Беларускі арнамент, увасоблены ў лапікавых карцінах, палатняныя посцілкі як з бабулінай хаты ў вёсцы, абярэгавыя лялькі, зробленыя без іголкі, а побач сучасныя арт-аб’екты з воўны ды дзівосныя аўтарскія пано — усё гэта вырабы ўдзельнікаў Міжнароднага фестывалю «ТэкСтыльны букет». Іх можна пабачыць у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў у Мінску да 30 ліпеня. Фестываль папулярызуе не толькі імёны майстроў з розных куткоў Беларусі, але і натхняе гледачоў на пашырэнне выкарыстання тэкстыльных твораў у сучасным дызайне. Усім, хто цікавіцца ткацтвам, тэкстылем і мастацтвам, раім наведаць.
Працы беларускіх майтрых у залях НЦСМ
Выстава, з’яўляецца працягам Міжнароднага фестывалю «ТэкСтыльны букет», які ў гэтым годзе праводзіўся ў Беларусі пяты раз з 14 па 18 чэрвеня. Калі паглыбіцца ў гісторыю правядзення фестывалю, то прыгадваецца хіба прымеркаванне першага фэсту ў 2019 годзе да дня адзінства Беларусі і Расіі. У наступныя гады фестываль стаў больш палітычна-нейтральным, бо даты правядзення былі перасунуты на пазнейшы перыяд і імпрэзы сталі праводзіцца ўжо ў першай палове чэрвеня. Так як фестываль пачынаўся як беларуска-расійскі праект, то значную частку на ТэкСтыльных выставах заўсёды займаюць працы майстроў гэтых дзвюх краін. Не выключэннем стаў і гэты год, калі акрамя беларускіх майстроў на фестываль прывезлі свае працы майстрыхі з Расіі Наталля Цвяткова, Ірына Вароніна, Ганна Макіна, Наталля Кас’янкоўская і інш. Пасля сканчэння фестывалю, працы расійскіх удзельніц не засталіся для агляду на выставе, таму зараз у НЦСМ выстаўляюцца толькі беларускія майстры.
Працы майстрых з Расіі
За сваю нядоўгую гісторыю «ТэкСтыльны букет» можа пахваліцца вялікай колькасцю аўтараў (больш за 500 майстроў выстаўлялі свае працы на фестывалях) і адносна пярэстай палітрай краін-удзельніц, якая, што праўда, за апошнія гады стала значна радзейшай з-за нядбайных унутраных і знешніх палітычных крокаў кіраўніцтва Беларусі. Так у гэтым годзе на афішы можна пабачыць толькі тры краіны ўдзельніцы — Беларусь, Расія і Аўстрыя. Пры тым апошняя трапіла ў спіс толькі з-за маладзёжнага беларуска-аўстрыйскага праекта «Windows&Bridges».
У сённяшніх умовах, калі арганізатарам выставаў трэба прадстаўляць на зацвярджэнне ў Міністэрства культуры імёны аўтараў і іх працы, гледачам становіцца ўсё цяжэй знайсці творы, якія прымушаюць задумвацца над сэнсам і ідэяй, якую закладае ў іх майстар. Тым больш каштоўныя працы, у якіх адлюстраваныя беларускія традыцыі ды повязь з гісторыяй. Да 30 ліпеня яшчэ ёсць час, каб наведаць выставу ды натхніцца цудоўнымі творамі тэкстыльнага мастацтва. На што асабліва варта звярнуць увагу, расказваем далей.
Творы Надзеі Рэўтовіч, Лідзіі Святкінай і Наталлі Лісоўскай
Калі працы беларускіх прафесійных майстрых Любові Кірылавай і Наталлі Лісоўскай можна часта пабачыць на розных выставах, то творы іншых ўдзельнікаў прымушаюць спыніцца і запомніць для сябе новыя імёны.
Любоў Кірылава «Медзянай гары Гаспадыня»
Працы бабруйскай дзіцячай студыі «Майстрыха.бай» крануць пачуцці кожнага госця выставы.
Вы абавязкова затрымаецеся каля традыцыйных беларускіх абярэгавых лялек надоўга хаця б дзеля таго, каб вызначыцца, якія з іх вам больш падабаюцца.
Працы Яны Янішчыц, Святланы Еўдакіменка, Ганны Непачаловіч і студыі ДПМ «Майстрыха.by»
Ручнікі Святланы Еўдакіменка і Таццяны Місніковай, посцілкі Элі Рудай і Алы Непачаловіч, карункі Яны Янішчыц, традыцыйныя лялькі і гістарычны інвентар з калекцыі дзіцячай студыі «Майстрыха.бай» атрымалася сплесці ў цудоўны колер эмоцый, звязаных з гістарычнай памяццю продкаў.
На выставе можна пабачыць новы праект мінскага квілт-клуба «Валошкі» — «Родны сэрцу горад мой» — творы прысвечаныя Мінску, а таксама натхніцца ўжо вядомымі працамі майстрых клуба. Чароўныя выцінанкі-скарбніцы, фіранкі быццам бы вітражы і працы па матывах слуцкіх паясоў Святланы Шалковай, Ірыны Архангельскай, Людмілы Апенка, Алены Саечнікавай, Таццяны Кузняцовай, Вольгі Матусевіч і інш. майстрых ужо сталі візітнымі карткамі «Валошак».
«Выцінанка-скарбніца натхнення» — калектыўны праект ад квілт-клуба «Валошкі»
Акрамя таго, побач з тэкстыльнымі працамі ў традыцыйнай падачы твораў знайшлося месца і для маладзёжнага беларуска-аўстрыйскага праекта «Windows & Bridges». У межах праекта 11 беларускіх і 7 аўстрыйскіх мастакоў напрацягу двух гадоў працавалі над філасофскім разуменнем вокнаў і мастоў.
Маргарыта Шчытнікава інсталяцыя «Паралельныя сусветы» з праекта «Windows & Bridges»
Вокны і масты па задуме куратараў праекта з’яўляюцца як раздзяляючымі так і яднаючымі складнікамі рэчаў ці паняццяў. На першы погляд яны падаюцца нам звычайнымі і зразумелымі рэчамі да моманту, пакуль мы не паглядзім на іх крыху з іншага ракурсу. На выставе ў дзвюх залях выстаўлена больш за 30 прац маладых майстроў, якія паспрабуюць перавярнуць наша ўспрыняцце стандартнага разумення мастоў і вокнаў.
Анастасія Лагуценка, інстраляцыя «Блукаючы па снах» з праекта «Windows & Bridges»
Закране пачуцці гледачоў і твор Генадзя Фалея «Ад вытокаў». Заля, дзе размешчана праца, прымусіць наведвальнікаў застацца сам-на-сам з мелодыямі традыцыйных спеваў і атрымаць сапраўдны беларускі рэлакс ад цемры і спробаў адчуць подых ветра ў працы майстра. Эмоцыі людзей абвастраюцца і гіпербалізуюцца ў суцэльнай цемры, таму праца мастака кранае гледача зусім інакш, чым калі б яна выстаўлялася ў звычайнай светлай залі цэнтра.
вул. Някрасава, 3
З 12 да 20 гадзін да 30 ліпеня (выходныя — панядзелак, аўторак).
7 руб. — дарослыя; 3 руб. — студэнты, школьнікі, навучэнцы, шматдзентыя сем’і, пенсіянеры; бясплатна — дзецi да 7 год, удзельнікi Вялікай Айчыннай вайны, інваліды, дзецi-сіраты і дзецi, якія засталіся без апекі бацькоў, супрацоўнікi музеяў, члены ICOM, прадстаўнікi СМI (пры прад’яўленні адпаведнага пасведчання).
Каля 1 гадзіны ці больш.
Магдалена Адынец, budzma.org