Таймкілеры, грумінг, Kwai… Навошта бацькам ведаць, што гэта

Каля года ў сеціве існуе праект netka.by: інтэрнэт-бяспека дзяцей Беларусі. Чатыры месяцы таму ён абзавёўся новым сайтам. Аўтар і кіраўнік праекта Вольга Корсун распавяла budzma.org, якія адкрыццi і лайфхакі могуць знайсці тут бацькі.

— Вашая мадэль праекта — інфармацыйны сайт як адзіная крыніца па тэме інтэрнэт-бяспекі плюс кансультацыі экспертаў. Ці ёсць попыт у бацькоў і на гэтую інфармацыю? Ці звяртаюцца яны праз сайт да псіхолагаў?

— Мадэль адназначна эфектыўна спрацавала ў дачыненні да зацікаўленых настаўнікаў і прадстаўнікоў сістэмы адукацыі. Асабліва прыемна, што мы атрымалі вялікі водгук ад рэгіёнаў. Па зваротнай сувязі мы бачым, што нашы матэрыялы актыўна выкарыстоўваюцца.

З бацькамі сітуацыя іншая. Найбольш распаўсюджанае бацькоўскае стаўленне да праблемы зводзіцца да забароны і дзвюх пазіцый: “маё дзіця пра інтэрнэт ведае лепш за мяне, само разбярэцца” і “я і без вас усё ведаю, сам навучу”. Але на практыцы аказваецца, што “ўсё ведаю” зводзіцца да таемнага прагляду гісторыі браўзера сына ці дачкі. Гэта не вырашае праблемы. Таму наша першачарговая задача — раскатурхаць бацькоў, дастукацца да іх, данесці ўсю важнасць гэтай тэмы.

Бацькі, якія сутыкнуліся з праблемамі дзіцяці ў інтэрнэце, вельмі часта звяртаюцца праз наш сайт да псіхолагаў цэнтра прыязнага стаўлення да падлеткаў “Давер” і атрымліваюць там кваліфікаваную дапамогу. Найбольш частая праблема — інтэрнэт- або гульнявая залежнасць дзіцяці.

Замест забароны — бацькоўскае “жалеза”

— На вашым сайце ёсць інфармацыя пра “бацькоўскае праграмнае забеспячэнне” i парады па яго ўстаноўцы. Што гэта такое? Што бацькі могуць усталяваць на тэлефон, камп’ютар, каб абараніць сваіх дзяцей?

— Праграма бацькоўскага кантролю дае магчымасць абмежаваць доступ дзіцяці да пэўных гульняў, сайтаў або праграм, а таксама абмежаваць час знаходжання ў інтэрнэце. Акрамя таго, адна з важных функцый такой праграмы — стварэнне справаздачы аб дзейнасці дзіцяці ў сеціве. Бацькі змогуць штодня праглядаць спіс сайтаў, якія яно наведвала.

Але ў гэтым пытанні мы прытрымліваемся пазіцыі даверлівых адносін з дзецьмі. Тую ж статыстыку можна праглядаць разам з імі, абмяркоўваць убачанае і тлумачыць праблемныя моманты. На нашым сайце ёсць некалькі падрабязных артыкулаў на гэтую тэму:

Калі вы не можаце ўсталяваць праграмнае забеспячэнне самастойна, можна звярнуцца да нашых спецыялістаў netkaby@mail.ru

— Вы распрацавалі курс для школьнікаў па інфармацыйнай бяспецы і выкладалі яго ўжо ў прыватнай школе. А ці ёсць прапановы ад дзяржаўных школ увесці такі курс хаця б на ўзроўні факультатываў? Ці патрэбныя такія веды як абавязковы элемент у сістэме адукацыі?

— Цяпер у свеце нямала ініцыятыў па інтэрнэт-бяспецы. Напрыклад, klicksafe.de у Германіі, травлинет.рф. у Расіі. У Беларусі аператар сувязі таксама арганізуе ўрокі па інтэрнэт-бяспецы.

У многіх краінах існуе практыка, калі спецыялісты і валанцёры прыязджаюць з асветніцкімі праграмамі на агульнашкольныя сходы. Але пра тое, ці выкладаюцца такія прадметы ў свеце менавіта ў фармаце курса, я пакуль не чула. Нашы настаўнікі і так перагружаныя, і не хочацца, каб чарговая “абязалаўка зверху” знішчыла гэтую магчымасць.

Акрамя таго, у свеце інфармацыйнай бяспекі ўсё мяняецца ледзь не кожны дзень. Настаўніку трэба пастаянна адсочваць гэтыя змены, каб даваць дзецям актуальныя веды, а не вучыць, умоўна кажучы, як працуе даўно вымерлы тэлетайп.

З намі звязваюцца зацікаўленыя ў занятках па інтэрнэт-бяспецы прадстаўнікі дзяржаўных устаноў. Магчыма, калісьці ў нашых школах і з’явіцца такі курс. Аднак, паўтаруся, пачынаць трэба з павышэння ўсвядомленасці бацькоў.

 

Паспрабуем вярнуць дзяцей у двары!

— Вы, напэўна, перад запускам праекта вывучалі шматлікія даследаванні паводзін падлеткаў у інтэрнэце. Якія высновы вас уразілі? Якія асноўныя пагрозы там сёння існуюць?

— Перад тым як запусціць праект, я праводзіла анкетаванне бацькоў і дзяцей. Тое, што малодшыя школьнікі сядзяць у інтэрнэце ў сярэднім па 2 гадзіны штодня, не здзівіла. Напалохала, што ў многіх дзяцей у гэтым узросце ўжо ёсць віртуальныя сябры, з якімі ў рэальным жыцці яны не знаёмыя. А многія бацькі пра гэта не ведаюць.

Пагроз у інтэрнэце для дзяцей вельмі шмат: недапушчальны кантэнт, напрыклад, парнаграфія ці гвалт, кантакты з незнаёмцамі, кібербулінг, грумінг — дамаганне ў сеціве, “групы смерці”, небяспечныя для жыцця чэленджы, паведамленне канфідэнцыйнай інфармацыі незразумела каму, небяспечныя сэлфі, вірусы, хранафагі, або таймкілеры, якія адцягваюць ад спраў, інфармацыйнае смецце.

Апошнім часам у геаметрычнай прагрэсіі расце цікавасць дзяцей да такіх “музычных сэрвісаў”, як Musical.ly, Kwai і Like. Па сутнасці, гэта сацыяльныя сеткі, дзе любое дзіця можа ствараць кароткія відэаролікі пад модную музыку. Менавіта прастата выкарыстання і крутыя эфекты ствараюць у дзіцяці адчуванне, што ён зорка. Таму гэтыя сэрвісы вельмі папулярныя сярод малодшых школьнікаў і нават дашкольнікаў! Спампаваўшы праграму, яны выкладваюць у інтэрнэт велізарную колькасць сваіх відэазапісаў, лайкаюць, імкнуцца набраць сабе больш падпісчыкаў, набываюць новых віртуальных сяброў, а бацькі, як правіла, пра гэта нават не здагадваюцца! Я не заклікаю бацькоў выдаляць і забараняць гэтыя сэрвісы, у іх ёсць добрыя моманты. Але разабрацца і растлумачыць дзецям, якія небяспекі могуць там быць, бацькі проста абавязаныя. Неўзабаве на нашым сайце з’явіцца падрабязны артыкул на гэтую тэму.

Таксама хутка выйдзе наша інфармацыйная брашура “Што нельга распаўсюджваць у сеціве”, распрацаваная сумесна з нашымі партнёрамі — выдатнымі экспертамі адвакацкага бюро “Сцепаноўскі, Папакуль і партнёры”. Мы падрабязна тлумачым, што нельга лайкаць, рэпосціць, перасылаць у асабістых паведамленнях, каб не давялося адказваць перад законам. Яе можна будзе спампаваць на сайце.

Таксама мы плануем запусціць конкурс для дзяцей, які, спадзяемся, прыцягне іх увагу да сапраўдных дваровых гульняў, што былі папулярныя ў нашым савецкім дзяцінстве. Думаем, гэта будзе добрая альтэрнатыва інтэрнэту.

 

Ганна Кручкова

Фота з архіву Вольгі Корсун