Пра ТОП-10 самых вялікіх дубоў Беларусі па версіі Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф Купрэвіча НАН Беларусі піша planetabelarus.by.
Спрадвеку старыя дрэвы былі аб’ектам глыбокай пашаны і ў першую чаргу гэта датычылася дубоў. З-за плотнай драўніны яны марудна растуць, але паспяхова супрацьстаяць непагадзі і хваробам. Легенды пра тысячагадовыя дубы, якія заўзята распавядаюць жыхары некаторых вёскаў, вядома, моцна перабольшаныя, але ж у некаторых з прадстаўнікоў атрымалася пражыць не адно стагоддзе і дасягнуць сапраўды істотных памераў.
Аднак адразу варта зазначыць што рэкордная частка акружнасці ствала яшчэ ня робіць дуб самым старым. Дрэвы, што растуць на адкрытай прасторы, дзе ім хапае сонечнага святла для фотасінтэзу, аддаюць перавагу таму, каб павялічвацца ўшыркі, у той час, калі тыя, што растуць у лесе і вымушаны канкураваць з суседзямі, мусяць клапаціцца аб сваёй вышыні. З-за таго, што падлічыць агульны аб’ём драўніны складана, падчасі вызначэння лідараў, аддаецца перавага самаму простаму спосабу — вымераць перыметр ствала дрэва.
Зялёныя старажылы, зазвычай, маюць статус помніка прыроды (рэспубліканскага ці мясцовага значэння). Іх пошукам і вывучэннем займаюцца супрацоўнікі Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В. Ф. Купрэвіча НАН Беларусі ў межах адмысловага праэкта, у якім канцэнтруецца інфармацыя пра векавыя дубы. Прадстаўляем іх версію ТОП-10 самых вялікіх дубоў Беларусі.
Ганаровае першае месца сярод іх займае дуб, які нават мае уласнае імя — Якуб. Гэтае дрэва можна пабачыць на выгане, што месціцца побач з вёскай Казлы (Нясвіжскі раён). Акружнасць ягонага ствала складала 810 см, а ўзрост — 230 гадоў. Перыядычнае мінеральнае ўгнаенне глебы суседніх палёў дазваляе гэтаму дубу хутка расці, хаця стан ягонага «здароўя» і вызначаецца як саслаблены. З-за вялікай плошчы кроны падчас моцных вятроў Якуб губляе галіны і першага парадку таксама. Аднак, казаць пра сур’ёзныя праблемы пакуль рана, так што ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі ён наўрадці саступіць лідарства.
Заўважна адстае дуб «Пятровіцкі», чый ствол дасягае ў ахопе 750 см, а ўзрост — 220 гадоў. Варта адзначыць, што гэты зялёны волат знаходзіцца ў выдатным стане і дэманструе самыя высокія паказчыкі прыросту. Так што ў пераспектыве (няхай і ў дастаткова аддаленай) ён, цалкам верагодна, можа стаць самым вялікім дрэвам Беларусі. Застаецца дадаць, што дуб «Пятровіцкі» расце на месцы колішняй сядзібы Дзяконскіх. Яна не захавалася да нашых дзён, так што сёння гэтае дрэва лічыцца галоўнай славутасцю вёскі Пятровічы (Жабінкаўскі раён). Пабачыць яго можна наўпрост на цэнтральнай вуліцы, паміж мясцовым клубам і жылым домам.
За тыя 300 год, што існуе дуб «Бабровіцкі», перыметр ягонага ствала дасягнуў 735 см. Гэтае дрэва расце на могілках, што месцяцца побач з вёскай Бабровічы (Івацэвіцкі раён). Той факт, што побач раслі іншыя векавыя дубы, няхай і не такіх істотных памераў, дае падставы меркаваць, што некалі тут быў лес. На жаль, ініцыятыва па выкарчоўванні дрэваў на могілках не мінула маленькай могілкавай дубравы — усе дубы, апроч самых буйных, былі выкарчаваныя. Паводле раны, якой працяты ўвесь ствол, не складана здагадацца, што дуб «Бабровіцкі» пацярпеў ад удару маланкі, але, ня гледзячы на тое, ён працягвае жыць і расці. Дзякуючы таму, што ніжнія галіны пачынаюцца блізка да зямлі, гэтае дрэва выглядае яшчэ больш уражліва.
Здымкі Сяргея Плыткевіча даюць магчымасць пабачыць, як дуб «Бабровіцкі» змяняўся за апошнія дваццаць год.
Дуб у Бабровічах, 28 чэрвеня 2005
Дуб у Бабровічах 4 красавіка 2017 года
Дуб у Бабровічах 17 красавіка 2022 года
Бабровічы, спілаваныя дубы
Але мы працягваем наш рэйтынг і прадстаўляем дуб 230 гадовага ўзросту, які ўпрыгожвае вёску Вялікія Круговічы Ганцавіцкага раёна. Ён займае ганаровае чацвёртае месца. 720 м — такі перыметр ягонага ствала, а агульная вышыня — больш за 27 м. Гэтае дрэва мае троху пажыўшы выгляд: некаторыя галіны першага парадку ссохлі, з двух вялікіх дуплаў адно забетанаванае, а іншае зачынена. Такім чынам аб здароўі гэтага дуба клапоцяцца, так што ён можа паріснаваць яшчэ не адно стагоддзе. Агулам ягоны стан лічыцца задавальняючым. Шырыня гадавых кольцаў сведчыць пра тое, што дрэва, хутчэй за ўсё, напрацягу ўсяго жыцця расло адасоблена і не вытрымлівала істотнай канкурэнцыі з боку суседзяў.
Поўнач Беларусі — не зусім тое месца, дзе шмат хто чакае знайсці дубы-волаты. Тым ня менш, у ваколіцах вёскі Вышнарава (Верхнядзвінскі раён) расце 260-гадовы дуб з перыметрам ствала 680 сантыметраў.
Паабапал яго адкрытая мясцовасць, якая забяспечвае добры агляд. У спалучэнні з моцна раскінутай кронай і невялікай вышынёй гэта робіць дуб «Саханаўскі» адным з самых прыгожых у Беларусі. Гадавы прырост перавышае 3 міліметры, што з’яўляецца дастаткова высокім паказчыкам, дазваляючы ацэньваць стан гэтага зялёнага волата як задавальняючы.
Цар-дуб «Пажэжынскі» пражыў ужо 380 год, а перыметр ягонага ствала за гэты час павялічыўся да 625 сантыметраў. Супярэчнасці паміж ўзростам і памерамі дрэва тлумачацца тым, што яно расце пасярод лесу, і, прынамсі, на пачатку свайго жыцця было вымушана змагацца з іншымі дрэвамі за сонечнае святло. З гэтай мэтай цар-дуб «Пажэжынскі» выгадаваў высокі ствол. Уражлівага выгляду яму дадаюць магутныя карнявыя лапы, што выпіраюць з зямлі. Няхай да першага месца гэтаму волату далёка, ён ганарова мае статус самага старога дуба ў Беларусі (няхай і раней памылкова лічылася, што ягоны ўзрост перавышае 800 год).
Фота: Ірына Вазнячук
Пажэжынскае лясніцтва (Маларыцкі раён) можа пахваліцца і яшчэ адным рэкардсмэнам. Дуб-патрыярх, што таксама расце на ягонай тэрыторыі, мае ўзрост 340 год і дасягае ў дыяметры 620 сантыметраў. Дзякуючы настолькі ўплывовым памерам ён істотна вылучаецца сярод шэрагу дрэваў, што знаходзяцца побач з ім. Дуб-патрыярх «Пажэжынскі», які мае статус помніка прыроды, можна пабачыць у 2 кіламетрах на захад ад вёскі Старое Раматава. Раней ягоны ўзрост таксама перабольшвалі. Аднае гэтае дрэва няхай і «памаладзела» ўдвая, але ж заслугоўвае ўвагі. Датсаткова ўявіць сабе, што яно было сведакам Паўночнай вайны і падзелаў Рэчы Паспалітай.
Пасярод Брыцалавіцкай пушчы расце дрэва, якое заслужыла ганаровы тытул «Цар-дуб Магілёўшчыны». Няхай перыметр ягонага ствала складае «усяго» 584 сантыметры, гэты зялёны волат, каторы пражыў ужо 250 гадоў, роўны па вышыні з 15-павярховы будынак. Ці варта здзіўляцца таму, што паводле з расповедаў месцічаў, падчас Другой сусветнай вайны партызаны выкарыстоўвалі яго ў якасці агляднай вежы (дзеля чаго да ствала прымацавалі драўляныя прыступкі). Знайсці дуб Брыцалавіцкі ня проста: бліжэйшы населены пункт — вёска Ражнетава. Яна месціцца за 3 кіламетры на паўднёвы-ўсход, а само дрэва знаходзіцца ў гушчары пушчы.
Шчорсаўскае лясніцтва (Наваградскі раён) можа пахваліцца 220-гадовым дубам, дыяметр якога складае 518 сантыметраў. Яно займае надпоймавую пляцоўку, што ўзвышаецца над берагам Нёмана. Каб уявіць сабе магутнасць дрэва, дастаткова сказаць, што плошча ягонай кроны перавышае 300 м2, а яе максімальная шырыня — 12 метраў. Няхай стан дуба і вызначаецца як аслабелы (з-за ссыхання асобных галінаў), ён дэманструе стабільны штогадовы прырост.
Дуб-волат, што месціцца на тэрыторыі Быхаўскага лясгасу, пражыў ужо больш за два стагоддзі, а перыметр яго ствала складае 514 сантыметраў. Гэта значыць, што нават трох дарослых людзей не будзе дастаткова, каб абхапіць гэтае дрэва, што мае вышыню 35 метраў (цікава, што траціна ствала пазбаўлена жывых галінаў, якія не вытрымалі зацянення і адмерлі). Верагодней за ўсё, дрэва плануе пражыць яшчэ столькі ж ці нават болей: гадавы прырост вызначаецца як нармальны, а гэта ў сваю чаргу сведчыць пра добры стан «здароўя» зялёнага волата.
Узрост усіх пералічаных дубоў навукоўцы вызначылі з дапамогай так званых кернаў. Дзеля іх атрымання з дапамогай адмысловага інструмента высвідроўвалася частка драўніны, што змяшчала гадавыя кольцы. Менавіта іх падлік і дазваляе вызначыць з максімальнай дакладнасцю, колькі пражыла тое ці іншае дрэва (у той жа час ніякай сур’ёзнай шкоды яму не чыніцца).
Між тым гэты рэйтынг, магчыма, ужо бліжэйшым часам прыйдзецца скарэктаваць, паколькі рэдакцыі нашага парталу вядома яшчэ два дрэвы, якія цалкам заслугоўваюць месца ў ім (нахай гэтыя дрэвы і не даследваныя навукоўцамі).
Дуб, што расце на падворку адной з хатаў у вёсцы Аброва ў Івацэвіцкім раёне, мае дыяметр ствала 724 сантыметры.
Не на шмат адстае ад яго іншы волат, які расце ў вёсцы Прынта (Вілейскі раён) і мае дыяметр 720 сантыметраў. Абодва дрэвы пасля даследвання іх навукоўцамі цалкам могуць апынуцца ў ТОП-5 самых вялікіх дубоў Беларусі.
Асабліва хацелася б адзначыць дуб у вёсцы Паромец, які мае неафіцыйную назву паромецкі Шыва. Усё з-за ягоных раскіданых у розныя бакі галінаў, што робяць гэтае дрэва падобным да шматрукага боства з індуісцкай міфалогіі.
Чытайце па тэме: Дуб-волат збіраюцца пазбавіць статусу помніка прыроды