Імправізаваны музей з’явіўся на дыягнастычнай станцыі па вуліцы Пушкіна ў Гродне. Гадоў 8 таму інжынеру-дыягносту Казіміру Сержану трапілася на вочы вядомая савецкая радыёла «Сакта». Ён прынёс прыбор на станцыю, каб праверыць працаздольнасць. Радыёла 1961 года выпуску ўключылася і спраўна працуе да гэтага часу. З яе і пачалася калекцыя, якая сёння разраслася да цэлага міні-музея, які ўключае ў сябе больш за 200 экзэмпляраў. Спачатку супрацоўнікі прыносілі з дому старую тэхніку, а потым новыя экспанаты сталі пастаўляць нават кліенты, піша NewGrodno.by.
У асноўным тут, вядома, музычная апаратура. Гэта патэфоны і прайгравальнікі вінілавых пласцінак, магнітафоны і плэеры розных марак, радыёпрымачы ўсіх формаў і памераў ад грувасткіх да тых, што змяшчаліся ў кішэню. Ёсць сярод іх, вядома, і масавыя мадэлі, але ёсць і тыя, за якімі літаральна палююць калекцыянеры.
«Вось, напрыклад, патэфон «Дружба», які выраблялі на заводзе ў Ленінградзе. Усяго было выпушчана каля 70 тыс. адзінак», — распавядае Казімір Сержан. Зразумела, што сёння мадэль з сярэдзіны мінулага стагоддзя гэта сапраўдны рарытэт.
А вось, напрыклад, «Спідола» 1950-х гадоў. Гэта быў першы паўправадніковы радыёпрымач. Выпускалі іх у Рызе. На змену ім прыйшлі прымачы VEF, якія ў свой час былі вельмі папулярнымі. Ёсць у калекцыі, напрыклад, VEF-206, які прадаваўся толькі за мяжу.
«Амаль уся тэхніка працуе! Але часам узнікаюць праблемы. Напрыклад, вельмі складана знайсці іголкі для патэфона», — распавядае інжынер-дыягност.
Дарэчы, музыку тут могуць паслухаць усе ахвочыя. «Гэта ж той самы цёплы лямпавы гук. Самы чысты, без перашкод і бразджанняў», — захапляецца Казімір Сержан.
А яшчэ, расказвае ён, гэты імправізаваны музей нясе адукацыйную функцыю. Усё ж такі сучасная моладзь часта дрэнна ўяўляе, як заводзіцца патэфон, як выглядае вінілавая пласцінка або магнітафон з касетамі бабінамі.
Дарэчы, аднойчы частка калекцыі выступіла ў якасці машыны часу. Напярэдадні святкавання Дня Перамогі на станцыю зазірнуў урач адной з гарадскіх бальніц. Ён расказаў, што на лячэнні ў ёй знаходзяцца ветэраны. Медыкі вырашылі зладзіць ім свята, дапамагчы ўзгадаць маладосць. Старадаўнія патэфон і фотаапарат адыгралі ў гэтым важную ролю.
Дарэчы, фотатэхніка тут таксама прадстаўлена шырока. У асноўным гэта савецкія фотаапараты розных гадоў выпуску. Многія з іх у старэйшага пакалення відавочна выклічуць прыступы настальгіі.
Можна паглядзець тут на тэлевізары. Мы не абмовіліся, менавіта паглядзець. Развіццё лічбавага тэлебачання «ўдарыла» па дзядках. Многія ўключаюцца, але сігнал ужо не ловяць.
Гэта зараз тэлевізары спаборнічаюць у каго дыяганаль экрана большая, а адзін час быў трэнд і на памяншэнне памераў. Не, гэта не прадвеснік мабільных тэлефонаў, гэта тэлевізар, які можна было пакласці ў кішэню. Папулярнымі яны былі ў кіроўцаў.
Што яшчэ? «Відэамагнітафоны і камеры, тэлефонныя апараты і факсы — усе яны сышлі на пенсію дзякуючы лічбаваму прагрэсу. А побач з імі старадаўняя друкаваная машынка: чым не прынтэр з убудаванай клавіятурай? Плюс газеты і часопісы той эпохі.
Ёсць у калекцыі і балалайка. Гавораць, вельмі добрая і якасная мадэль. Неяк на станцыю са сваім аўто заехаў вядомы гродзенскі выканаўца. «Дык ён нам на ёй міні-канцэрт зладзіў. Заслухаліся ўсе», — успамінае Казімір Сержан.
Калекцыя ўвесь час папаўняецца. Калі ў вас ёсць непатрэбная старая тэхніка, не спяшаецеся яе выкідваць, можаце прынесці сюды. У будучыні на станцыі жадаюць сістэматызаваць усе экспанаты, расставіць іх па гадах выпуску і прызначэнню, забяспечыць кожны таблічкай з падрабязнай інфармацыяй. Тады вывучаць усю гэтую рэтра-тэхніку стане яшчэ цікавей!