«Вільня не можа быць монаэтнічным горадам. Уся прыгажосць гэтага горада заключаецца ў тым, што ён не належыць ніводнаму народу цалкам. І адначасова належыць усяму свету».
Томас Венцлава
Знаны літоўскі інтэлектуал, паэт, перакладчык, эсэіст, дысідэнт і праваабаронца Томас Венцлава на сустрэчы з беларусамі ў Вільні падзяліўся сваімі думкамі пра перасцярогі ў Літве наконт так званага літвінізму, пра эміграцыю ды супольную спадчыну народаў ВКЛ.
Пра ўяўную пагрозу літвінізму
Нядаўна неяк абвастрыліся крыху стасункі літоўска-беларускія, пра гэта кажуць у газетах, у Сейме і ў розных іншых месцах. Знайшлі новага праціўніка. Былі праціўнікі палякі, быў праціўнік Пуцін, зараз праціўнік — беларускія літвіністы. То-бок, як я разумею, тая група беларусаў, якая лічыць, што Вялікае Княства Літоўскае было выключна беларускім і што Вільня, уласна кажучы, гэта сталіца Беларусі. Увогуле такія людзі ёсць.
Для нацыяналіста няма большай радасці, чым знайсці праціўніка. Я ўвогуле лічу нацыяналізм скрайне шкоднай з’явай. Прыкладна такой жа шкоднай, як камунізм. Вось пуцінскі нацыяналізм прывёў да пабоішча ва Украіне. Яму супрацьпастаўляюцца мясцовыя нацыяналізмы. Гэтага нельга рабіць — ні да чаго добрага гэта не вядзе. Супрацьпастаўляць пуцінскаму нацыяналізму трэба не нацыяналізмы, а дэмакратычныя ідэі, ідэю грамадзянскасці. Вось у Польшчы толькі што абвалілася нацыяналістычная ўлада, па ўсім, на гэтым тыдні пачнуць фармаваць урад на іншых прынцыпах. Я гэтаму вельмі рады, я лічу, што гэта правільна і што Польшчы гэта толькі дапаможа, у канчатковым выніку дапаможа і Літве, і Украіне, і Беларусі, і Расіі.
Нашы публіцысты, нашы парламентарыі, даволі многія, адразу сталі ў такую спецыфічную паляўнічую стойку: «З літвінізмам трэба змагацца, яму не трэба даваць волі, яго нада строга забараніць, можа нават пазбаўляць волі за такое і гэтак далей і гэтак далей». На мой погляд, гэта моцнае перагінанне палкі.
Я знаходжуся на літоўскім баку, я лічу, што маю права і нават абавязак крытыкаваць літоўскі бок. Нехта з беларусаў сказаў, што рабіць Вільню аднанацыянальнай — недарэчна і бессэнсоўна. Гэта таксама выклікала вельмі моцны пратэст сярод літоўцаў. Гэта было расцэнена як адмаўленне таго, што Вільнюс — літоўскі горад і літоўская сталіца. Я мушу сказаць, што я цалкам, на 100 адсоткаў з выказваннем таго беларуса згодны.
Вільня не можа быць монаэтнічным горадам. Увесь ягоны інтарэс, уся ягоная прыгажосць заключаецца ў тым, што гэты горад не належыць ніводнаму народу цалкам. І адначасова належыць усяму свету. Як Рым, як Іерусалім — вось ёсць такія гарады. І літоўцы павінны ганарыцца, што наша сталіца такая ж. Гэта выклікае складанасці, канечне, але хто сказаў, што жыццё мусіць быць лёгкім.
Я лічу, што зрабіць Вільню монанацыянальнай — значыць вырачы яе на правінцыйны лёс, на нейкае нецікавае існаванне. Спадзяюся, што гэтага не будзе. Я заўсёды казаў, што сапраўдны віленскі жыхар — гэта той, хто валодае больш-менш некалькімі мовамі, можна сказаць, літоўскай, польскай, рускай, альбо літоўскай, беларускай, польскай, раней можна было да гэтага спісу далучыць яшчэ ідыш. Але зараз на ідышы ўжо мала хто гаворыць. Амаль не засталося (носьбітаў) — і шкада, што не засталося.
Чытайце яшчэ: Русціс Камунтавічус: Гісторыя з літвінізмам — нейкае прыкрае непаразуменне, якое не мае нічога агульнага з навукай
На 100 адсоткаў беларускае. І на 100 адсоткаў літоўскае
У даволі працяглай па часе лекцыі Томас Венцлава падзяліўся сваім поглядам на гісторыю ВКЛ. Прынамсі, яна выкладзеная ў ягонай вядомай кнізе «Вільнюс. Горад у Еўропе». Томас Венцлава прытрымліваецца таго, што ВКЛ, чые князі былі балтамі, заўжды была дзяржавай не адной нацыі, пашырала свае землі на Усход дынастычнымі шлюбамі, пісьменнасць прыйшла ад русінскай часткі разам з усходняй галіной хрысціянства, Вільня выразна дзялілася на русінскую і літоўскую часткі, узаемаўплыў і ўзаемапранікненне балтаў і славян — бясспрэчная з’ява і г. д.
Усе гэтыя пытанні: чыё было ВКЛ, чый горад быў ад пачатку... Пытанне гэта невырашальнае. Неяк я гаварыў — даволі даўно — з беларускім дзеячам, нацыяналістам, як разумею, Сяргеем Харэўскім. Я запытаў у яго: «Як вы лічыце, наколькі ВКЛ было беларускім, наколькі літоўскім ці балцкім?». І Харэўскі адказвае: «На 100 адсоткаў — беларускае». Я паціснуў плячыма, здзівіўся і нават крыху абурыўся. Кажу: «Дык а літоўскага тады ў ВКЛ было нуль адсоткаў?». Сяргей Харэўскі адказвае: «Не. Літоўскага ў ВКЛ таксама было 100 адсоткаў». І вось тут я з ім практычна згодны.
Беларусы і літоўцы новага часу ўжываліся між сабой вельмі няблага, нават сем’і стваралі. Цётка выйшла замуж за Сцяпонаса Кайрыса, Вацлаў Ластоўскі ажаніўся з Марыяй Іванаўскайтэ (пісьменніца, вядомая пад псеўданімам Lazdynų Pelėda). Многія нават парываліся аднавіць ВКЛ, якое б складалася з дзвюх частак — Беларусі і Літвы. Верагодна, з Вільняй у якасці агульнай сталіцы. Гэта цікавая ідэя. Не выключана, што калі-небудзь, у далёкай будучыні, яна адродзіцца.
Літоўцам удалося аднавіць сваю дзяржаву, яна праіснавала больш, чым 20 гадоў, потым была акупаваная Саветамі, потым ізноў аднавілася. Беларусы паспрабавалі ў 1918–1919 гг., не атрымалася, аказаліся падзеленымі паміж Польшчай і СССР. Цяпер аднавілася беларуская дзяржава, але, на жаль, дзяржава гэтая зараз не такая, якой бы ўсім нам хацелася. Але тым не менш дзяржава ёсць, худа-бедна, вельмі худа-бедна, але ёсць. Спадзяюся, у будучым гэта зменіцца. Будзем мець дзве дзяржавы, гістарычна вельмі блізкіх, і, спадзяюся, сяброўскіх, прыязных адна да адной. Будзем спадзявацца. Ад нас гэта таксама залежыць, каб так стала.
Не супраць Вільні. Гэта ж горад без імя
Што да свежай спрэчкі паміж беларусамі пра «правільную назву» літоўскай сталіцы ў беларускай мове, то тут Томас Венцлава таксама за шматгалоссе.
Да XIX стагоддзя Вільня была таксама жаночага роду у літоўскай мове — Vilnia. Юозас Бальчыконіс, мой выкладчык у Віленскім універсітэце, лінгвіст з вялікімі заслугамі, аўтар слоўніка літоўскай мовы, быў прыхільнікам гэтага сцверджання, выводзячы назву ад рачулкі Вільні. Бальчыконіс, дарэчы, быў страшэнным літоўскім нацыяналістам — не баяўся казаць рызыкоўныя прамовы і пры Саветах, яго лічылі вар’ятам — і не чапалі.
Вільнюс прыйшоў у нашу мову ў 19 стагоддзі ў тым ліку і таму, каб больш аддзяліць сябе ад палякаў — Wilno , беларусаў — Вільня, рускіх — Вильна, габрэяў — Wilne. Вільнюс увайшоў вельмі грунтоўна ў літоўскую мову, але памятаць, што і ў літоўскай была Вільня як назва горада, карысна.
Мой сябар Чэслаў Мілаш назваў адну са сваіх кніг паэзіі — «Горад без імя». Гэта пра горад, у якога столькі імён, што сапраўднага аднаго імя і няма. Ён пісаў гэта пра Вільню.
Пра досвед выгнанніка
У сямідзясятыя гады Томас Венцлава актыўна ўдзельнічаў у дысідэнцкай дзейнасці — напісаў адкрыты ліст ЦК Кампартыі Літвы, меў дачыненне да стварэння ў 1976 годзе літоўскай Хельсінскай групы. У 1977 годзе з-за пераследу з боку савецкай улады эміграваў у ЗША. Быў пазбаўлены грамадзянства СССР. Выкладаў у Ельскім універсітэце.
У ЗША я сабе пабудаваў такі панцыр, які складаўся з літоўскай і рускай моваў, я гаварыў з сябрамі па-літоўску, там было шмат літоўцаў вакол, пісаў у літоўскую прэсу, выступаў у літоўскіх асяродках. Дома, паколькі мая жонка руская, гаварыў па-руску. Жонка, дарэчы, крыўдуе на мяне, што не вучыў ад пачатку літоўскай, вельмі шкадуе, што не гаворыць добра па-літоўску. Але ў Вільні ёй ніхто слова за гэта ў папрок не сказаў. Ды і яна спрабуе, пачынае размову па-літоўску.
Дэпрэсіі я не адчуваў. Я разумеў, што абсалютна адрэзаны ад Літвы, што я ніколі ў ёй не буду, ніколі не пабачу — гэта дапамагае. Калі ўсё адрэзана, то ніякай настальгіі ўжо няма. Бо бессэнсоўна. А калі праз 11 гадоў стала зразумела, што можна ў Літву вяртацца, можна ў ёй бываць — з’явілася настальгія. З’явілася жаданне бываць у Літве часцей, што і скончылася тым, што я ў 2018-м перабраўся дадому, калі выйшаў на пенсію з пасады выкладчыка ў Елі.
Але я разумею, што дэпрэсію эмігрантам можна адчуваць. Мой досвед кажа, што калі так адразаеш усё — я не вярнуся, гэта маё новае жыццё і я мушу жыць гэтым новым жыццём — то становіцца лягчэй. Калі жыць думкамі пра вяртанне, то будзе больш цяжка.
Дарэчы, калі я з’язджаў з Літвы, у мяне вельмі шмат заставалася сяброў-палітзняволеных у СССР. Не толькі літоўцаў. Сядзела Наталля Гарбанеўская, сядзеў Аляксандр Гінзбург, Андрэй Сахараў быў сасланы, іншыя сядзелі... Шмат маіх сяброў былі ў турмах. Гэта было цяжка, так. Я стараўся неяк пра іх пісаць, пісаў у амерыканскай прэсе, узгадваў у выступах — гэта крыху супакойвае сумленне, хаця не самае найлепшае супакаенне сумлення. Але ўсё ж лепш нешта рабіць, чым нічога не рабіць.
З Беларуссю цяжка. Цяжка напрарочыць, чым усё гэта скончыцца і калі ўсё гэта скончыцца. Не бяруся. Але ж тады я не мог і напрарочыць, чым скончыцца ўсё ў Савецкім Саюзе, чым скончыцца ў Літве. 11 год не мог. А потым усё стала мяняцца — і вельмі хутка.
Рыгор Сапежынскі, budzma.org
Чытайце яшчэ: Вільня і Вільнюс