Гурт TerraKod выклаў у сеціва свежы сінгл – Piracki. Праца дэманструе новае гучанне калектыву: болей цяжкі збалансаваны саўнд і поўны пераход да аўтарскіх тэкстаў. Замест лірыкі “новай школы фолк-метала” цяпер – фэнтэзійная пірацкая тэматыка. Упершыню з’яўляецца ў творчасці гурта англійская мова, на якой выкананая кавер-версія на адну з галоўных песень Берасцейшчыны – “Калыханку” гурта Sciana. Звядзенне і майстарынг выкананыя Раманам Грынбергам.
Каментуе вакалістка гурта Кася: “У нас цяпер пераходны перыяд, мы пакрысе адыходзім ад фолк-метала. Таксама адыходзім ад гэтых пастаянных развагаў пра тое, ў якім стылі грае гурт, што лічыць фолк-металам і як уласна называецца наш стыль. Мы – беларускі металбэнд і цяпер мы граем вось так, а ўсё астатняе – дэталі. Не факт, што ўвесь альбом будзе такім цяжкім і не факт, што фолкавы складнік знікне зусім. Чакайце новыя запісы і прыходзьце на канцэрты”.
На красавік рыхтуецца выданне яшчэ аднаго сінглу і канцэрт у Берасці. Пацверджаны ўдзел гурта ў вялікім летнім фестывалі “Свята Сонца”, які пройдзе 18-19га чэрвеня на тэрыторыі комплекса “Дудуткі”. Традыцыйнае штогадовае свята аб’яднае лепшых музыкаў краіны і збярэ майстроў і аматараў народных рамёстваў і пазітыўнага ладу жыцця.
Бліжэйшыя выступы гурта адбудуцца зусім хутка – ў Мінску 24га і 25га сакавіка. 24га гурт дае вялікі канцэрт у клубе TNT, які пройдзе па сістэме free-donation – кожны зможа заплаціць на ўваходзе столькі, колькі захоча. А 25га сакавіка гурт з кароткім сэтам лепшых песень адкрые святочны канцэрт Gods Tower у клубе RePublic.