікавіць даследчыкаў, працягвае разбірацца Зміцер Юркевіч у «Культура і мастацтва» (частка 1, частка 2).


Ад першай згадкі ў 1820 годзе да 1925-га опера лічылася ананімнай. Пазней гісторык тэатра Людвік Бярнацкі назваў яе аўтарамі Людвіка Дмушэўскага (лібрэта) і Яна Голанда (музыка). Неўзабаве лібрэта было прыпісана Мацею Радзівілу, але аб гэтым усе хутка забыліся. Дмушэўскага таксама выкраслілі. Голанд жа, узяўшы вышыню, на ёй застаецца і па сёння. Вось толькі адзіны доказ таму — рукапіс партытуры, на якім нехта, верагодна ў ХХ стагоддзі, алоўкам напісаў імя кампазітара.

Цуды здараюцца!

Пачнём з рукапісу партытуры, які цудам ацалеў у часы Другой сусветнай вайны. У налепку на вокладцы ўпісаны назоў оперы «Cudzy majątek nikomu nie służy», а паверх пастаўлены штамп «BIBLIOTEKA MUZYCZNA TEATRÓW m.st. WARSZAWY». Ёсць і нанесены каляровым алоўкам нумар. На тытульным аркушы — назоў оперы (напісаны атрамантам), імя Holland Jan (іншай рукой і простым алоўкам). Маюцца тры штампы. Яны і дазваляюць прасачыць шлях рукапісу ў часе і прасторы.

Vulica Dluha, Varšava
Вуліца Длуга, Варшава. Бернард Белота, 1777. На ёй была майстэрня пераплётчыка Вінгельма Крэйча

Найбольш старая пячатка — «DYREKC: TEATRОW». У 1810 г. дэкрэтам варшаўскага князя Фрыдэрыка Аўгуста І была паклікана да жыцця Урадавая дырэкцыя тэатраў (а пры ёй і Музычная бібліятэка варшаўскіх музычных тэатраў), якая ўзяла пад кантроль тэатры Княства Варшаўскага. Другая пячаць «Biblioteka Muzyczna Teatrów m.st. Warszawy» і сігнатура № 1023 былі надазеныя ў 1918–1933 гадах, пасля таго як Варшава атрымала статус сталіцы. Пячатка «BIBLIOTEKA NARODOWA» і сігнатура Mus.59 (напісаная простым алоўкам, як і імя Голанда) была пастаўлена пасля таго, як зборы былі перададзены на часовы дэпазіт Нацыянальнай бібліятэцы ў 1933-м. Сёння партытуры захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы, а лічбававыя копіі выстаўлены ў Сеціве.

Паланэз да Шапэна. Прысутнасць Агінскага

У 1938-м музыколаг, кампазітар і педагог Хелена Дарабяльская выдае даследаванне «Паланэз да Шапэна». Сярод іншага яна згадвае і паланэз «пяра Я.Д. Голанда ў камедыйнай оперы «Чужое багацце нікому не служыць»». Падаецца, гэта першая спроба прааналізаваць рукапіс оперы.

Больш дэталёвы разбор зрабіў Здзіслаў Яхімецкі ў працы «Польская музыка ў гістарычным развіцці». Свой аповед ён пачаў са сцвярджэння, што Голанд прыбыў у Польшчу на некалькі гадоў раней за 1782, аб чым сведчыць «факт пастаноўкі ў 1780 аперэткі «Чужое багацце нікому не служыць» на словы Людвіка Адама Дмушэўскага з музыкай, напісанай Голанадам».

У 1965 годзе музыколаг Ян Проснак у публікацыі «Польская опера ў магнацкіх тэатрах 18 ст.» упершыню ўздымае пытанні канкрэтнай даты і месца пастаноўкі оперы, а таксама аўтарства лібрэта. Дмушэўскага ён катэгарычна адкідае. Пры гэтым прызнае Голанда аўтарам музыкі.

Baĺ u teatry Franca Buly ŭ bylym franciškanskim kasciolie, Ĺvoŭ. Franc Hierstenbierhier, 1805
Баль у тэатры Франца Булы ў былым францішканскім касцёле, Львоў. Франц Герстэнбергер, 1805

У 1966-м выйшла зборная праца «З гісторыі польскай музычнай культуры», у якой ёсць згадка пра «Чужое багацце...». Музыколаг Аліна Новак-Рамановіч пісала, што ва ўверцюры да гэтай оперы выкарыстана мелодыя, якая была вельмі папулярная ў часы Асветніцтва. На гэтым можна спыніцца, бо ўсе далейшыя даследчыкі да пытання аўтарства не дадалі нічога новага.

Тэатр у храме

Паціху пачнём дрэйф у бок Львова, дзе, верагодна, была напісана вядомая нам партытура «Багацця». За пункт адліку бяром сцвярджэнне гісторыка тэатра Ежы Гота, што 4 студзеня 1798 адбылася пастаноўка оперы ў Львове.

У 1795-м Войцех Багуслаўскі прыязджае ў Львоў. Грамадскасць сустрэла «бацьку тэатра» авацыямі. А вось таможня дабро не дала і затрымала тэатральны рэквізіт, бо ўбачыла ў ім бутафорскія стрэльбы. Праўда, пазней канфлікт урэгулявалі. Каб распачаць працоўную дзейнасць, Багуслаўскі заключае часовую дамову з дырэктарам нямецкага тэатра Францам Булам, які быў «галоўным па тэатры ў Львове» і арандаваў пад зімовы тэатр закінуты касцёл св. Крыжа ордэна францішканаў.

У 1796-м Багуслаўскі бярэ «крэдыты» і будуе летні амфітэатр у парку Ябланоўскім на Галіцыйскім прадмесці горада. Пазыкі былі вернутыя. Але пасля заключэння новай дамовы з Булам Багуслаўскаму прыйшлося заняцца аднаўленнем зімовага тэатра ў касцёле. Ізноў прыйшлося пазычаць. І шмат. Прычым рамонт быў зроблены радыкальны — з лёхаў нават вынеслі і перапахавалі каля 70 нябожчыкаў.

Vizitoŭka pierapliotčyka V. Krejča (vokladka partytury opiery)Візітоўка пераплётчыка В. Крэйча (вокладка партытуры оперы)

Год 1798 пачаўся, як лічыцца, пастаноўкай «Чужога багацця...». За ёй на сцэне з’явіўся «Чорны чалавек» (4 студзеня). Далей пайшлі «Уяўны цуд, або Кракавякі і гуралі (6 студзеня) і «Гермінія, або Амазонкі» (8 студзеня).

Цырограф Твардоўскага

У біяграфіі Войцеха Багуслаўскага ёсць адзін эпізод, які мала таго што датуецца 1797 годам, дык яшчэ па танальнасці сугучны з сюжэтам «Чужога багацця...». Калі творца амаль расплаціўся з даўгамі, яму ізноў спатрэбіліся грошы — ужо на рэстаўрацыю тэатра. Ды яшчэ прыйшоў час вяртаць рэшту пазыкі графу Казіміру Жавускаму. Багуслаўскаму параілі звярнуцца да багатага ліхвяра, які пазычаў грошы «першым у краіне асобам», але пад вельмі вялікі адсотак. Ліхвяр даў Багуслаўскаму ў якасці ўзору вэксаль іншага чалавека і загадаў перапісаць. Засмучаны ўмовамі тэатрал напісаў: «Такі цырограф (вэксаль. — З.Ю.) не мог бы на сабе выпісаць Вельзевулу і сам шалёны Твардоўскі» (міфічны чарнакніжнік. — З.Ю.). Праз нейкі час той іншы чалавек памёр, яго ж сваякі прызнавалі 10 000 пазыкі, а ліхвяр сцвярджаў, што пазычаў 100 000 польскіх злотых. Сям’я заявіла, што вэксаль падроблены (праўкі былі відавочныя). Ліхвяр бараніў свае інтарэсы спосабамі «добрай вагі» (пэўна, меліся на ўвазе карупцыйныя схемы), таму шалі справядлівасці доўга не прымалі аніводзін з бакоў. А тут прыйшоў час і Багуслаўскаму вяртаць 200 дукатаў (каля 4000 злотых), якіх не было. Ліхвяр, убачыўшы Багуслаўскага на трывалым ланцугу, прапанаваў тэатралу з’явіцца на судзе і заявіць, што, перапісваючы вэксаль нябожчыка, ён бачыў і подпіс, і суму 100 000 злотых. Гэта ў судзе павінна было пераважыць шалі на карысць несправядлівасці. За сведчанне ліхвяр абяцаў забыць пазыку ды яшчэ падараваць 100 дукатаў. Багуслаўскі, не жадаючы пляміць гонар, прыдумаў сваю гульню. З’явіўшыся на судзе, тэатрал прысягнуў казаць праўду і заявіў, што подпісу «іншага чалавека» ён не бачыў, а лічбы не запомніў. Ды дадаў, што, як бы яго ні пыталі, больш нічога не скажа. Суд Багуслаўскага адпусціў і той пайшоў да адваката. А калі прыйшоў дадому, то ўбачыў «карціну алеем» — два судовыя чыноўнікі, з падачы ліхвяра, апячаталі ўсю рухомую маёмасць (бібліятэку, рэквізіт), нават сталовыя прыборы. Ды яшчэ пасля гэтага падмануты ў лепшых пачуццях ліхвяр падаў на Багуслаўскага заяву, што апячатанага не хапае на сплату пазыкі. Каб Багуслаўскі не збег, да яго прыставілі «ганаровую» варту з двух паліцыянтаў, якія павінны былі хадзіць за ім «крок у крок». Так і сядзеў дырэктар тэатра дома, не жадаючы з’яўляцца ў кавярнях у такой «годнай кампаніі».

Ĺvoŭski teatr. Franc Hierstenbierhier, 1805
Львоўскі тэатр. Франц Герстэнбергер, 1805

Скончылася гісторыя вось як. Граф Патоцкі вызваліў актора ад варты. Суд пастанавіў вярнуць працаўніку сцэны рыштунак, бо па аўстрыйскім заканадаўстве нельга было адымаць ў чалавека тое, чым ён зарабляе на жыццё. Ды яшчэ паставілі свайго чалавека, які павінен быў бы страляць у паветра, калі б нехта наважыўся выносіць скарбы Багуслаўскага з дома. Што, праўда, не выбаўляла ад абавязку плаціць па цырографе. І тут выпадак павярнуўся да Багуслаўскага, які знаходзіўся ў самым адчайным стане, тварам. Жонка аднаго з яўрэяў, што працаваў пры тэатры Багуслаўскага, атрымала вялікую спадчыну па бацьках. І гэты чалавек дапамог Багуслаўскаму сплаціць пазыку і, такім чынам, выратаваў тэатр ад знішчэння.

Гэты маг — чарадзей

Што ў гэтай гісторыі пераклікаецца з сюжэтам оперы «Чужое багацце нікому не служыць»? У оперы вядзецца пра нейкага Чужапанка, які супраціўляецца каханню дачкі Касі і Янкі. Янка прыдумвае розыгрыш, у якім спярша распавядае Чужапанку пра нейкі скарб, потым, пераапрануўшыся Чараўніком, страшэнна палохае будучага свёкра, затым ізноў у вобразе Янкі «б’ецца» з Чараўніком і ратуе Чужапанка. І тады той, нарэшце, аддае Касю за Янку. Усе разам са сцэны спяваюць: «Хай яго прыклад кожнаму паслужыць — чужыя скарбы нікому не служаць». Амаль як у «Брэменскіх музыкантах».

Звернем цяпер увагу на арыгінальнае лібрэта. У другім акце, у арыі Янкі, які ўжо пераапрануўся ў Чараўніка, згадваюцца Твардоўскі, цырографы, яўрэі. Усё гэта ёсць і ва ўспамінах Багуслаўскага. Але няма гэтых слоў у перастворанай версіі.

Што ж тычыцца аўтара музыкі, то пошукі варта пачаць з імя чалавека, які напісаў алоўкам «Голанд Ян» на вокладцы партытуры, і тых крыніц, з якіх ён браў інфармацыю. Можа, нам пашанцуе.