Шляхам інтэрнэт-апытання вызначаныя таксама дзясятка найбольш уплывовых асоб часоў ВКЛ, топ-5 выбітных асоб часоў БНР, ёсць рэйтынгі дзеячоў іншых перыядаў беларускай гісторыі.
Кастусь Каліноўскі. калаж: БелСат
Цэнтр новых ідэй працягвае друкаваць вынікі аналізу матэрыялаў даследавання беларускай ідэнтычнасці. Першы артыкул — тут.
У траўні-чэрвені 2023 года даследаванне праводзілі Цэнтр новых ідэй і «Народнае апытанне» шляхам інтэрнэт-апытання. «У інтэрнэт-апытанні бралі ўдзел 4000 чалавек, 2127 з іх цяпер знаходзяцца ў Беларусі; яно праводзілася сярод пераважна прапратэснай часткі грамадства. Яшчэ адной асаблівасцю даследавання было тое, што людзі маглі выбіраць мову для адказаў на пытанні: беларускую ці рускую», — зазначае аўтар артыкулаў, сацыёлаг Генадзь Коршунаў.
Веды пра мінулае і адчуванне повязі эпох, відавочна, ёсць адным з кутніх камянёў нацыянальнай самасвядомасці. Тое, чым мы ёсць, шмат у чым залежыць ад таго, адкуль мы паходзім.
І тут не з’яўляецца нечаканасцю, што галоўным гістарычным падмуркам беларускай дзяржаўнасці апытаныя ў першую чаргу бачаць раннесярэднявечныя княствы: Полацкае і Турава-Пінскае (48%). На другім месцы — і з пункту гледжання гісторыі, і па колькасці выбараў — Вялікае Княства Літоўскае, Жамойцкае і Рускае (29%), а на трэцім месцы — Беларуская Народная Рэспубліка (9%).
Звяртае на сябе ўвагу, што і БССР, і сучасная Рэспубліка Беларусь на «падмуркі» не цягнуць, у такой якасці іх адзначыла крыху болей за 1%.
Найбольш уплывовымі апытаныя палічылі эпоху ВКЛ (70%), а таксама часы БНР і Рэчы Паспалітай (па 36%).
У даследаванні было і пытанне, якія асобы зрабілі найбольш на карысць Беларусі і беларусаў. Гэта было адкрытае пытанне, то-бок апытаныя пісалі свае адказы без аніякіх падказак.
ТОП-10 выбітных беларусаў і беларусак усіх часоў
Кастусь Каліноўскі
Францыск Скарына
Вітаўт
Леў Сапега (і цалкам род Сапегаў)
Тадэвуш Касцюшка
род Радзівілаў цалкам
Янка Купала
Пётр Машэраў
Станіслаў Шушкевіч
Еўфрасіння Полацкая
Чытайце яшчэ:
То агулам, але яшчэ цікава паглядзець на такі «пантэон герояў і гераінь» у разрэзе эпох, тым больш што пытанне пра асоб было звязана з папярэднім пытаннем пра ўплывовыя перыяды беларускай гісторыі.
Пачнем з эпохі, якую рэспандэнты(кі) адзначылі галоўнай па ўплыву на развіццё беларускага народу.
ТОП-10 найбольш уплывовых асоб часоў ВКЛ
Францыск Скарына
Вітаўт
род Сапегаў
род Радзівілаў
Міндоўг
Альгерд
Ягайла
Гедымін
Канстанцін Астрожскі
Мікола Гусоўскі
Зразумела, што гэта ўсё — вынік гістарычнай палітыкі і таго, што прапісана ў школьных падручніках. Але падаецца выбітным першае месца кніжніка Скарыны, які пасунуў уніз і вялікіх князёў, і вайсковых правадыроў.
Наступны па важнасці этап — часы БНР.
ТОП-5 выбітных асоб часоў Беларускай Народнай Рэспублікі
браты Антон і Іван Луцкевічы
Вацлаў Ластоўскі
Браніслаў Тарашкевіч
Клаўдзій Дуж-Душэўскі
Раман Скірмунт
З пералічаных тут асоб рэпрэсіі абмінулі толькі Івана Луцкевіча, бо ён памёр у 1919 годзе. А перажыў рэпрэсіі толькі Клаўдзій Дуж-Душэўскі. Астатнія былі забітыя.
За час Рэчы Паспалітай абодвух народаў абраны такі ТОП-5 асоб:
род Сапегаў
род Радзівілаў
Стэфан Баторы
род Агінскіх
Бона Сфорца
Топ-10 асоб Рэспублікі Беларусь
Станіслаў Шушкевіч
Зянон Пазняк
Васіль Быкаў
Святлана і Сяргей Ціханоўскія
Віктар Бабарыка
Аляксандр Лукашэнка
Алесь Бяляцкі
Святлана Алексіевіч
Марыя Калеснікава
Мікалай Статкевіч
Генадзь Коршунаў адзначае, што часцяком Аляксандр Лукашэнка ўносіўся рэспандэнт(к)амі ў спіс з пазнакай «антыгерой».
Топ-5 асоб перыяду раннесярэднявечных княстваў
Еўфрасіння Полацкая
Усяслаў Чарадзей
Рагвалод
Кірыла Тураўскі
Рагнеда
«Не магу не адзначыць, што гэта другі гістарычны перыяд, дзе чалавека кнігі (і жанчыну) апытаныя паставілі вышэй за людзей мяча (князёў-мужчын)», — заўважае аўтар.
Больш матэрыялаў пра Беларусь да новага часу можна паглядзець у рубрыцы «Гісторыя за 5 хвілін»
Спіс выбітных беларусаў і беларусак за часы СССР
Янка Купала
Пётр Машэраў
Якуб Колас
Уладзімір Караткевіч
Ларыса Геніюш
Спіс тых, што шмат даў Беларусі падчас яе знаходжання ў складзе Расійскай імперыі
Кастусь Каліноўскі
Тадэвуш Касцюшка
Адам і Максім Багдановічы
Францішак Багушэвіч
Адам Міцкевіч
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч
Марк Шагал
Эмілія Плятэр
Эліза Ажэшка
Як мяркуюць апытаныя, за часамі Расійскай імперыі над нашымі землямі галоўнымі героямі і гераінямі Беларусі былі тыя, хто змагаўся супраць гэтага.