Зіма не нагода адкладаць знаёмства з турыстычнымі цікавосткамі нашай краіны. Калі не фізічна, то хаця б віртуальна прапануем працягнуць вандраваць разам з намі. Сёння распавядзем пра 10 самых адметных каталіцкіх храмаў Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці.
Фота: planetabelarus.by
Гудагай
1. Касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі
Найперш на Астравеччыне прапануем завітаць у вёску Гудагай, дзе ажно з XVIII стагоддзя захаваўся драўляны касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі. Сярод месцічаў існуе паданне, што фундавала тут будаўніцтва першага храма на месцы каплічкі, спаленай падчас Паўночнай вайны, аўдавелая жонка колішняга гаспадара мястэчка Міхала Козел-Паклеўскага Людвіка. Працяглы час у сне да яе прыходзіў забіты былы муж, і каб супакоіць ягоную душу, Людвіка фундавала ўзвядзенне храма, які 19 студзеня 1764 года быў асвечаны ў гонар Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі. Тады ж у касцёл патрапіў і цудадзейны абраз Маці Божай Гудагайскай, які быў размешчаны на галоўным алтары.
Фота: planetabelarus.by
Людвіка і наступны яе муж, Юзаф Война, назаўсёды перадалі Гудагай і мясцовы касцёл ва ўласнасць ордэна кармелітаў босых, якіх запрасілі сюды. Тыя пабудавалі сабе кляштар і апекаваліся паселішчам ажно да ХІХ стагоддзя, але пасля паўстання 1830–1831 гг. улады Расійскай імперыі кляштар скасавалі, касцёл быў зачынены, а абраз Маці Божай Гудагайскай перавезлі ў Ашмяны. Толькі ў 1906 годзе гудагайская парафія была адноўлена, і абраз зноў вярнуўся ў касцёл.
Абраз Маці Божай Гудагайскай, XVI ст.
Касцёл 1764 года са званіцай, узведзенай у 1900 годзе, збярогся ў Гудагаі да нашых дзён, яго можна пабачыць у вёсцы і сёння ў добрым стане. Храм з’яўляецца помнікам драўлянага дойлідства і ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Унутры храма варта звярнуць увагу на алтары канца XVIII стагоддзя, выкананыя ў стылі ранняга класіцызму ды, вядома, на цудадзейны абраз Маці Божай Гудагайскай, напісаны, меркавана, у XVI стагоддзі. Кляштар кармелітаў босых у стылі барока, на жаль, не захаваўся, быў зруйнаваны неўзабаве пасля скасавання.
Фота: planetabelarus.by
Астравец
2. Касцёл Святых Казьмы і Дзям’яна
Далей рушым у Астравец. Тут да нашага часу захаваўся касцёл Святых Казьмы і Дзям’яна ў стылі класіцызм, пабудаваны ў XVIII стагоддзі. Папярэднічаў яму драўляны касцёл 1616 года пабудовы, узведзены на сродкі тагачаснага гаспадара Астраўца Яна Корсака разам з дамініканскім кляштарам. На жаль, падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай будынкі згарэлі, але ўжо ў 1785–1786 гадах на сродкі Гілярыя Цішэўскага пачалося ўзвядзенне новага, ужо мураванага комплекса будынкаў, ад якога захаваўся касцёл, які можна пабачыць у Астраўцы і сёння.
Фота: planetabelarus.by
Унутры храма варта звярнуць увагу на алтар, у якім размяшчаюцца 13 каштоўных абразоў XVIII — XIX стагоддзяў. Кляштар пры касцёле праіснаваў нядоўга, да 1832 года, і быў зруйнаваны расійскімі ўладамі пасля Лістападаўскага паўстання.
Пасля Студзеньскага паўстання, у 1866 годзе, касцёл быў перароблены пад праваслаўную царкву. Да мясцовай каталіцкай парафіі будынак вярнуўся толькі ў міжваенны час за польскай уладай.
Фота: vetliva.by
3. Касцёл Адшукання Святога Крыжа
У ХХ стагоддзі на сродкі мясцовых парафіянаў у Астраўцы быў узведзены яшчэ адзін помнік архітэктуры, які захаваўся да нашых дзён — касцёл Адшукання Святога Крыжа. Храм збудаваны ў неараманскім стылі з цэглы. Бажніца была асвечана ў 1911 годзе. Пасля Другой сусветнай вайны савецкія ўлады зачынілі храм ды ператварылі яго ў сховішча. Толькі ў 1994 годзе будынак вярнуўся да вернікаў.
Фота: valatsuga.by
Варняны
4. Касцёл Святога Юрыя
Далей рушым у Варняны, дзе пабачым касцёл Святога Юрыя, які нягледзячы на перабудову ХІХ і ХХ стагоддзяў, выкарыстанне ў якасці клуба за савецкім часам, захаваў свой аўтэнтычны познебарочны выгляд з 1769 года. Храм узведзены на месцы ранейшага касцёла 1462 года, які напрыканцы XVІ стагоддзя быў пераўладкаваны пад кальвінскі збор тагачасным гаспадаром Варнянаў Янам Абрамовічам. Ён быў уплывовым грамадскім, палітычным, рэлігійным дзеячам свайго часу, напрыканцы XVI стагоддзя — адным з лідараў Рэфармацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Неўзабаве пры кальвінскім зборы былі адчынены шпіталь і школа.
Фота: poshyk.by
Унук Яна Абрамовіча — Самуэль Абрамовіч — прыняў каталіцкую веру і перарабіў у 1654 годзе кальвінскі збор зноў пад касцёл.
З XVIII стагоддзя да 1842 года ў Варнянах служылі манахі ордэна Святога Роха. За імі і быў узведзены касцёл, які можна пабачыць тут сёння. Унутры касцёла варта звярнуць увагу на роспіс храма і абразы рукі слыннага мастака Сымона Чаховіча і ягоных вучняў.
Фота: planetabelarus.by
Варона
5. Касцёл Святога Юрыя
Сёння асноўнай славутасцю Вароны з’яўляецца касцёл Святога Юрыя, які хавае ў сабе шмат таямніцаў. Даследчыкі па сёння спрачаюцца, калі і кім ён быў збудаваны. Справа ў тым, што да сярэдзіны XVII стагоддзя вёска мела назву Варняны, як і яшчэ дзве суседнія вёскі, таму вакол таго, што насарэч адбывалася ў сённяшняй Вароне, да гэтага часу існуе шмат блытаных звестак. Адпаведна, і гісторыя касцёла мае шмат супярэчнасцей.
Фота: planetabelarus.by
Паводле адной з версій, узводзіўся гэты храм першапачаткова ў ХVI—XVII стст. як кальвінскі збор, і толькі ў 1680-х гадах быў пераасвечаны ў каталіцкі. Меркавана, тады вонкавы выгляд будынка таксама быў зменены ў стылі позняга барока, але і сёння ў ім можна заўважыць сціплыя рысы пратэстанцкіх храмаў. Падчас Другой сусветнай вайны будынак моцна пацярпеў, ад яго засталіся толькі сцены. Дзякуючы мясцовым парафіянам і ксяндзу Здзіславу Пікулю сёння касцёл Святога Юрыя адрэстаўраваны і адчынены для вернікаў ды ўсіх цікаўных.
Фота: planetabelarus.by
Быстрыца
6. Касцёл Узвіжання Святога Крыжа
Далей рушым у вёску Быстрыца да Крыжаўзвіжанскага касцёла 1760 года пабудовы, архітэктарам якога з’яўляецца знакаміты Ян Глаўбіц. Вядома, што драўляны храм, на месцы якога ўзведзены касцёл, які можам пабачыць у Быстрыцы сёння, быў закладзены тут адным з першых на тэрыторыі сучаснай Беларусі у 1390 годзе князем Ягайлам для патрэбаў ордэна канонікаў рэгулярных, ці белых аўгусцінаў.
У 1523 годзе па фундацыі Жыгімонта Старога на месцы папярэдняга касцёла быў пабудаваны новы мураваны, ужо парафіяльны храм, бо айцам-аўгусцінцам было загадана пакінуць Быстрыцу з-за «неналежных паводзінаў ды злоўжывання службовым становішчам». Быстрыцкая парафія імкліва пашыралася, ды стары касцёл ужо не змяшчаў вялікай колькасці вернікаў. Таму ў 1760 годзе Крыжаўзвіжанскі касцёл быў перабудаваны ў стылі віленскага барока паводле праекта архітэктара Яна Глаўбіца.
Фота: planetabelarus.by
Пасля апошняга падзелу Рэчы Паспалітай Быстрыца ўвайшла ў склад Расійскай імперыі, але касцёл працягваў дзейнічаць. Неўзабаве пасля паўстання 1863–1864 гадоў быў зачынены і перададзены праваслаўным. У гэты час касцёл быў перабудаваны, над ім узведзены купалы-цыбуліны. Да каталіцкіх вернікаў будынак вярнуўся ў міжваенны час, тады і быў адноўлены ягоны аўтэнтычны выгляд, які мы можам пабачыць і сёння.
Фота: planetabelarus.by
Кемелішкі
7. Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі
Далей рушым у вёску Кемелішкі, дзе варта звярнуць увагу на касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, першапачаткова ўзведзены ў 1781 годзе на месцы больш старажытнага храма. Вядома, што касцёл быў істотна перабудаваны ў 1900 годзе, праз тое спалучае ў сабе адначасова рысы розных архітэктурных стыляў. Храм быў збудаваны па фундацыі Станіслава Прушынскага. Вядома, што ў 1866−1869 гадах тут служыў пробашчам вядомы рэлігійны дзеяч, гісторык рыма-каталіцкай царквы Ян Курчэўскі. У 1931 годзе пры касцёле існаваў кляштар місіянерак.
Фота: planetabelarus.by
Сённяшні храм — помнік архітэктуры барока, які пасля згаданай перабудовы набыў рысы, уласцівыя мадэрну і неакласіцызму. Паводле меркавання некаторых даследчыкаў, будынак варта аднесці да панёманскага тыпу драўлянага сакральна-манументальнага дойлідства, прадстаўнікамі якога таксама з’яўляюцца касцёлы ў Дудах Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці, Хоўхлаве Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці.
Унутры касцёла ў Кемелішках варта звярнуць увагу на шэраг захаваных па сённяшні дзень з XVIII стагоддзя палотнаў: «Арханёл Міхаіл», «Уручэнне ружанца Святому Дамініку», партрэты фундатараў касцёла і іншыя. Сёння касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Фота: planetabelarus.by
Жукойні-Жалядскія
8. Касцёл Маці Божай Шкаплернай
Гісторыя мясцовага храма пачалася ў 1621 годзе, калі тагачасны гаспадар паселішча Войцех Хлюдзінскі запрасіў у Жаляддзе, так тады называўся маёнтак, ордэн кармелітаў і праз год фундаваў узвядзенне тут першага драўлянага кармеліцкага касцёла. За кармелітамі касцёл шмат разоў пашыраўся і перабудоўваўся, а калі беларускія землі патрапілі пад уладу Расійскай імперыі, ордэн быў скасаваны. Пасля Студзеньскага паўстання касцёл быў перароблены пад царкву, а ў 1908 годзе праз нядбайнасць святара згарэў.
Фота: fotobel.by
На месцы згарэлага будынка ў 1912 годзе быў узведзены новы, які мы можам пабачыць сёння. Касцёл быў асвечаны ў гонар Маці Божай Шкаплернай. Калі напачатку Другой сусветнай вайны Жукойні-Жалядскія занялі бальшавікі, мясцовага ксяндза саслалі ў Сібір. З 1948 годзе храм быў зачынены. У 1989 годзе намаганнямі мясцовых парафіянаў будынак
быў вернуты вернікам.
Сённяшні касцёл Маці Божай Шкаплернай — помнік архітэктуры гістарызму. Унутры варта звярнуць увагу на тры алтары: галоўны драўляны і два бакавыя, выкананыя ў стылі неабарока. У адным з іх месціцца абраз Св. Язэпа, напісаны ажно ў 1720 годзе.
Фота: fotobel.by
Міхалішкі
9. Касцёл Міхаіла Арханёла
Гісторыя храма ў Міхалішках распачалася ў 1622 годзе, калі тагачасны гаспадар паселішча Ян Цыпрыян Бжастоўскі фундаваў тут будаўніцтва кляштара аўгусцінаў і шпіталя пры ім. Барочны кляштар, як і сядзіба Бжастоўскіх, былі зруйнаваныя за савецкім часам, але мураваны касцёл, асвечаны ў гонар Міхаіла Арханёла, які на той час лічыўся галоўным заступнікам ВКЛ, узведзены пры кляштары ў 1653 годзе ў стылі сармацкага барока, захаваўся да нашых дзён. Касцёл быў спраектаваны выбітным віленскім архітэктарам Кшыштафам Пенсам. Храм у Міхалішках — першы на нашай тэрыторыі, узведзены ў стылі сармацкага барока. Кампазіцыя касцёла вылучаецца сваёй сціпласцю, масіўнасцю, манументальнасцю. Храм аддалена нагадвае некаторыя храмы абарончага тыпу, але насамрэч ніякай абарончай функцыі будынак не меў.
Фота: planetabelarus.by
Моцна ўражвае кантраст паміж аскетычным знешнім выглядам касцёла і ягоным унутраным аздабленнем у стылі барока, зробленым напрыканцы ХVII стагоддзя. Варта звярнуць увагу на барэльефы касцёла, што былі створаны ў 1684–1700 гадах і ў арыгінальным выглядзе захаваліся па сёння.
У 1832 годзе, пасля Лістападаўскага паўстання, кляштар аўгусцінаў ліквідавалі, а храм стаў парафіяльным. Касцёл быў пашкоджаны па Першай сусветнай вайне, але за польскім часам, у 1920-я, адрэстаўраваны. Такім мы можам пабачыць яго сёння ў вёсцы Міхалішкі.
Фота: planetabelarus.by
Гервяты
10. Касцёл Найсвяцейшай Троіцы
Сёння асноўнай славутасцю Гервятаў з’яўляецца неагатычны касцёл Найсвяцейшай Тройцы, збудаваны ў 1899–1903 гг. на сродкі князя Альшэўскага, самы высокі ў Беларусі. Ягоная вышыня больш за шэсцьдзесят метраў, амаль з дваццаціпавярховы дом. Месца ўзвядзення храма было абранае не надта ўдала: грунтовыя воды ўвесь час размывалі падмурак. Каб выправіць сітуацыю, будаўнікі былі вымушаны змяніць рэчышча ракі Лоша, на якой размяшчаюцца Гервяты. А на яе беразе адмыслова пад патрэбы будаўніцтва касцёла была ўзведзена цагельня. Шпіль касцёла завершаны крыжам, які здалёк падаецца маленькім, але насамрэч мае вышыню каля шасці метраў. Касцёл не атынкаваны, апроч вокнаў і часткова вежаў, ён уражвае вялікай колькасцю гатычных элементаў, з нагоды чаго яго часта параўноўваюць з Кёльнскім саборам. Адметна, што з моманту асвячэння касцёл Найсвяцейшай Тройцы не зачыняўся і дзейнічаў нават за савецкім часам.
Фота: planetabelarus.by