Тэатральную замалёўку сустрэчы Купалы і Коласа пакажуць у мемарыяльнай сядзібе ў Смольні 6 жніўня

Тэатральную замалёўку сустрэчы Янкі Купалы і Якуба Коласа пакажуць на літаратурна-мемарыяльным свяце «Туды, дзе неба з долам абняліся, як браты…» у мемарыяльнай сядзібе «Смольня» 6 жніўня, паведамілі БЕЛТА ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа.


164.jpg Мемарыяльная сядзіба «Смольня». Фота з архіва

«Свята прымеркавана да 110-годдзя першай сустрэчы народных паэтаў Беларусі Якуба Коласа і Янкі Купалы ў Смольні. Адметная асаблівасць свята — тэатральная замалёўка «Сустрэча Янкі і Якуба» ў выкананні вядомых беларускіх акцёраў», — расказалі ў музеі.

Смольня займае значнае месца ў біяграфіі і творчасці Якуба Коласа. «Калі будаваўся дом, Канстанцін Міцкевіч сядзеў у мінскім астрозе, і толькі 19 верасня 1911 года прыехаў сюды ўпершыню. Сядзіба здалася паэту апусцелай. І каб крыху яе ўпрыгожыць, Якуб Колас пасадзіў дрэвы — ліпы, якія растуць і сёння. Пад гэтымі дрэвамі і сядзелі будучыя народныя паэты ў час першай сустрэчы», — расказалі супрацоўнікі музея.

Апошні раз Якуб Колас наведаў Смольню 30 красавіка 1956 года. «А ў 1967 годзе тут быў адкрыты філіял музея. Літаратурна-музычнае свята ў Смольні стане цудоўным днём для сямейнага адпачынку на малой радзіме класіка беларускай літаратуры. Хто хоць аднойчы пройдзе па сцяжынах песняра, той абавязкова адчуе нябачную прысутнасць паэта і яго неадольна будзе цягнуць зноў і зноў у родны кут Якуба Коласа», — дадалі ў музеі.

Пачатак літаратурна-мемарыяльнага свята «Туды, дзе неба з долам абняліся, як браты…» у 12.00.