Тэрмін прыёму заявак для ўдзелу ў адборы на дзіцячае “Еўрабачанне-2014” заканчваецца 9 чэрвеня

27.05.2014 Конкурсы

Белтэлерадыёкампанія працягвае прымаць заяўкі для ўдзелу ў нацыянальным адборы міжнароднага дзіцячага конкурсу песні “Еўрабачанне-2014” (рэспубліканскім дзіцячым конкурсе “Песня для Еўрабачання”).

Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі. Апошні дзень прыёму заявак – 9 чэрвеня.

Конкурс праходзіць у тры этапы: адборачны тур, фінал і падрыхтоўка афіцыйнага прадстаўніка Беларусі да выступлення на музычным форуме.

Па выніках адбору журы, не пазней як 17 чэрвеня, вызначыць ад сямі да дзесяці канкурсантаў для ўдзелу ў фінале. Ён пройдзе 29 жніўня. Гэта будзе гала-канцэрт, які пакажуць у эфіры тэлеканала “Беларусь 1”. Пераможцу галасаваннем вызначаць прафесійнае журы і тэлегледачы.

Паўдзельнічаць у адборы могуць юныя беларусы або замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у краіне не менш за два з палавінай гады. На дзень правядзення дзіцячага “Еўрабачання-2014” ім павінна быць не менш як 10 і не больш як 15 гадоў.

На рэспубліканскі конкурс можна прадставіць раней не апублікаваную песню на беларускай або рускай мовах. Працягласць трэка – не менш за 2 мін. 45 сек. і не больш за 3 мін. Канкурсант павінен быць аўтарам слоў і (або) музыкі і (або) аранжыроўкі песні. Пры стварэнні тэксту, музыкі, аранжыроўкі песні аўтару могуць дапамагаць прафесіяналы ў галіне музыкі і інш. У тэксце песні дапускаецца да 25 працэнтаў англійскіх слоў (пры ўмове выдатнага вымаўлення).

Патэнцыяльным удзельнікам трэба накіроўваць заяўкі каштоўнай бандэроллю на адрас: 220807, г.Мінск, вул.Макаёнка, 9, з паметкай “На рэспубліканскі конкурс “Песня для Еўрабачання”. Больш падрабязная інфармацыя – на сайце Белтэлерадыёкампаніі.

Беларусь удзельнічае ў міжнародным дзіцячым конкурсе “Еўрабачанне” з моманту яго заснавання – 2003 года. Першай беларускай удзельніцай музычнага форуму была Вольга Сацюк. На ліку нашай краіны дзве перамогі: у 2005 годзе конкурс выйграла Ксенія Сітнік з песняй “Мы разам”, у 2007-м – Аляксей Жыгалковіч з кампазіцыяй “З сябрамі”. У мінулым годзе 11-гадовы Ілья Волкаў з песняй “Спявай са мной” заняў трэцяе прызавое месца.

Міжнародны дзіцячы конкурс песні “Еўрабачанне-2014” пройдзе 15 лістапада ў г.Валета (Мальта).

БЕЛТА