Навошта сёння патрэбны спектакль пра падзеі 1937-38 гадоў і якое дачыненне ён мае да Беларусі? Піша тэатральны публіцыст Наталля Скарынка.
Артыкул апублікаваны ў выданні Podhoubí. Перакладзена з чэшскай спецыяльна для budzma.org.
Сцэна са спектакля «SKATUVE у агні». Фота: Mārtiņš Vilkārsis. Крыніца: Рыжскі рускі тэатр імя Міхаіла Чэхава
ЗВАРОТ ДА ЧЫТАЧОЎ
Рашэнне перакласці і апублікаваць менавіта гэты артыкул спецыяльна для выдання «Будзьма беларусамі!» з’явілася ў мяне не проста так. На першы поглед можа здацца: што ў нас, беларусаў, агульнага з латвійскім рускім тэатрам? Справа ў тым, што тэатр Чэхава перадусім — мігрантскі тэатр, які быў створаны ў 1883 годзе мясцовай рускай інтэлігенцыяй. Сёння Рыжскі рускі тэатр, акрамя латышоў, таксама прымае ў свае сцены не столькі рускіх, але менавіта рускамоўных артыстаў і творцаў. Працуюць у ім цяпер і ўкраінцы, і беларусы, якія ў свой час пакінулі свае краіны з-за вайны або дыктатуры — напрыклад, украінскі актор Уладзімір Гарыславец, які стаў чальцом калектыву пасля пачатку вайны ва Украіне, або былы артыст мінскага Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага Іван Стральцоў, які быў прыняты ў трупу рыжскага тэатра ў пераломным для Беларусі 2020 годзе.
Лічу сімвалічным і — не пабаюся сказаць — важным сваё жаданне пазнаёміць не толькі чэшскую, але і беларускую публіку з сучаснай дзейнасцю Рыжскага рускага тэатра. Менавіта яе характар, яе сэнсавая нагрузка нясе ў сабе сёння шмат карысных парад таго, як растлумачыць сабе пераважна трагічны лёс культурных падзей, звязаных з аўтарытарным палітычным ладам, і лепей зразумець жыццё творцаў у выгнанні. Сёння думкі і разважанні аб гэтым — як ніколі дарэчныя і непазбежныя.
Наталля Міхаліна Скарынка
***
Тэатр Міхаіла Чэхава зараз — вельмі цікавая з’ява, бо існуе ў даволі спецыфічных умовах. MČT знаходзіцца ў самым цэнтры латвійскай сталіцы, у рэпертуары тэатра пераважаюць рускамоўныя пастаноўкі, а сама ўстанова працягвае выказваць падтрымку ўкраінскаму народу ў яго барацьбе з узброенай агрэсіяй Расіі. Можна сказаць, што з-за ўсяго гэтага MČT адчувае ціск з трох бакоў. Па-першае, ён губляе рускамоўных гледачоў, якія не згодныя з праўкраінскай пазіцыяй тэатра, а па-другое, MČT губляе некаторую колькасць украінскіх гледачоў з-за іх лагічнай адмовы ад рускай мовы і культуры ва ўмовах цяперашняй вайны. А яшчэ, вядома, ёсць пласт карэнных латышоў, якія, верагодна, не зусім разумеюць існаванне і росквіт па сутнасці мігранцкага рускага тэатра ў цэнтры Рыгі.
Я вырашыла напісаць свае разважанні пра спектакль «SKATUVE у агні» (у перакладзе з латышскай SKATUVE = сцэна) са спасылкай на новы відэапраект Тэатра Міхаіла Чэхава «Размова пасля прэм’еры». Яго першая частка прысвечана дыскусіі паміж стваральнікамі праекта — рэжысёркай Лаўрай Грозай і драматургам Артурсам Дыцысам. Іх размова пацвярджае мае ўласныя высновы аб пастаноўцы, яе сутнасці і пазачасавых сэнсах, якія яе пасланне нясе ў сучаснасць. Рэжысёрка спектакля Лаура Гроза таксама сцвярджае, што пастаноўка «SKATUVE у агні» адкрыла «новы кірунак» для MČT.
Адна з найважнейшых ідэй спектакля, згаданых у відэароліку драматургам Артурсам Дыцысам, — падкрэсліць паралелі сюжэту пастаноўкі з сучаснымі падзеямі і тым тыпам чалавечага мыслення, які, на жаль, не моцна змяніўся не толькі ў асобных людзях, але і ў некаторых пластах грамадства з 1938 года. Дагэтуль у свеце існуюць дзяржавы, дзе пануе дыктатура (у тым ліку і еўрапейскія), і сапраўды гэтак жа сёння можна пачуць абураныя развагі аб прычынах існавання тэатра мігрантаў на тэрыторыі той ці іншай дзяржавы, аб безумоўнай неабходнасці спыніць яго падтрымку і цалкам закрыць.
Невялічкі рэпартаж аб пастаноўцы спектакля «SKATUVE у агні» Рыжскага рускага тэатра імя Міхаіла Чэхава. Крыніца: Latvijas Sabiedriskie Mediji
«Тэатр мігрантаў». Я жыву і працую ў цесным кантакце з гэтым канцэптам ужо дастаткова доўга, каб глыбей за ўсё прачуць менавіта спектакль «SKATUVE у агні» з усяго, што мне ўдалося ўбачыць тут, у самым сэрцы Рыгі. У гэтым выпадку я перажывала ўвесь кашмар, які разыгрываецца на сцэне, як свой уласны. Гэтаму спрыяла і тое, што я адношуся да той катэгорыі тэатральных публіцыстаў, якія здольныя падчас спектакля расплакацца да галаўнога болю, выціраючы слёзы вырванай з блакнота старонкай — вядома, толькі калі ёсць на тое важкая прычына і не трэба рабіць запісы прама ў гэтую секунду. Гісторыя «SKATUVE у агні» перагукаецца з падзеямі і страхамі, якія ўвесь час атачаюць і пераследуюць мяне, асабліва як беларускага тэатрала і журналіста ў выгнанні.
Мяркую, варта ўвесці чытача ў кантэкст пастаноўкі. «SKATUVE у агні» мае моцны гісторыка-драматургічны касцяк. SKATUVE — гэта назва латвійскай тэатральнай трупы, заснаванай у Маскве ў 1919 годзе Освальдам Глазніексам, вучнем тэатральнага рэжысёра і акцёра Яўгена Вахтангава. У 1932 годзе SKATUVE атрымаў статус латвійскага дзяржаўнага тэатра. Нягледзячы на папулярнасць і высокую наведвальнасць, прызнанне рускай і латышскай публікі, а таксама якасць і поспех тэатральных пастановак, 27 снежня 1937 года SKATUVE быў ліквідаваны ў сувязі з «немэтазгоднасцю існавання латышскага тэатра ў Маскве». Аднак да гэтага часу ў тэатры ўжо не было ніводнага супрацоўніка: на працягу снежня 1937 года ўсе чальцы тэатральнай трупы былі паслядоўна арыштаваны. Артысты і тэхнічны персанал былі абвінавачаны ва ўдзеле ў «контррэвалюцыйнай нацыяналістычнай латышска-фашысцкай арганізацыі» або ў «шпіянажы на карысць Латвіі» і пасля расстраляныя ў лютым 1938 года. У спектаклі «SKATUVE у агні» гэтыя падзеі адлюстраваны праз рэпетыцыйны працэс п’есы латышскага драматурга Рудольфса Блаўманіса «Угуні» (з лат. «У агні»). Аднак з часам колькасць артыстаў у ансамблі скарачаецца, бо аднаго за другім паступова арыштоўвае НКУС. Да моманту прэм’еры «У агні» ў акцёрскім ансамблі SKATUVE не застаецца ніводнага мужчыны, і ўсе ролі дастаюцца жанчынам. Аднак неўзабаве і іх арыштоўваюць і караюць смерцю.
У размове са сваім калегам-драматургам рэжысёрка Лаура Гроза называе «SKATUVE у агні» «магчымай гісторыяй». І пастаноўка становіцца яшчэ больш каштоўнай з тэатральнага і грамадска-палітычнага пункту гледжання. Дарэчы, замест гістарычна карэктнага тэрміна НКУС у спектаклі выкарыстоўваецца тэрмін КДБ. Мяркую, гэтая наўмысная змена, якая дазваляе глыбей акунуць кантэкст сцэнічнага дзеяння ў сучаснасць. Сапраўды, не так проста па-мастацку злучыць на сцэне дзве (ці больш?) эпохі (і краіны?) так, каб вынік не выглядаў бязладным або кітчавым. Стваральнікам «SKATUVE у агні» ўдалося тонка і эстэтычна пабудаваць такі мост. Лаура Гроза адзначае, што «вельмі цяжка стварыць сапраўдную атмасферу трывогі», якая з’яўляецца цэнтральнай для сцэнічнага сюжэту.
Аўтары пастаноўкі спасылаюцца на рэцэнзіі, у якіх гаворыцца пра своеасаблівую хаатычнасць пастаноўкі, і ўспрымаюць гэта хутчэй як станоўчую адзнаку, бо іх мэтай было адлюстраваць «неадэкватныя паводзіны людзей» у сапраўды «неадэкватных умовах» (то бок, у кантэксце неабгрунтаваных і беспрынцыповых рэпрэсій). У паслядоўнасці падзей прысутнічае лёгкая блытаніна, пераважае метафарычны і паэтычны падыход. Я б сказала, што ўмяшанне аўтараў у візуальнае ўспрыманне персанажаў, сітуацый, месцаў і дзеянняў герояў, шмат у чым дзіўных да абсурду, тут атрымлівае «вольны ход», і яны як бы жывуць сваім уласным жыццём, існуючы разам і ў той жа час асобна ад гістарычнага апавядання.
Сцэны са спектакля «SKATUVE у агні». Фота: Mārtiņš Vilkārsis. Крыніца: Рыжскі рускі тэатр імя Міхаіла Чэхава
Гэтая «магчымая гісторыя», або лёгкая гістарычная недакладнасць сюжэту ў пастаноўцы «SKATUVE у агні», напрыклад, уяўленне няпоўных або адкрыта «няправільных» дат, грае важную ролю. Рэжысёрка Лаура Гроза ў гэтым кантэксце мяркуе, што падобная гісторыя можа разгортвацца сёння ў Паўночнай Карэі ці Беларусі. Я павярхоўна знаёмая з сучаснай Паўночнай Карэяй па дакументальных фільмах і сведчаннях бежанцаў. З іншага боку, я значна больш ведаю пра функцыянаванне тэатральнай сістэмы ў маёй роднай Беларусі, у тым ліку таму, што ў мяне была магчымасць камунікаваць і цесна працаваць з некаторымі беларускімі тэатраламі ў вымушаным выгнанні. Суровыя адносіны да тых, хто адступае ад правілаў мясцовай наменклатуры, пераважае сёння і ў Расіі, і ў іншых дыктатурах свету. Беларусь, між тым, адзіная краіна ў Еўропе, дзе да гэтага часу існуе смяротнае пакаранне... А ўсіх нязгодных з рэжымам звычайна саджаюць у турму або высылаюць з краіны практычна без магчымасці вярнуцца дадому, хаця б на кароткае настальгічнае імгненне.
Сацыяльна-палітычнае значэнне «SKATUVE у агні» ўзмацняецца нацыянальна-гістарычным кантэкстам, які блізкі і асабіста мне, асабліва ў пытанні мовы. Спектакль двухмоўны: ён гучыць на рускай і латышскай мовах (субтытры таксама на дзвюх мовах). Гэтае лагічнае рэжысёркаскае рашэнне — з аднаго боку, Латвія была часткай СССР, з другога — ансамбль SKATUVE базаваўся ў Маскве. Гэтак жа ў Эстоніі, Латвіі, Украіне, Беларусі і іншых дзяржавах былога Савецкага Саюза падаўляліся мясцовыя мовы. Замест гэтага актыўна, то бок гвалтоўна, укаранялася руская. Гэтак жа, як і сёння — у Беларусі і Украіне.
Латвія мае неацэнную перавагу — яна з’яўляецца часткай Еўрапейскага саюза, дзе сустракаецца больш нацыянальных груп, а людзі гавораць на многіх мовах. Да гэтага часу ў краіне актыўна выкарыстоўваецца руская мова і сустракаюцца нават шыльды на ёй. Менавіта таму мясцовыя палітыкі працягваюць распрацоўваць планы і стратэгіі па вяртанні латышскай мове статусу асноўнага, а некаторыя, найбольш радыкальна настроеныя, нават настойваюць на поўным «скасаванні» ўсіх праяў рускай мовы на тэрыторыі Латвіі. Нагадаю, што з моманту распаду СССР прайшло ўжо 33 гады. А «барацьба» за латышскую мову (і за поўнае выкараненне рускай) усё яшчэ працягваецца.
Сцэны са спектакля «SKATUVE у агні». Фота: Mārtiņš Vilkārsis. Крыніца: Рыжскі рускі тэатр імя Міхаіла Чэхава
Спектакль «SKATUVE у агні» можа служыць, у тым ліку, універсальнай выявай магчымай сітуацыі для людзей культуры ў вымушанай эміграцыі, у тым ліку і беларускіх. Ён стварае ўнікальны мастацка-гістарычны кантэкст — тонкі, пераканаўчы, а галоўнае, асацыятыўны. Важна перастаць задаваць пытанні кшталту: «Колькі яшчэ мы павінны фінансаваць бежанцаў?», або: «Навошта нам патрэбен тэатр мігрантаў?»
Паняцце «тэатр мігрантаў» існуе не толькі для «вас» і «нас», але і для разумення грамадства. Ён і сёння адказвае на пытанне, як выжыць у тых умовах, у якіх некалі існаваў латышскі SKATUVE і ў якіх сёння існуюць многія ўкраінскія, беларускія і іншыя тэатральныя калектывы, якія ратуюцца ад войнаў, дыктатур і смяротных прысудаў. Людзі, якія нарадзіліся і выраслі ва ўмовах свабоды, напэўна, з цяжкасцю зразумеюць тых, хто ведае аб сапраўднай свабодзе толькі з утапічных кніг.
Менавіта таму нам усім і патрэбен тэатр мігрантаў — каб нагадаць і зрабіць бачным гэты жорсткі досвед шматлікіх пакаленняў для свету, якому ён можа здавацца далёкім і чужым.
Дарэчы, ці ведаеце вы, што, напрыклад, антыўтопія Оруэла «1984» афіцыйна забаронена ў Беларусі?
Спектакль Рыжскага рускага тэатра імя Міхаіла Чэхава «SKATUVE у агні» я ўспрымаю як вельмі важнае і глыбокае паэтыка-дакументальнае разважанне. Падыходзячы да сюжэту і гістарычнага матэрыялу з мастацкага пункту гледжання і ў кантэксце ўспрымання тэатра як сацыяльнага інструмента, «SKATUVE у агні» сапраўды дэманструе «новы напрамак» Рыжскага рускага тэатра Міхаіла Чэхава. І хаця стваральнікі сцвярджаюць, што гэты спектакль не толькі пра 1937-ы год, я ўсё роўна павінна вам сказаць: «SKATUVE у агні» — гэта якраз пра 1937-ы год. Як мінімум таму, што ў маёй роднай Беларусі зараз менавіта 1937-ы.
Наталля Міхаліна Скарынка